гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка. Бядуля. У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана. М. Ткачоў.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Зарэцкі. Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. / у знач. наз. гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край. Купала. Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці. Брыль.

4. у знач. наз. гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу. Якімовіч. // Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. Лынькоў.

5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка. Крапіва. Дзіўны чалавек гэты Галілей! Зарэцкі.

6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым! Бядуля.

•••

Гэтымі днямі; на гэтых днях гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́ць 1, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. забі; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, знішчыць. Князь забіў на ловах пару вялікіх прыгожых ласёў. Гарэцкі. Партызаны забілі здрадніка, укінуўшы ноччу ў яго дом гранату. Краўчанка. / у безас. ужыв. Бомбай многіх забіла. // Прыбіць, змучыць пабоямі. Забіць да паўсмерці. // Зарэзаць, закалоць. Забіць свінню на сала.

2. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н.; увагнаць. Забіць цвік у сцяну. Забіць калок у зямлю. □ [Вася] падняўся і забіў лязо сякеры ў разрэз. Шамякін. // Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць што‑н. куды‑н. Забіць мяч у вароты праціўніка. Забіць шар у лузу.

3. Закрыць наглуха, прымацаваўшы, прыбіўшы дошкі і пад. Забіць аполкамі дзверы і вокны хаты.

4. Закрыць, заткнуць (адтуліну, шчыліну), туга засунуўшы ў яе што‑н. Надзеў [Талаш] праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. // Забрудзіць, закупорыць. Пясок забіў трубу.

5. Разм. Запоўніць, заняць сабой (пра мноства каго‑, чаго‑н.). Бясконцыя раннія завірухі так забілі снегам дарогі, што дабрацца куды цяпер можна было толькі хіба на кані ці на трактары. Шашкоў.

6. Перамагчы, заглушыць. Уяўлялася, што самы густы і напорны вецер не заб’е .. [ у гэтым кутку] паху грыбоў. Чорны. // перан. Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца. Забіць чалавека маральна.

7. Зак. да забіваць (у 3 знач.).

•••

Забіць асінавы кол — канчаткова пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., скончыць з кім‑, чым‑н. (ад забабоннага звычаю забіваць кол у магілу ведзьмара, каб абясшкодзіць яго).

Забіць галаву каму чым — абцяжарыць памяць чым‑н. непатрэбным, пустым.

Забіць двух зайцоў — выканаць адначасова дзве розныя справы, дасягнуць дзвюх розных мэт.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, выклікаць варожасць аднаго да другога.

І камара не заб’е — пра ціхага баязлівага чалавека.

Хоць забі — пра немагчымасць што‑н. зрабіць.

(Яго) і калом не заб’еш — пра чалавека з моцным здароўем, вялікай фізічнай сілай.

забі́ць 2, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

Пачаць біць (у 1, 7 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. □ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. □ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. □ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляце́ць, лячу, ляціш, ляціць; ляцім, леціце; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры пры дапамозе крылаў. Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем. Лынькоў. // Перамяшчацца ў паветры пры дапамозе якіх‑н. механізмаў. Спакойна ў глыбокіх блакітах над нівай ляцяць самалёты. Вялюгін. [Сяргей:] — Мы з .. [Сцяпанам] на адным самалёце ляцелі. Мележ. // Падымацца ў вышыню, несціся ветрам. Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву. Гурскі. // Быць выкінутым з сілай у паветра ад штуршка, выстралу, выбуху. З-пад конскіх ног ляцела ўгару белая вада. Чорны. На прытаптаны снег ляцелі жоўтыя пырскі. Шамякін. // перан. Разносіцца ў паветры, распаўсюджвацца (пра гукі, песню, музыку і пад.). Ляцелі ў азёрныя далі і лясныя гушчы песні хлопцаў і дзяўчат. Пестрак.

2. Разм. Падаць уніз. Ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз. Якімовіч. Старыя .. дрэвы з шумам і страшэнным грукатам ляцелі на зямлю. Чарнышэвіч. Ляцелі пад адхон варожыя эшалоны, за адну ноч палатно чыгункі ператваралася ў груды шпал і рэек. Шкраба.

