СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.

Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сланечнік: 1 — агульны выгляд: 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА,

1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.

На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс. т агародніны, 45 тыс. т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс. га (1994).

2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.​А.​Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.​Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.​І.​Шрэдэра, М.​В.​Рытава, У.​І.​Эдэльштэйна, М.​І.​Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел. НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел. с.-г. акадэміі, на абл. с.-г. доследных станцыях.

Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.​А.​Скрыпнічэнка, П.​С.​Шастапал, Б.​А.​Юргенс, І.​І.​Цішкевіч, У.​П.​Пярэднеў, А.​А.​Аутка, Т.​С.​Якубіцкая, А.​А.​Казіміраў, П.​С.​Жукава, М.​Ф.​Сцяпура, К.​А.​Шуін, Ю.​М.​Забара, П.​Я.​Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.

Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.

Літ.:

Интенсивное плодоовощеводство. Горки, 1992;

Шуин К.А. Овощеводство. Мн., 1987.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бальза́м

(лац. balsamum, ад гр. balsamon = пахучая жывіца)

1) густы пахучы сок некаторых раслін, які мае ў сваім складзе смолы, эфірны алей; выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі;

2) пахучая настойка на лекавых травах;

3) перан. тое, што прыносіць заспакаенне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гаўсто́рыі

(ад лац. haustor = які п’е, глытае)

1) клетачныя або тканкавыя ўтварэнні раслін, пры дапамозе якіх яны ўсмоктваюць пажыўныя рэчывы з акаляючага асяроддзя;

2) прысоскі, якімі расліна-паразіт прымацоўваецца да расліны-гаспадара і праз якія яна здабывае пажыўныя рэчывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экзэмпля́р

(лац. exemplar = узор)

1) асобны прадмет з шэрагу аднародных прадметаў, асобная адзінка чаго-н. (напр. э. кнігі);

2) асобны прадстаўнік якой-н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл і раслін);

3) перан. асоба, якая вызначаецца незвычайнымі або адмоўнымі ўласцівасцямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Кра́ска 1 ’кветка’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Мат., Касп., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Бяльк., Ян., Жд. 3, Маш., Грыг., Бір., Гарэц., Жд. 2, КЭС, лаг., Мал., Мядзв., Ян., Нар. словатв.). Укр. краска, рус. краска ’тс’, балг. краска ’колер’, серб.-харв. кра̏ска ’назва некаторых раслін’, польск. kraska ’колер’. Прасл. krasъka ў значэнні ’кветка’ найбольш устойлівае на беларускай моўнай глебе. Этымалагічная версія для краса 1 (гл.) дае магчымасць рэканструяваць першаснае размежаванне паміж кветка (гл.) і краска. Першае з іх азначала ’кветка, цвіценне (наогул)’; другое — ’цвет, цвіценне ў сакральным сэнсе (адраджэнне прыроды)’. У карысць гэтага сведчаць замены лексемы краска лексемамі купала, купалка і ў радзе назваў кветак, а таксама красавы на ўкр. купалий. Параўн. яшчэ ст.-чэш. krasa ’зіхаценне сонца’ і бел. сонца купаецца ’сонца зіхаціць’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30).

Кра́ска 2 ’хвароба жывёлы’ (КЭС, лаг.). Параўн. краска 3 (гл.).

Кра́ска 3 ’кроў’ (Чуд.). Параўн. краска 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прале́ска, прале́шка ’травяністая лясная расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі, Hepatica Mill. nobilis gartsult’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Кіс.), ’кураслеп, Anemone nemorosa L.’ (віц., брэсц., Кіс.), ’сон раскрыты, Pulsatilla potens L.’ (мін., Кіс.), ’падснежнік, Gallanthus nivalis L.’ (Касп., Сл. ПЗБ). Рус. проле́ска, переле́ска ’расліна Mercurialis, Iris, Scilla’, укр. про́ліска, підліска, перелі́ска ’Hepatica’, чэш. podleska, podlíška, ст.-чэш. podléščka, польск. przelaszczka, przylaszczka, przedlaszczka ’расліна Hepatica’. Этымалогія застаецца няяснай. Праабражэнскі (2, 131) лічыць вытворным ад лес. Махэк (Jména, 48), зыходзячы са ст.-чэш. і польск. форм, узводзіць слова да прасл. *lěska ’лясны арэх’, г. зн. ’расліна, якая расце pod lískou’, і параўноўвае з ням. Hasselblaume < Hassel ’арэх’. Гэтаму пярэчыць батанічная характарыстыка расліны, паводле якой яна расце на палянах і адкрытых месцах у лесе. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 374; ЕСУМ, 4, 596; Банькоўскі, 2, 857–858. Пра іншыя назвы раслін гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 25–26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапе́й, рапе́нь ’лопух’, ’лісце лопуху, Lappa tomentosa’ (Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), рапе́й, рапе́йнік ’шышка лопуху і расліна’ (Скарбы), рапе́шнік (Мат. Гом.), рапяшні́к (Ян.), рапо́ўнік (Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. репі́й ’тс’, ст.-укр. рѣпѣи ’асот’, рус. репе́й ’лопух’, ст.-рус. рѣпьи ’рапей, калючка’, ст.-чэш. řépí ’плод лопуху’, славен. repje зборн. ’лопух’, балг. ре́пей ’назва розных раслін, калючыя плады якіх чапляюцца за воўну і адзенне’. Прасл. *rěpьjь, вытворнае ад *rěpъ ’тс’, параўн. польск. rzep ’расліна Arctium lappa’, харв. rijep ’расліны Arctium lappa, Petasites officinalis і інш.’, што выводзяць з прасл. *rěpiti ’схапіць, учапіцца’, захаванага ў польск. дыял. rzepić się ’зліпацца’, славац. дыял. repiť sa ’схопліваць, прычапляцца’, што суадносяцца з літ. ap‑rė́pti ’схапіць’ (Брукнер, 475; Шустар-Шэўц, 2, 1215; БЕР, 6, 226; Бязлай, 3, 172). У беларускай мове названая форма захавалася пераважна ў прыставачных утварэннях, параўн. зрэ́піцца ’счапіцца, схапіцца’ (Скарбы), урэ́піцца ’учапіцца’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ска 1 ’дробная водная расліна сямейства раскавых, Lemna L.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ря́ска ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж раса́ (ръса́) ’водарасці’ (Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.). Да раса́ 2 (гл.), параўн. чэш. řasa ’водарасць’, славац. riasa ’тс’, таксама тлумачэнне: раса — трава ў рэчцы, як аборы (віл., Сл. ПЗБ) і макед. реси ’падводныя расліны даўжынёй да пяці метраў’; для дробных водных раслін характэрна махрыстасць карэньчыкаў. Параўн. укр. ря́ска ’расліна Lemna L.’, в.-луж. rjasa ’тс’, каш. řąsa, řąs ’тс’. Фасмер (3, 539) рус. ря́ска ’балотная расліна’ звязвае з рус. ряса́ ’забалочанае месца, вільгаць’ і, няўпэўнена, з *ręsa, гл. раса́ 2. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 2, 1221; SEK, 4, 227.

Ра́ска 2 ’столка’ (дзісн., Нар. сл.). Да раса́ 2 (гл.), што можа мець значэнне ’зборка, складка’; параўн. укр. ряси́ца ’складка’, славац. riasa ’тс’ і інш.

Ра́ска 3 ’парастак, расток’ (Клім.). Гл. ра́са 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)