Мацяры́к1 ’вялікая частка сушы, якая абмываецца марамі і акіянамі’, ’пласт зямлі пад глебай’ (ТСБМ). Запазычана з рус. материк ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое (паводле Бернекера, 2, 25) з рус. матерой, матёрый. Параўн. таксама яшчэ ст.-рус. материкъ ’высокая мясціна (у процілегласць нізкаму месцу)’, ’высокі бераг ракі ці возера’. Усходнеславянскае.

Мацяры́к2 ’мат, лаянка’ (Юрч.). Зваротнае ўтварэнне ад рус. материться, якое да матер‑, маці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мелодыя ’напеў, матыў’, ’музыкальнасць, меладычнасць’ (ТСБМ), ст.-бел. мелодийный (XVII ст.) ’меладычны’, меледия ’мелодыя’ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. melodyja, якое з с.-лац. melōdia < ст.-грэч. μελῳδία ’спосаб спявання’ < μέλος ’песня’ + ᾠδή ’спяванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 165; Фасмер, 2, 596). Памылкова Крукоўскі (Уплыў, 77) выводзіць бел. лексему з рус. мелодия ’тс’, якое запазычана са ст.-бел. ці ст.-польск. мовы (Мольнар, SSlav., 6, 1966, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мета́л, мята́л, міта́л ’простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, праводнасць цеплыні і электрычнасці’ (ТСБМ; бабр., Воўк-Лев.; драг., Жыв. сл.). Ст.-рус. металъ, метала (металя) ’тс’ (XVI ст.). Праз ням. Metall ці франц. métal з лац. metallum ’метал’, ’мінерал, выкапень’, ’руднік’, якое са ст.-грэч. μέταλλον ’руднік’ (Фасмер, 2, 609). Крукоўскі (Уплыў, 83) бел. лексему выводзіць з рус. мовы. Не выключана і пасрэдніцтва польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мушке́т1 ’старажытнае буйнакалібернае ружжо з кнотам для запальвання замка’ (ТСБМ, БелСЭ), ’самаробны пісталет’ (Бяльк.). Сучасная форма з рус. мушкет ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 86). Аднак ст.-бел. мушкетъ ’тс’ (1616 г.) запазычана са ст.-польск. muszkiet, якое з франц. mousquet ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 69).

Мушке́т2 ’бузіна, Sambucus L.’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, ад мушкат, мускат (ст.-бел. мушкатела ’сорт віна і вінаграду’) паводле падабенства (ягады, колер?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўто́бус (БРС). Новае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 78) з ням. Autobus, якое з франц. autobus; утворана з auto ’аўтамабіль і суфіксальнага элемента ‑bus (адсечаная канцавая частка з omnibus ’экіпаж для ўсіх’), гл. Шанскі, 1, А, 31, дзе насуперак Фасмеру, 1, 60, адмаўляецца па гістарычных прычынах польскае пасрэдніцтва. Пра элемент ‑бус гл. таксама Лапіна, РР, 1968, 5, 110–111; Брагіна, Неологизмы в рус. яз., M., 1973, 188–190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́дчы ‘хто вядзе следства’ (ТСБМ). Крукоўскі (Уплыў, 119) безпадстаўна лічыць калькай рус. сле́дователь, параўн. польск. śledczy ‘тс’ і іншыя назвы службовых асоб, шырока вядомыя ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай (ст.-бел. ловчий ‘арганізатар вялікакняжацкага палявання’, крайчий ‘прыдворны, які разразаў ежу, што падавалася вялікаму князю’, а таксама створанае па гэтай мадэлі мостовничий, сокольничий і пад.). Параўн. і народнае следзі́ць ‘асочваць’: пошлі следзщь по следам, то нашлі (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інвалі́д. Першакрыніца: лац. invalidus ’бяссільны, нядужы’. Для беларускай пасрэднікам магла быць руская (Крукоўскі, Уплыў, 72) ці польская мова. У рускай инвалид у першай палавіне XVIII ст. з франц. invalide (Шанскі, 2, I, 66; Фасмер, 2, 130; Біржакова, Очерки, 363). На карысць польскай крыніцы ст.-бел. инвалидовати ’адмяняць’ (1637 г.) < ст.-польск. inwalidować < с.-лац. invalidare (Булыка, Лекс. запазыч., 30). У польскай была вядома форма inwalid без ‑a на канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прало́г1 ’дарога, вымашчаная дошкамі’ (Мат. Гом.). Рус. пролог ’даліна, лагчына ў гарах’. Бязафіксны назоўнік ад *пралагаць, параўн. пралажыць < лажыць (гл.). Разыходжанні ў семантыцы ўказваюць на самастойнае ўтварэнне пры прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі.

Прало́г2 ’уступная частка літаратурнага ці музычнага твора’ (ТСБМ). Праз рус. пролог ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 85) з ням. Prolog або франц. prologue, якія, у сваю чаргу, праз лац. prologus узыходзяць да грэч. πρόλογος (гл. Фасмер, 3, 375).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́рка1 ’пакаранне розгамі’ (Нас.). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад па́рыць < па́ра1 (гл.). Адносна семантыкі параўн. чэш. napařiti ’пакараць’, першапачаткова ’пакараць розгамі, якія клаліся ў гарачую ваду, каб распарыліся’.

Па́рка2 памяншальнае да па́ра2 (Нас.), ’пара коней’ (Янк.), ’двайны колас, спарыш’ (ТС). Да пара2 з суф. ‑к‑.

Па́рка3 ’парка (адзенне)’ (ТСБМ). Праз рус. па́рка (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з нямецкага parka ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 207).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ліхтан, ст.-бел. лихтанъ (XVI ст.) ’невялікае, дапаможнае грузавое судна’ запазычана са ст.-польск. lichtan ’баржа’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120), якое з ням. прус. licht(er)kahn, lidgan (Слаўскі, 4, 232–233). У сучаснай бел. мове заменена словам ліхтэр < рус. ли́хтер ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), запазычанае ў пачатку XVIII ст. з гал. ці н.-ням. lichter, новав.-ням. Leichter ’пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’ (Фасмер, 2, 506).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)