адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запусці́ць 1, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. чым у каго-што. Кінуць з размаху. [Шаманскі] скамячыў снежку і запусціў у.. [Валянціну], знарок завысіўшы. Дуброўскі. Муляр схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Карпюк.

2. Прымусіць падняцца, узляцець. Запусціць змея. Запусціць штучны спадарожнік Зямлі. Запусціць ракету.

3. Прывесці ў дзеянне; пусціць. Запусціць станок. Запусціць матор. // Пачаць, наладзіць масавы выраб чаго‑н. Запусціць новую мадэль у вытворчасць.

4. Разм. Засунуць куды‑н. унутр; апусціць. [Віктар] ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Колас. // Усадзіць, уваткнуць у што‑н. Запусціць джала. □ Дзяцел заўзята супраціўляўся, і сычык, які запусціў яму ў спіну кіпцюры, не мог разлічваць на хуткую перамогу. Самусенка.

5. Змясціць, упусціць куды‑н. з пэўнай мэтай. Запусціць малькоў карпа ў сажалку. // Разм. Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. Запусціць кароў у лес.

6. Разм. Уліць, упырснуць куды‑н. Пчала запусціла яд. □ Тым часам доктар запусціў морфію. Нікановіч.

7. без дап. Разм. Вельмі хутка пабегчы, паехаць і пад. Запусціць рыссю.

•••

Запусціць руку (лапу) у што — незаконна захапіць што‑н., пакарыстацца чым‑н. чужым.

запусці́ць 2, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Пакінуўшы без догляду, без увагі, прывесці ў стан заняпаду; закінуць, занядбаць. Запусціць работу. Запусціць гаспадарку. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Даць развіцца (хваробе), не прыняўшы своечасова пэўных мер. Запусціць хваробу.

2. Перастаць стрыгчы, даць магчымасць вырасці (пра валасы, ногці і пад.). Запусціць бараду. □ Яшчэ ў семінарыі Алёшка запусціў сабе вусікі. Колас.

3. Перастаць апрацоўваць, даць зарасці травой, пустазеллем. Запусціць зямлю.

4. Перастаць даіць перад ацёлам. Запусціць карову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ‑ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схілі́цца, схілюся, схілішся, схіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над Нёманам схіліліся рабіны. Грахоўскі. З дзесятак галоў Схілілася ўміг над паперай. Танк. Чырвонажалобныя сцягі Схіліліся ў горы. Глебка. // на што. Апусціўшы, прыхіліць да чаго‑н., пакласці на што‑н.; апусціцца на што‑н. Засне сяло... Нідзе нікога... Не спіцца ўвечар аднаму, — Каня сядлаеш варанога, На грыву схілішся яму Ды мчышся віхрам на дарогу. Трус. // перан. Пакарыцца каму‑, чаму‑н.; падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Сонца:] — Прыгрэю я — і твой мароз міне, а прыпяку — слядоў яго не стане! Павінен ты схіліцца да зямлі перада мной, маёй бязмежнай сілай! Дубоўка. Сам [Каўпак] ад іх [хлопцаў] прысягу Прымае пад сцягам: Кожны хай клянецца Нідзе не схіліцца, Покуль сэрца б’ецца, За Радзіму біцца. Зарыцкі. Ішлі ка мне то сцежкай, то гасцінцам бацькі і дзеці, сёстры і браты — усе, хто не схіліўся прад чужынцам, хто ў прысаку застаўся... Федзюковіч. // перан. Прызнаць чый‑н. аўтарытэт, зведаць пачуццё павагі да чаго‑н. Схіліцца перад веліччу ленінскіх ідэй.

2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Ужо і дзень схіліўся к вечару. Чорны. Сонца толькі-толькі схілілася з самага зеніту і пячэ неміласэрна. С. Александровіч. Месяц схіліўся за лес, і на крутых паваротах дарогі было цёмна. Мяжэвіч. // Пра гутарку, разважанне. Гаворка схілілася да хвалюючай тэмы.

3. Аддаць перавагу якой‑н. думцы, перакананню і пад. — Бясконца адступаць не будзем, некалі трэба прарывацца з блакады, — да такой думкі схілілася большасць камандзіраў. Новікаў.

4. перан. Паддаўшыся ўгаворам, згадзіцца на што‑н. З-пад Нарачы рыбацкія хваляванні пашырыліся на ўсю азёрную частку Заходняй Беларусі .. Буржуазны друк, напалоханы размахам падзей, заклікаў урад прымірыцца .. Урад схіліўся на шлях кампрамісаў. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат 1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат 2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)