САМО́ЙЛАВЫ,

сям’я рускіх акцёраў.

Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял. т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.​А.​Каваса, Ф.​Паэра і інш. Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.​Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Стружкін («Акцёр» М.​Някрасава) і інш. У п’есах У.​Шэкспіра і А.​Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.​Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.​Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.​Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена) і інш.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯШЧЭ́ННАЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ», «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі»,

сярэдневяковае дзярж. аб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Германія (займала пануючае становішча), шэраг каралеўстваў, герцагстваў і зямель (Чэхія, Паўн. і Сярэдняя Італія з Рымам, Бургундыя, Нідэрланды, Швейцарыя, польскія землі і інш.). Гэтыя тэр. ў розны час і ў рознай ступені падпарадкоўваліся герм. імператару. Засн. ў 962 герм. каралём Атонам I. Вяла агрэсіўную палітыку, гал. чынам на У (землі палабскіх славян) і Пд (Італія), куды герм. каралі рэгулярна рабілі паходы для атрымання імператарскай кароны з рук рым. папаў і з мэтай падпарадкавання Італіі (фактычна кожны раз яе трэба было заваёўваць нанава). Барацьба імператараў з рым. папамі ў 11—13 ст. (за інвестытуру і інш.) аслабіла ўладу імператара над Італіяй і ўзмацніла асобныя герм. княствы. У сярэдзіне 13 ст. «С.Р.і.» страціла Італію, а Германія распалася на шэраг княстваў. Найб. моцныя князі — курфюрсты выбіралі імператара. Гэты парадак быў юрыдычна замацаваны Залатой булай Карла IV 1356. У 15 ст. фактычнай самастойнасці дамаглася Чэхія, аддаліўся Швейцарскі саюз; у 16 ст. да Іспаніі адышлі Нідэрланды. Паступова ўлада імператара стала намінальнай (не мела ні фін. сродкаў, ні арміі), а саслоўна-прадстаўнічая ўстанова — рэйхстаг быў паслухмяны герм. князям. З развіццём феад. адносін асобныя герм. княствы ўзмацніліся. Пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 у выніку Вестфальскага міру 1648 за герм. княствамі прызнана паліт. самастойнасць, што канчаткова ліквідавала імператарскую ўладу на тэр. Германіі. У час напалеонаўскіх войнаў з большасці ням. княстваў утвораны т. зв. Рэйнскі саюз 1806—13 пад пратэктаратам Напалеона I. Апошні імператар «С.Р.і.» Франц II Габсбург у 1806 адрокся ад рымска-герм. кароны, і імперыя перастала існаваць. Правячыя дынастыі «С.Р.і.»: Саксонская дынастыя (962—1024), Франконская дынастыя (1024—1125), Гогенштаўфены (1138—1254), Габсбургі (1273—1806 з перапынкамі), Люксембургі (1308—1437 з перапынкамі).

Літ.:

Неусыхин А.И. Очерки по истории Германии в средние века // Неусыхин АИ. Проблемы европейского феодализма. М., 1974;

Колесницкий Н.Ф. «Священная Римская империя» в освещении современной западногерманской историографии // Средние века. М., 1959. Вып. 14;

Шиндлинг А, Циглер В. Кайзеры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн. ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.

Літ.:

Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;

Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛО́,

1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.

2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім, С.​Ф.​Цярохін.

Да арт. Сіло. Сілкі: 1 — пружкі; 2 — понажы; 3 — пятля; 4 — трыгубіца.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ши́шка ж.

