ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.

2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.

3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.

•••

І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кан’юнкту́ра

(с.-лац. conjunctura)

1) сукупнасць умоў, становішча, абставіны, якія склаліся ў той ці іншай галіне дзейнасці, напр. у палітыцы, эканоміцы, гандлі, уплываюць на ход якіх-н. падзей, спраў (напр. спрыяльная к.);

2) сукупнасць прымет, якія характарызуюць стан эканомікі, фінансавых адносін за пэўны перыяд развіцця дзяржавы (напр. к. рынку).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фу́нкцыя

(лац. functio = выкананне)

1) прызначэнне, роля, задача аб’екта ў пэўнай сістэме адносін (напр. ф. матора);

2) абавязак, кола дзейнасці, работа (напр. службовыя функцыі);

3) мат. залежная пераменная велічыня, якая змяняецца ўслед за змяненнем другой велічыні (аргумента 2);

4) фізіял. спецыфічная дзейнасць органа або арганізма (напр. ф. сэрца).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.К.Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫ ў Празе,

грамадская арг-цыя бел. эмігранцкай інтэлігенцыі.

Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.

Л.П.Мірачыцкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),

палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт. арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в. Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв. к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.

В.І.Боўш.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ НАСТА́ЎНІК ПРАЦУ́ЮЧАЙ МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1976—81 высокакваліфікаваным настаўнікам прац. моладзі за вял. заслугі ў навучанні юнакоў і дзяўчат прафес. майстэрству і выхаванні ў іх камуніст. адносін да працы, высокіх ідэйных і маральных якасцей. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 10.6.1975.

Заслужаныя настаўнікі працуючай моладзі Беларускай ССР

1976. І.Д.Кур’ян, В.І.Палонік, Г.М.Рагіла, М.В.Тоўсты.

1977. М.М.Абраменка, М.І.Балеў, У.П.Босы, В.Ц.Дудзіна, І.І.Іваноў, І.Т.Касьянюк, С.Ю.Навумік, В.Х.Падашэўка, І.Я.Парфёненка, Л.В.Сакоўскі, Л.А.Тозік, У.Л.Швароў, Б.Б.Юзафовіч.

1978. В.П.Булава, А.Л.Валодзін, Н.А.Васілюк, Н.У.Дарашэвіч, В.Е.Дзенісенка, М.В.Дзямідаў, Л.А.Дзятлава, Л.М.Дзяцел, Р.С.Іваноў, Д.М.Кавалёва, П.К.Кавалёў, А.Р.Казячы, Р.М.Канстанцінава, М.Т.Клімаў, Я.І.Клімчанка, А.А.Ключнік, М.У.Красоўская, А.Л.Лемеш, Ф.Ф.Матэуш, М.Ф.Мініч, В.М.Мінькова, Н.Т.Пятрэнка, Я.П.Салаўёў, Л.М.Станкевіч, П.Д.Сялюк, В.М.Ткачэнка, М.І.Уткін, П.С.Шчарбакоў, Я.С.Шэлепава, У.П.Ярашэвіч, У.А.Ясцюгоў.

1981. В.А.Абраменка, А.А.Байкоў, Л.М.Беляковіч, Ц.Р.Бойка, Т.М.Бублей, М.М.Буртыль. В.Ф.Бялоў, А.У.Вазап, Н.П.Галоўкіна, В.І.Гаўрылаў, І.Г.Даманскі, М.К.Дарошак, Я.В.Дзядовіч, І.І.Дудзянкоў, В.К.Зелянко, Л.І.Зімагорава, М.Т.Козел, А.У.Комар, В.Р.Ладанёў, Р.Я.Лукашэвіч, І.Я.Магонаў, С.І.Майсеева, В.Н.Мартыненка, В.Д.Махновіч, А.А.Нікалайчук, І.І.Палякоў, В.А.Пятроў, В.А.Скрыпнік, М.В.Цегерава, Ц.П.Чарнова, М.М.Шпігель.

т. 6, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл. Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.

Літ.:

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

Я.І.Юхо.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)