род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).
Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГАЛІ́НЫ,
яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн.г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.
Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛІ́ЎНІЦЫ (Apatura),
род дзённых матылёў сям.німфаяід. Пашыраны ў Еўразіі; на тэр. ад Усх. Еўропы да Д. Усходу трапляецца 5 відаў. Жывуць у разнастайных ландшафтах умеранай зоны. На Беларусі 2 віды; П. вялікая, або вярбовая (A. iris), занесеная ў Чырв. кнігу, і малая, або таполевая (A. ilia). Трапляюцца на лясных палянах, лугах, у парках, садах, уздоўж дарог.
Размах крылаў да 85 мм. Афарбоўка яркая. Верхні бок крылаў самцоў з фіялетавым або сіняватым адлівам. Дарослыя кормяцца сокамі раслін, нектарам кветак, вусені — лісцем дрэў і травяністых раслін.
С.Л.Максімава.
Пераліўніцы: 1 — малая (а — яе вусень; б — кукалка); 2 — Шрэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРА́НЫ, піранні (Serrasalmus),
род прэснаводных рыб сям. піраньевых атр. карпападобных. Разам з П. родаў Рузвельтыела і Пігацэнтрус складаюць падсям. драпежных П. (каля 25 відаў). Пашыраны ў бас. рэк Амазонка, Арынока і інш. у паўн.-ўсх.ч.Паўд. Амерыкі. Чародныя рыбы.
Даўж. да 35, зрэдку да 60 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў. Ёсць тлушчавы плаўнічок. Моцныя сківіцы, на верхняй да 66, на ніжняй да 77 вострых клінападобных зубоў. Арыентуюцца пераважна пры дапамозе зроку і нюху. Зграя П. за некалькі хвілін здольна знішчыць жывёлу масай каля 50 кг. Аб’екты акварыумнага рыбаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТА́Н (Platanus),
род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧ (Hedera),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).
Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПІЁНАВАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Propionibacterium),
род неспараносных бактэрый. Жывуць у рубцы і кішэчніку жвачных жывёл, у малочных прадуктах (акрамя малака). Непатагенныя.
Нерухомыя грамстаноўчыя палачкі. У маладых культурах — скрыўленыя, злёгку галінастыя палачкі, у больш старых — кокападобнай формы. Утвараюць калоніі жоўтага, аранжавага, чырв. колераў. Растуць у аэробных і анаэробных умовах. Узбуджальнікі прапіёнавакіслага браджэння, зброджваюць глюкозу, лактозу, інш. вугляводы, таксама некат. спірты з утварэннем прапіёнавай і воцатнай к-т і вуглякіслага газу. Закваскі, што маюць П.б., выкарыстоўваюцца ў сыраробстве (малюнак — «вочкі», смак і духмянасць швейц. сыру звязаны пераважна з прапіёнавакіслым браджэннем) і для мікрабіял. сінтэзу вітаміну В12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),
род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.
П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛЮ́ШНІК (Thalictrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 120 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, гарах Паўд. Афрыкі і ў тропіках Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: ворлікалісты (Th. aquilegifolium), жоўты (Th. flavum), светлы (Th. lucidum). Трапляюцца сярод хмызнякоў, па берагах рэк, на вільготных лугах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 40—120 см. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, ліловыя, сабраныя ў мяцёлчатыя. гронкападобныя або шчыткападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Усе віды П. ядавітыя. Лек., інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.