КАНКУРЭ́НЦЫЯ (позналац. concurrentia сутыкацца, спаборнічаць),

эканам. барацьба паміж вытворцамі (прадаўцамі) тавараў, а ў агульным выпадку — паміж любымі эканам., рыначнымі суб’ектамі; саперніцтва за долю рынку і прыбытку. К. — гэта цывілізаваная легалізаваная форма барацьбы за існаванне і адзін з найб. дзейсных механізмаў адбору і рэгулявання рыначнай эканомікі. К. і інтэграцыя ствараюць дыялектычнае адзінства, пастаянна дапаўняюць адна адну і процістаяць адна адной. Можа быць унутрыгаліновая (прадметная, міжфірменная) і міжгаліновая. Унутрыгаліновая К. вядзецца паміж аналагічнымі таварамі, якія задавальняюць адну і тую ж патрэбу, але адрозніваюцца цаной, якасцю, асартыментам. Пры міжгаліновай К. ў барацьбу ўключаюцца суб’екты рынку і тавары розных галін, якія задавальняюць патрэбы рознымі спосабамі (напр., тавары для спорту, турызму, адпачынку). У гэтым выпадку барацьба ідзе за плацежаздольны попыт насельніцтва. Такі від К. наз. таксама функцыянальным. Цэнавая К. прадугледжвае продаж тавараў або прапанову паслуг па больш нізкіх цэнах, чым іншыя канкурэнты. Няцэнавая К. — прапанова тавараў больш высокай якасці, больш шырокага асартыменту. Асаблівае значэнне маюць эканамічнасць і эстэт. паказчыкі прадукцыі, яе бяспечнасць. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў рынку адрозніваюць К. дасканалую (чыстую, ідэальную, сустракаецца рэдка), і недасканалую. Дасканалая К. вядзецца з мноствам падобнага, узаемазамяняльнага тавару, прычым ні адна асобная група не можа ўплываць на кошт і маштабы продажу тавараў. Манапалістычная К. вядзецца з вял. колькасцю прадаўцоў і пакупнікоў пры значнай разнастайнасці тавараў (прадаюцца па розных цэнах); алігапалістычная К. — з невял. колькасцю буйных прадаўцоў, здольных уплываць на цэны тавараў. Пра недасканалую К. або неканкурэнтны рынак размова ідзе тады, калі пакупнікі або прадаўцы маюць магчымасць уздзейнічаць на рыначную цану. Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы мае месца н я добрасумленная К., якая выяўляецца ў парушэнні прынятых на рынку правіл і норм, у дэзінфармацыі пра годнасць тавару, выкарыстанні чужога таварнага знака, фірменнай назвы, маркіроўкі, у тайных змовах на таргах і інш. К. выступае абавязковай умовай дынамічнага і эфектыўнага развіцця міжнар. гасп. сувязей, паскарэння эканам. інтэграцыі. У сучасных інтэграцыйных працэсах высокая канкурэнтная здольнасць прадукцыі з’яўляецца фактарам эканам. незалежнасці і бяспекі краіны, забяспечвае станоўчую дынаміку экспарту, садзейнічае поспеху ў саперніцтве з замежнымі таварамі на знешнім рынку, а таксама росту эканам. патэнцыялу дзяржавы.

В.​В.​Старыкаў, М.​Р.​Лобач, Г.​Ч.​Лянькевіч.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й (ад цюркска-манг. алтан залаты),

горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас. Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.

Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.

На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987.

А.​М.​Баско.

Да арт. Алтай. Горны Алтай.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),

група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).

Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.

Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.

Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.​Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.

Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн. дол. ЗША, каля 10 тыс. дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс. чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л. з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн. дол., імпарт — каля 250 млн. дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ АМЕ́РЫКІ У Амерыцы жыве каля 820 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998),

у т. л. ў Паўн. Амерыцы каля 470 млн., у Паўд. каля 350 млн. У расавых адносінах насельніцтва разнастайнае, змяшаліся тыпы і падтыпы ўсіх 3 вялікіх рас.

