УСПРЫМА́ННЕ,
працэс адлюстравання прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў; наглядны пачуццёвы вобраз, які ўзнікае ў выніку гэтага працэсу. Ажыццяўляецца ў выніку дзейнасці сістэмы аналізатараў, якая ўключае ўвесь адчувальны нервовы апарат ад перыферычных утварэнняў (рэцэптараў) да адпаведных аддзелаў галаўнога мозга. Адну і тую ж інфармацыю людзі ўспрымаюць па-рознаму, суб’ектыўна, у залежнасці ад вопыту, патрэбнасцей, схільнасцей і інтарэсаў чалавека (гл. Аперцэпцыя). Асн. ўласцівасці У.: цэласнасць (стварае цэласны вобраз прадмета ў адрозненне ад адчуванняў, якія адлюстроўваюць яго асобныя ўласцівасці); канстантнасць (навакольныя прадметы ўспрымаюцца як адносна пастаянныя па форме, колеры, велічыні і інш.); структурнасць (дазваляе ўспрымаць абагульненую структуру з розных адчуванняў); асэнсаванасць (звязана са складанай аналітыка-сінт. дзейнасцю мозга, разуменнем сутнасці назіральных прадметаў і з’яў); выбіральнасць (пераважнае вылучэнне адных аб’ектаў у параўнанні з інш.). У залежнасці ад таго, які з аналізатараў з’яўляецца вядучым у дадзеным акце, адрозніваюць У. зрокавыя, слыхавыя, рухальныя, смакавыя, нюхальныя і іншыя. Важнае значэнне маюць У. прасторы (велічыні, формы, аддаленасці, узаемнага размяшчэння і руху прадметаў), часу (працягласці, хуткасці і паслядоўнасці з’яў), складаных гукаў (прыродных, тэхн. аб’ектаў, муз., маўленчых і інш.), чалавека чалавекам (знешні выгляд, здольнасці, рысы характару, узаемаадносіны з інш. людзьмі, сац. групамі і супольнасцямі). Як неабходны этап пазнання У. апасродкавана мысленнем і звязана з памяццю, увагай, накіроўваецца матывацыяй і мае пэўную афектыўна-эмацыянальную афарбоўку (гл. Эмоцыі). Навук. даследаванні сутнасці, структуры і ўласцівасцей У. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сістэм адлюстравання інфармацыі, у тэхн. эстэтыцы і маст. канструяванні, у педагогіцы, спорце і інш.
Літ.:
Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;
Принципы порождающего процесса восприятия. М., 1992;
Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. М., 1982;
Скотт Д. Сила ума: Пер. с англ. СПб., 1994.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 16, с. 268