ВІБРЫ́СЫ (лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),
доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс.нерв. валокнаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ [ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],
кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)×(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ СУПО́НЕЦ,
возера на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Альзініца, за 19 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,42 км², даўж. 960 м, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 23,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,6 км. Пл. вадазбору 6,13 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м (на Пн 5—10 м, спадзістыя) пад лесам, на ПнЗ разараныя. Дно складанай будовы (чаргуюцца ўпадзіны і мелі). Зона мелкаводдзя вузкая, выслана пяскамі і глеямі, глыбей — сапрапелем. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 8—50 м. Злучана пратокай з воз. Малы Супонец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ЛІ,
зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАСТАВУ́СЫЯ (Cladocera),
падатрад ракападобных атр. лістаногіх. 65 родаў, каля 380 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тоўшчы вады прэсных вадаёмаў. На Беларусі больш як 40 відаў, найб. вядомыя дафніі, басміны, лептадоры, маіны.
Даўж. 0,2—10 мм. Тулава ў большасці ўкрыта паўпразрыстай двухстворкавай ракавінай. Галава выцягнута ў дзюбу. Асн. органы перамяшчэння — 4—7 пар ног і другая пара доўгіх галінастых вусікаў (антэн); антэнулы невялікія. Вочы фасетачныя. Грудныя ногі ў большасці ўтвараюць фільтрацыйны апарат. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі і аднаклетачнымі водарасцямі, ёсць драпежныя формы. Характэрная змена палавога і аднаполага (партэнагенез) размнажэння. Галінаставусымі кормяцца рыбы. Індыкатары забруджвання вады: большасць жыве ў чыстых вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́НІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клява (левы прыток р. Бярэзіна, бас. Дняпра), за 5 км на Пд ад г. Беразіно, каля в. Гарэнічы. Створана ў 1951, у 1972 рэканструявана. Пл. 1,08 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 300 м, найб.глыб. 6,1 м. Аб’ём вады 1,24 млн.м³. Даўжыня берагавой лініі 15 км.
Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 94 млн.м³. Катлавіна выцягнутая. Берагі пад ворывам і сенажацямі, левы спадзісты, правы больш стромкі, выш. 1,5—2,5 м. Зарастае ў вярхоўі і каля берагоў. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння і як зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.