1. (на теле) гуз, род. гу́за м., шы́шка, -кі ж.;

ши́шка на лбу гуз на лбе;

ши́шка му́дрости шы́шка му́драсці;

2. бот. шы́шка, -кі ж.;

сосно́вая ши́шка бот. хваёвая (сасно́вая) шы́шка;

3. (утолщение на растениях) гуз, род. гу́за м.;

4. (украшение на конце предмета) булаве́шка, -кі ж.; га́лка, -кі ж.; га́лачка, -кі ж.;

5. перен. (о важном, влиятельном человеке) прост., ирон. шы́шка, -кі ж.;

◊

на бе́дного Мака́ра все ши́шки ва́лятся погов. над пе́шым арло́м і варо́на з кало́м;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.​Солтан, Я.​Мялешка і Л.​Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.​М.​Кулагін (архітэктура), А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд. ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр. ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр. ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж. ген.-палк. Я.​Ц.​Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.​С.​Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж. ген.-лейт. Ф.​Я.​Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.​А.​Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер. ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл. Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст. сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж. герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж. сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач. студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс. нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн. стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв. кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.​Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн. чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял. Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн. чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».

Літ.:

Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;

Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;

Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;

Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЬЕ́Ф (франц. relief ад лац. relevo узнімаю),

сукупнасць форм зямной паверхні, разнастайных паводле абрысаў, памераў, паходжання, узросту і гісторыі развіцця. Формы Р. могуць быць дадатныя, або выпуклыя (горы, узвышшы, узгоркі), і адмоўныя, або ўвагнутыя (катлавіны, яры, рачныя даліны). Паводле маштабаў развіцця вылучаюць планетарныя формы Р. (мацерыкі, ложа акіянаў), мегарэльеф (горныя сістэмы, раўніны, упадзіны акіянаў), макрарэльеф (горныя хрыбты, міжгорныя ўпадзіны), мезарэльеф (узгоркі, яры), мікрарэльеф (стэпавыя сподкі, карставыя варонкі), нанарэльеф (тэрмітнікі, купіны, кратавіны).

