БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дабрылаўка, за 12 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,55 км², даўж. 1,76 км, найб.шыр. 870 м, найб.глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі 5,36 км. Пл. вадазбору 8,21 км².
Схілы катлавіны выш. да 22 м, разараныя, месцамі парослыя хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, у асобных месцах нізкія. Падводная частка катлавіны складанай будовы, мае выгляд трох плёсаў. Дно каля берагоў пясчанае, месцамі глеіста-гліністае. Шыр. паласы расліннасці 5—80 м да глыб. 2 м. Выцякае ручай у р. Дабрылаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,
група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК-СЕ́КЦЫЯ,
закончаны для блакіроўкі аб’ёмна-планіровачны элемент (частка) збудавання. Найб. пашырана ў жыллёвым, выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадскім буд-ве. Аўтаномна забяспечана ўсімі інж. сістэмамі, выкарыстоўваецца самастойна і ў спалучэнні з інш. элементамі. Бываюць рáдавыя, тарцовыя, вуглавыя, паваротныя. Даюць магчымасць ствараць эстэтычна выразныя арх. формы і горадабуд. кампазіцыі масавай забудовы, дыферэнцыраваць тыпавыя праекты будынкаў. На Беларусі прыкладам выкарыстання блок-секцыйнага метаду з’яўляюцца дамы жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка ў Мінску, Форты ў Гродне, Маскоўскі праспект у Віцебску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКА-ЛО́ЕЎСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,
тэктанічная структура Прыпяцка-Данецкага аўлакагена. Падзяляе Прыпяцкі і Дняпроўска-Данецкі прагіны, прыўзнята адносна іх на 1,5 і 0,5 км адпаведна, абмежавана разломамі на З, Пн і У. Уключае Брагінскі пахаваны выступ (заходзіць з Пд ад Украінскага шчыта і цягнецца на Пн—ПнЗ, шыр. каля 40 км, даўж. 50 км, паверхня крышт. фундамента на адзнаках ад -0,3 км да -1,5 км) і Лоеўскую седлавіну (на Пн ад выступу, шыр. 30—40 км, даўж. 60 км, фундамент на адзнаках ад -2 км да -4,5 км). Большая частка платформавага чахла седлавіны складзена з парод дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНХО́,
якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.
Літ.:
Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт.алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя адной або некалькіх пераменных, якая адпавядае ўмове: пры адначасовым множанні ўсіх пераменных на адзін і той жа адвольны лік значэнне функцыі памнажаецца на некаторую ступень гэтага ліку.
Напр.,
, дзе n — паказчык аднароднасці, або вымярэння аднароднай функцыі. Сустракаюцца ў геам. формулах. Калі
, дзе a, b, ..., 1 — даўжыні адрэзкаў, вымераных адным адвольным маштабам, то правая частка выразу павінна быць аднароднай функцыяй (вымярэнне 1, 2 або 3 у залежнасці ад таго, што вызначае x — даўжыню, плошчу або аб’ём).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫ́ГІ,
агульная назва шматлікай у мінулым групы роднасных плямёнаў Паўн. Каўказа. У старажытнасці жылі на ПдЗПаўн. Каўказа і Чарнаморскім узбярэжжы. У ант. і пазнейшых крыніцах вядомы пад зборнымі імёнамі меоты (прыкубанскія плямёны), зіхі, керкеты (прычарнаморскія). У 5—10 ст. існаваў саюз Адыгеі на чале з зіхамі. З часоў манг. нашэсця (13 ст.) за Адыгеяй замацавалася назва чэркесы. У 13—14 ст.частка Адыгеі прасунулася на У у бас.р. Церак і змяшалася з рэшткамі аланаў. На гэтай аснове ўтварылася кабардзінская народнасць. З сучасных народаў Каўказа да Адыгеі адносяцца таксама адыгейцы і чэркесы.