Да еўрапеоіднай расы (каля 440 млн. чал.) належыць каля 90% насельніцтва Паўн. і каля 30% Паўд. Амерыкі. Метысы — нашчадкі ад індзейска-еўрап. шлюбаў (больш за 180 млн.) — асн. насельніцтва Мексікі, цэнтр.-амер. краін, Венесуэлы, Калумбіі, Парагвая; мяшаная еўрап.-афр. група (мулаты), да якой належыць 6. ч. неграў ЗША, складае прыкметную долю насельніцтва Бразіліі, краін Вест-Індыі (каля 100 млн. чал.). Да метысаў і мулатаў адносяцца таксама групы мяшанага індзейска-негрыцянскага і індзейска-негрыцянска-еўрап. паходжання. Да негроіднай расы (каля 50 млн. — нашчадкі неграў-рабоў) належаць асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі і некаторых інш. краін Вест-Індыі, а таксама ч. насельніцтва Бразіліі і ЗША. Абарыгены-індзейцы (каля 45 млн., разам з асобнымі групамі, якія перайшлі на англ. або ісп. мову) адносяцца да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы. Да гэтай расы належаць таксама эскімосы і алеуты (разам 116 тыс.), групы эмігрантаў з краін Азіі (кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш.). Кансалідацыя многіх нацый і народнасцей Амерыкі яшчэ не закончана. Большасць краін, у т. л. самыя вялікія — ЗША, Бразілія, Мексіка, Калумбія, Канада, Аргенціна — шматнацыянальныя. У некаторых краінах з нядаўніх імігрантаў (англічан, ірландцаў, немцаў, італьянцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў і інш.) склаліся т. зв. пераходныя групы, якія не асіміляваны асн. народамі, але ўжо парвалі сувязі з радзімай. Амаль у кожнай краіне ў розных прапорцыях ёсць асобныя этн. групы: асн. народ (у Канадзе, Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале гэта 2 народы, у Канадзе — англа- і франка-канадцы, у Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале — іспанамоўныя перуанцы, балівійцы, эквадорцы, гватэмальцы і блізкія да іх па колькасці індзейскія народы кечуа, аймара, майя і інш.; на мове індзейцаў гуарані і ісп. мове гавораць парагвайцы); карэнныя народы (індзейцы, эскімосы); пераходныя групы; нац. меншасці (выхадцы ў апошнія дзесяцігоддзі з Еўропы і Азіі). 61 народ налічвае больш за 500 тыс. чал. кожны і складае больш за 706 млн. чал. (86% усяго насельніцтва), з іх 2 народы маюць больш чым па 100 млн. чал. (амерыканцы ЗША 194,2, бразільцы 149,4) і 21 народ больш чым па 5 млн. чал. (мексіканцы 91,1, калумбійцы 34,5, аргенцінцы 30, венесуэльцы 17,4, кечуа 14,9, чылійцы 11,8, кубінцы 11,7, англа-канадцы 10,8, перуанцы 10,4, італьянцы 8,1, дамініканцы 7,4, немцы 7,3, франка-канадцы 7,2, эквадорцы 6,7, яўрэі 6,6, палякі 6,2, гаіційцы 6, гватэмальцы 5,7, пуэртарыканцы 5,6, гандурасцы 5,2, сальвадорцы 5,1). У ЗША, Канадзе, Аргенціне, Уругваі жывуць каля 30 тыс. беларусаў. Колькасць нашчадкаў беларусаў у Амерыцы, відаць, перавышае 1 млн. Большасць насельніцтва Амерыкі гаворыць на індаеўрапейскіх мовах (пераважна германскай і раманскай груп). На раманскіх мовах гаворыць каля 500 млн. чал., з іх 323 млн. — на ісп. (мексіканцы, калумбійцы, аргенцінцы, венесуэльцы, чылійцы, кубінцы, перуанцы, дамініканцы, эквадорцы і інш.), 152 млн. — на партуг. (бразільцы і партугальцы), 15 млн. — на франц. (франка-канадцы, гаіційцы, французы, гвадэлупцы і інш.), 10 млн. — на італьян. і інш. раманскіх мовах. На германскіх мовах гавораць каля 240 млн., з іх каля 225 млн. — на англійскай (амерыканцы, англа-канадцы, яўрэі, ямайцы і многія народы Вест-Індыі, англічане), 15 млн. — на ням., галандскай, нарв., швед., дац., шатландскай. Каля 10 млн. гавораць на мовах інш. груп індаеўрап. сям’і: слав. (палякі, рускія, украінцы, чэхі, славакі, сербы, харваты, славенцы, македонцы, беларусы і інш.), балт. (літоўцы і латышы), кельцкай (частка ірландцаў), інд. (выхадцы з Індыі і Пакістана), іранскай (пераважна іранцы і курды), а таксама грэч. і армянскай. Жывуць прадстаўнікі інш. моўных сем’яў Еўропы і Азіі — венгры, фіны, арабы, японцы, кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш. На мовах індзейцаў Амерыкі гавораць каля 32—45 млн. чал. Многія дробныя плямёны страцілі свае мовы, перайшлі на ісп., партуг. або англ. мовы. На 11 найб. індзейскіх мовах размаўляе каля 25 млн. чал., у т. л. на мове кечуа — 14,9 млн. (Перу, Балівія, Эквадор і горныя раёны суседніх краін), гуарані — 3,9 млн. (Парагвай), аймара — 2,2 млн. (Балівія і Перу), ацтэкскай — 1,1 млн. (Мексіка), араўканскай або мапучэ — 0,9 млн. (Чылі). Да моў карэннага насельніцтва адносяцца таксама эскімоская (узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і Грэнландыі) і алеуцкая (Алеуцкія а-вы). Ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах пашырана каталіцтва; некаторыя індзейскія плямёны ўнутр. раёнаў прытрымліваюцца сваіх племянных вераванняў. У Паўн. Амерыцы каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (баптысцкай, метадысцкай, лютэранскай, прэс-вітэрыянскай і інш.); больш за 30% — католікі. Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. У Вест-Індыі пераважае каталіцтва, на Ямайцы і Барбадасе асн. масы жыхароў — пратэстанты.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Высако́сны (БРС). Рус. високо́сный, укр. високо́сний, балг. (з рус.) високо́сен, макед. високосен. Ст.-рус. висекостъ сустракаецца ў помніках з XIII ст. Утворана ад високосъ (< больш старажытнага високостъ) ’дадатковы дзень у лютым’ з дапамогай суф. ‑ьн (Шанскі, 1, В, 106). Високостъ, відавочна, з *висекъстъ, адкуль висекостъ, потым у выніку асіміляцыі — ст.-рус. форма. Крыніцай ст.-рус. слова з’яўляецца с.-грэч. βίσεξτος з лац. bissextus, літаральна ’двойчы шосты’ (Гл. Шанскі, там жа; Фасмер, 1, 320; Рудніцкі, 1, 399). Форма высакосны збліжана з высокі (Савінаў, РФВ, 21, 37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́лата ’долата’ (БРС). Рус. долото́, укр. долото́, чэш. dláto, польск. dłuto, балг. длато́. Зыходным для гэтых форм з’яўляецца прасл. *dolbto (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 60), якое лічыцца больш старым, чым *delbto (балг. длето́, серб.-харв. дле́то, чэш. dletko; гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 205). Параўн. ст.-прус. dalptan ’прабойнік’. Утварэнне з суфіксам *‑to ад асновы *dolb‑, якая мае іменны вакалізм ‑o‑. Формы тыпу *delb‑ лічацца другаснымі. У аснове ляжыць *delb‑: *dьlb‑: *dolb‑ ’дзяўбці’. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526; Траўтман, 54; Бернекер, 1, 183.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́бы ’быццам, як бы’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), нібы́ ’быццам, нібы’ (Бяльк.), нібу ’як быццам, нібы’ (ТС), укр. ні́би, польск. niby. З ні ў параўнальнай функцыі і бы (гл.), што функцыянальна адпавядае рус. как бы, чэш. jakoby і пад. (ESSJ SG, 2, 488). Больш частая форма нібыта, нібытта выводзіцца Карскім непасрэдна з дзеяслоўнай формы быць у спалучэнні з адмоўем і часціцай (Карскі 2–3, 85; 1, 245), у карысць чаго можа сведчыць і магіл. нібы́ццам ’быццам’ (Бяльк., Ян.), калі гэта не вынік кантамінацыі (нібы × быццам).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кром 1 ’хвоя са спілаванай вяршыняй для борцей’ (ТС). Параўн. кромка (гл.).

