РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),
музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.
Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц.назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.
У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Р.Сурус, М.Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел.нар.інстр. музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ МУЗЕ́Йу Санкт-Пецярбургу,
адзін з найбуйнейшых музеяў рускага мастацтва. Засн. ў 1895 як Р.м. імператара Аляксандра III (назва да 1917), адкрыты ў 1898. Размешчаны ў б. Міхайлаўскім палацы (1819—25, арх. К.Росі) і зах. корпусе, дабудаваным у 1914—16 (арх. Л.Бенуа). Засн. як маст. і культ.-гіст. музей. Акрамя маст. аддзела меў (да 1934) этнагр. (з 1902) і гісторыка-быт. (з 1913) аддзелы. Аснову калекцыі склалі творы жывапісу і скульптуры, перададзеныя з Пецярбургскай АМ, Эрмітажа, Зімняга, Гатчынскага і Аляксандраўскага палацаў. Пасля 1917 зборы значна папоўніліся, у 1934 створаны аддзел сав. мастацтва. Мае выдатныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу, жывапісу і скульптуры (самая вял. ў Расіі), графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва 18—20 ст. Музей — адна з вядучых навук.-маст. устаноў. У 1906—30 у этнагр. аддзеле Р.м. працаваў А.К.Сержпутоўскі.
Літ.:
Государственный Русский музей: Живопись XVIII—нач. XX в.: Кат.Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫЙ (лац. Samarium),
Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага 147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙1011 гадоў). У зямной кары 710−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).
Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.
адна са старэйшых вышэйшых маст. навучальных устаноў Расіі. Засн. ў 1876 у Пецярбургу як Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання барона А.Л.Штыгліца. У 1922 уведзена ў склад петраградскага Вышэйшага тэхн.-маст. ін-та. У 1945 адноўлена як Ленінградскае маст.-прамысл. вучылішча, з 1948 ВНУ, з 1953 імя Мухінай, з 1994 сучасная назва. Рыхтуе мастакоў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасцях: дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. афармленне і мадэліраванне вырабаў, інтэр’ер і абсталяванне, прамысл. мастацтва, манум.-дэкар. мастацтва, а таксама выкладчыкаў малявання і дэкар.-прыкладнога мастацтва для маст.-прамысл. школ. Мае ф-ты манум., дэкар.-прыкладнога і прыкладнога мастацтваў; аспірантуру. Створаны музей дэкар.-прыкладнога мастацтва. У розныя часы ў вучылішчы выкладалі П.Бучкін, С.Васількоўскі, Р.Фрэнц, Г.Савіна. Вучылішча скончылі бел. мастакі М.Кірылаў, У.Мурахвер, Л Мягкова, М.Міхалап, А.Някрасаў, С.Палякоў, Л.Панамарэнка, У.Пракоф’еў, М.Рыжанкоў, А.Салаўёў, І.Харламаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),
гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс.чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПА́НІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Белтэлерадыёкампанія. Бярэ пачатак ад створанага ў 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925. Назва, функцыі, структура арг-цыі мяняліся адпаведна з развіццём і задачамі радыёвяшчання і тэлебачання.
У пач. 1926 створана Радыёкалегія пры аддзеле агітацыі і прапаганды ЦККП(б)Б, з ліп. 1928 у веданні Нар. камісарыята поштаў і тэлеграфаў, з крас. 1932 — Усебел. к-т радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, з снеж. 1933 К-т радыёфікацыі і радыёвяшчання пры СНКБССР (з сак. 1946 пры СМБССР), з жн. 1949 К-т радыёінфармацыі пры СМБССР, з мая 1953 Гал. ўпраўленне радыёінфармацыі Мін-ва культуры БССР, з чэрв. 1957 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з мая 1962 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з снеж. 1965 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з крас. 1967 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з ліп. 1970 Дзярж.к-тСМБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1978 Дзярж.к-т Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з студз. 1992 Нац.дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі Мін-ва інфармацыі Рэспублікі Беларусь. з сак. 1994 Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1994 — сучасная назва.
Арганізуе і каардынуе работу разгалінаванай сеткі тэле- і радыёвяшчання, распрацоўвае і ўкараняе на практыцы канцэпцыю перспектыўнага развіцця нац. вяшчання і ўдасканалення тэхн. базы, вызначае прыярытэтныя кірункі ў рабоце калектыву. У складзе Белтэлерадыёкампаніі — Рэспубліканская студыя тэлебачання, Рэсп. радыё, рэсп. радыётэлецэнтр (РРТЦ), распарадчая дырэкцыя, рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае і Магілёўскае абл. тэлерадыёаб’яднанні. У склад Бел. радыё ўваходзяць дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыя «Сталіца», у склад Бел. тэлебачання — дырэкцыя праграм, 8 вяшчальных рэдакцый, творчае аб’яднанне «Тэлефільм». На базе рэдакцый інфарм. праграм тэлебачання і радыё створана Інфарм. агенцтва Белтэлерадыёкампаніі. Працуюць таксама сімф. аркестр, акад. і дзіцячы хары, ансамбль нар. музыкі «Бяседа», фальклор-тэатр «Госціца» і камерна-інстр. ансамбль. Белтэлерадыёкампанія — член Еўрапейскага вяшчальнага саюза 42 дзяржаў.
Літ.:
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎу Маскве.
Склаўся на базе 5 асн.гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назват. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц.назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.