3. перан. Вельмі хутка, імкліва бегчы, ісці, ехаць; несціся, імчацца. Каця не ішла, а быццам ляцела, ледзь кранаючыся нагамі травы. Чарнышэвіч. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. Паравоз, рассякаючы паветра сваімі магутнымі грудзьмі, усё ляціць і ляціць. Васілёнак.

4. перан. Хутка, непрыкметна праходзіць (пра час). Я працаваў так старанна, што не заўважаў, як ляцеў час. Шамякін.

5. перан. Імкнуцца куды‑н., да каго‑н. (думкамі, душой і пад.); ірвацца. Лежачы на ложку ў інтэрнаце ў вольныя ад заняткаў хвіліны, ляцеў Жарнавік думкамі ў сваё даўняе і нядаўняе мінулае. Пестрак. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.

6. перан. Разм. Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца. Ляціць адзежа на дзецях. Ляцяць грошы. □ [Казіміру] трэба было знайсці старшыню калгаса і яшчэ раз напамянуць, каб заўтра не забылі паслаць каго-небудзь у РТС па «пальцы» да трактарных гусеніц — ляцяць, ліха на іх, не набярэшся. Краўчанка.

•••

Летам ляцець (лятаць, лётаць) — вельмі хутка бегчы, бегаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Галіна мастацтва, якая адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых мастацкіх вобразах. Гісторыя музыкі. Беларуская музыка. □ Усе галіны мастацтва, і музыка ў тым ліку, вырашаюць складаную і пачэсную задачу — удзельнічаюць у выхаванні новага чалавека, чалавека, закліканага да будаўніцтва камуністычнага грамадства. Шырма. // Твор або сукупнасць твораў такога мастацтва. Музыка Глінкі. Інструментальная музыка.

2. Выкананне твораў гэтага мастацтва на інструментах. Аднекуль з парка да слыху далятала прыглушаная далечынёй музыка, а ва ўяўленні паўставалі іншыя мясціны. Хадкевіч.

3. перан. Прыемнае для слыху гучанне чаго‑н. Шум калаўрота і ціхая музыка слоў родзяць шчаслівыя ўспаміны. Брыль. Гэй ты, дуб стары, Вартаўнік лугоў! Аддае твой шум Спевам-музыкай. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. гукаў. Кусты і трава, абмытая росамі, слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Самуйлёнак. // Іран. Пра гукі, якія непрыемна дзейнічаюць на слых, раздражняюць яго. Не скрыпяць вароты Марцінавай пуні, якія, як .. вядома, заўсёды заводзяць сваю музыку. Бядуля.

4. Разм. Музычны інструмент. — Тэрмінова прасіў [хлапчук мой] прывезці гэтую музыку — ён кіўнуў на акардэон. Ракітны. // Аркестр. Духавая музыка. Палкавая музыка. □ Хутка з песнямі і музыкай на машынах, у санях, на вазках пачалі пад’язджаць да школьнага двара выбаршчыкі з суседніх калгасаў. Васілевіч.

5. перан. Разм. Якая‑н. добра арганізаваная, наладжаная справа. [Сухадольскі:] Ты што ж гэта план зрываеш? [Угараў:] Не я, Павел Міхайлавіч. [Сухадольскі:] Як жа не ты? Шэсць машын хто затрымаў?.. Нам гэтыя шэсць машын усю музыку сапсуюць. Крапіва. // Аб чым‑н. турботным, недарэчным, заблытаным. Абрыдла мне ўся гэта музыка. □ [Макей Філатавіч:] — Ды я, калі вы хочаце, маўчаў увесь час, .. вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Чорны.

•••

Класці на музыку гл. класці.

[Грэч. musikē.]

музы́ка, ‑і, ДМ ‑ку, м.

Разм.

1. Музыкант. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю, шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Музыкі ігралі адну з лепшых беларускіх полек, і ўсё ў хаце х[о]дыр[а]м хадзіла. Гарэцкі.

2. толькі мн. (музы́кі, ‑аў). Танцы. Брыгадзірава жонка, спрытная вельмі на язык, пачынае: — Яніна недаспала сёння.. [Яніна:] — З музыкаў позна прыйшла. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)