латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.
2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.
3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́йцы, ‑аў; адз. ляйчына, ‑ы і лейчына, ‑ы, ж.
Вяроўкі, рамяні для кіравання коньмі ў запрэжцы. На высокім сядзенні, .. трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. Колас. За мастом начальнік участка сагнаў нас з саней .. і хлыснуў лейчыной каня. Пташнікаў. Тузаючы за лейцы, бацька накіраваў Гнядва на дарогу. Васілёнак.
•••
Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.
Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) каму — аб неапраўдана капрызных паводзінах.
Папусціць лейцы гл. папусціць.
Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.
Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.
2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.
2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.
3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.
[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ліслівіць, дагаджае, падлізваецца. Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў трымаць рукі па швах, здалёку здымаць шапку. С. Александровіч. // Прасякнуты ліслівасцю, угодлівасцю; няшчыры. Ліслівы позірк. □ На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас. Жмырка вызначаўся сярод усіх нейкай ліслівай чуласцю і насцярожанасцю. Скрыпка.
2. Разм. Ласкавы, пяшчотны. [Бабейка] на дзіва быў рухавы, гаваркі — то прыветлівы і ліслівы, то заклапочаны і гнеўны, заўсёды ў дзеянні. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́гава, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.
2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляпі́цца, лепіцца; незак.
1. Быць пластычным, мець здольнасць прыляпляцца, прыклейвацца. Пластылін добра лепіцца. // перан. Разм. Прыставаць, вязацца, чапіцца. Кажуць, .. здарылася нейкая бяда, глядзі, да яе лепіцца ўжо новая. Дадзіёмаў.
2. Размяшчацца, цесна прымыкаючы да каго‑, чаго‑н., не пакідаючы свабоднага месца. Хлопцы-падлеткі, .. як кулікі, ляпіліся ля самай вады. Чарнышэвіч. Густа лепяцца паабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі. Колас.
3. Стварацца, рабіцца з пластычных матэрыялаў.
4. Зал. да ляпіць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да сабраць.
2. Займацца збіральніцтвам. Збіраць калекцыю. Збіраць гербарый. Утыль збірае нарыхтоўшчык. □ З рання да змяркання Пчолка залатая Лётае па кветках Ды мядок збірае. Журба. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас.
•••
Збіраць вяршкі — забіраць самае лепшае.
Збіраць кускі (кавалкі) — прасіць міласціну.
Хоць іголкі збірай — а) відно, светла. На вуліцы хоць іголкі збірай. Скрыган; б) відны, светлы. Ноч была светлая, месячная. Пра такія ночы кажуць: хоць іголкі збірай. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; зак., каго-што.
Разм.
1. Цягнучы, зняць з чаго‑н., адкуль‑н. Звалачы мяшок з воза.
2. Цягнучы, перамясціць куды‑н. [Пятрусь] звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Колас.
3. Сабраць, сцягнуць у адно месца. Звалачы галлё ў кучу.
4. Угаварыць, прымусіць пайсці куды‑н. — На рыбу .. [бацьку] Яўхім звалок. Кажа, у дождж ловіцца добра. Савіцкі.
5. Украсці, сцягнуць. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.
1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.
2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.
3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.
•••
Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)