Кром 2 ’акрамя, апрача’ (ТС). Укр. крім, рус. кроме ’тс’. Параўн. ст.-рус. кромѣ ’асобна’, рус. кром ’край, канец’, ст.-слав. кромѣ ’апрача’, чэш. kromě ’тс’, в.-луж. kroma ’край’, ст.-польск. kromie ’апрача’, польск. kroma ’кавалак, скарынка’. З гэтых супастаўленняў відаць, што прасл. kromě ’апрача’ loc. sing. ад kroma ’частка, край’. Параўн. ст.-в.-ням. hrama ’рама’, ст.-англ. hremman ’перагароджваць, заступаць’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя (параўн. Пятлёва, Этимология–1974, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́кнуць ’вельмі хацець’ (Сл. паўн.-зах.), укр. лапнуты ’жадаць’, ’быць прагным’, польск. łaknąć ’быць галодным’, ’прагна есці’, ’быць пажадлівым’, ’вельмі хацець чаго-небудзь’, ’хацець піць’, рус.-ц.-слав. лапнуты ’галадаць’, ’прагна хацець’, славен. lȃkniti ’згаладнець’. Прасл. olknęti. Да прасл. olkati ’галадаць, быць галодным’. Параўн. літ. alkti ’галадаць’, ’жадаць’, дат. alkt ’хацець піць’, ’адчуваць голад, моцна жадаць’, ’быць пажадлівым’. Магчыма, роднасным з’яўляюцца: ст.-в.-ням. ilgi ’голад’ (Траутман, 6–7; Фасмер, 2, 452, дзе даецца больш падрабязная літаратура), ірл. еіс ’злы’ (Развадоўскі. Wybór, 2, 158–159; Покарны, 307).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)