Р. увесь час эвалюцыяніруе, формы ўтвараюцца, відазмяняюцца, разбураюцца, пахаваны або часткова захоўваюцца ў выглядзе рэліктаў былых геал. эпох. Залежыць ад характару, тыпу і ўзросту горных парод і асн. геал. структур, тэктанічнага развіцця, клімату, гідралаг. і гідрагеал. умоў, хуткасці і асаблівасцей разбурэння ці растварэння парод, пераносу і назапашвання адкладаў. Утвараецца і зменьваецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных працэсаў і экзагенных працэсаў. Эндагенныя рухі літасферных пліт і мацерыкоў, землетрасенні, векавыя падняцці і апусканні зямной кары, вулканічныя працэсы ў спалучэнні з уздзеяннем сіл сонечнага і месячнага прыцягнення і ’вярчэння Зямлі ўтвараюць буйныя структурныя (морфаструктура) няроўнасці Р. сушы і дна Сусв. ак. Узвышаныя тэр. характарызуюцца значнымі абс. і адноснымі вышынямі, стромкасцю схілаў і глыбінямі расчлянення, узрастаннем гравітацыйных працэсаў, дэнудацыі, эрозіі. Экзагенныя працэсы, абумоўленыя прамяністай энергіяй Сонца, утвараюць больш дробныя формы Р. (морфаскульптура), якія прыводзяць да згладжвання, выраўноўвання Р. Горы разбураюцца, расчляняюцца, набываюць рысы выпрацаванага, дэнудацыйнага і структурна-дэнудацыйнага Р. На фарміраванне Р. (асабліва ў гарах) уплываюць таксама гравітацыйныя працэсы, якія адбываюцца пад уздзеяннем сілы цяжару (лавіны, абвалы, асыпкі, апоўзні). Перавага экзагенных разбуральных працэсаў прыводзіць да пераўтварэння горных краін у хвалістыя дэнудацыйныя раўніны (пенеплены). Тэрыторыі, якія паніжаюцца, паступова нівеліруюцца, укрываюцца адкладамі, што зносяцца з больш узвышаных мясцін. На нізінных тэр. утвараецца акумулятыўны Р. са згладжанымі рысамі, увагнутымі схіламі, нязначнымі вышынямі (раўніны, нізіны). Р. садзейнічае дыферэнцыяцыі ландшафтаў і сам зазнае ўплыў занальнасці геаграфічнай і вышыннай пояснасці. Важныя асаблівасці Р. наяўнасць мацерыкоў, дзе абсалютныя вышыні да 1000 м складаюць 21,3%, раўніннага мацерыковага шэльфа, апушчанага пад узровень воднай паверхні акіяна да 100—200 м (зрэдку да 350—400 м); мацерыковага схілу з нахіламі ад 2—5 да 25° і глыб. да 1500—2000 м, ложа акіяна, дзе на глыбіні 4000—5000 м прыпадае 23,3%, 3000—6000 м — 53%. Агульная амплітуда верт. расчлянення Р. Зямлі амаль 20 тыс. м (г. Джамалунгма — 8848 м, глыбакаводны Марыянскі жолаб — 11022 м). У выніку актыўнага дзеяння экзагенных працэсаў паверхня сушы больш складаная і разнастайная, чым дно акіянаў і мораў. Самымі буйнымі марфалагічнымі тыпамі паверхні сушы з’яўляюцца: раўнінныя краіны (больш за ​1/3 плошчы), буйныя ўзвышшы і плато з вял ўпадзінамі, горныя сістэмы, хрыбты і інш горныя пабудовы. Паводле марфалагічнай выяўленасці, вышыні над узр. ак. вылучаюцца: высакагор’і, якія ўздымаюцца вышэй снегавой лініі, маюць ледавікі, вострыя вяршыні, трогі, ледавіковыя цыркі (Гімалаі, Кардыльеры, Альпы, Каўказ); сярэднягор’і з акруглымі вяршынямі, вышыннай пояснасцю, без слядоў абледзяненняў (Карпаты, Паўд. Урал); нагор’і з горнымі хрыбтамі і міжгорнымі масівамі, высока размешчанымі над узр. ак. (Армянскае, Іранскае, Усх. Памір); плато і пласкагор’і ў выглядзе прыўзнятых эразійных раўнін, абмежаваных уступам; нізкагор’і з градамі, гарамі і ўзгоркамі выш. да некалькіх соцень метраў, якія маюць мяккія абрысы і пакатыя схілы (Казахскі драбнасопачнік, Бадхыз, Карабіль); раўніны з плоскімі хвалістым і перасечаным Р., невял. амплітудамі вышынь, часта ўскладненымі градавымі, увалістымі, узгоркавымі і інш. дробнымі формамі (Прыкаспійская, Зах.-Сібірская раўніны). У пераўтварэнні Р. вял. роля належыць чалавеку (гл. Антрапагенны рэльеф) які свядома (тэрыконы, дамбы, адвалы, кар’еры) або ўскосна, пры няправільнай гасп. дзейнасці (яры, прасяданне паверхні, разбурэнне і размыванне схілаў і берагоў) зменьвае яго. Р. мае важнае гасп. значэнне. Ён уплывае на кліматычныя ўмовы, расліннасць, глебаўтваральныя працэсы, на спецыялізацыю земляробства і жывёлагадоўлі; яго асаблівасці ўлічваюцца пры праектаванні і буд-ве дарог, трубаправодаў, каналаў, вадасховішчаў, на спосабы здабычы карысных выкапняў і інш. Р. і гісторыю яго фарміравання вывучае геамарфалогія.

На Беларусі асн. формамі Р. з’яўляюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны, характэрныя рысы якіх вызначаны дзейнасцю ледавікоў. Найб. пашыраныя формы ўласналедавіковыя (марэнныя грады, раўніны і ўзгоркі), флювіягляцыяльныя (зандравыя раўніны, камавыя ўзгоркі, озавыя грады, тэрасы), алювіяльныя (даліны рэк, тэрасы, поймы, старыцы), азёрныя і азёрна-ледавіковыя (нізіны, катлавіны, тэрасападобныя пляцоўкі), эолавыя (дзюны, пясчаныя грады і ўзгоркі), крыягенныя (бугры пучэння).

Літ.:

Махачек Ф. Рельеф Земли: Опыт регионального морфол. описания поверхности Земли. Т. 1—2. М., 1959—61;

Райс Р.​Дж. Основы геоморфологии: Пер. с англ. М., 1980;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии Мн., 1990.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)