сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал.былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд.ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр.ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр.ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж.ген.-палк. Я.Ц.Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.С.Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж.ген.-лейт. Ф.Я.Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.А.Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер.ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл.Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст.сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж.герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж.сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач.студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс.нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн.стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв.кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн.чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял.Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн.чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».
Літ.:
Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;
Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;
Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;
Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),
сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч.аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.
Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.А.Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.Ч.Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.А.Захар’ін, А.А.Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.
На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук.мед.-біял. думку (гл.Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л.Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд.мед.навук.Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.А.Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.У.Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г.навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж.навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш.біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма прафесійнага навучання музыкантаў розных спецыяльнасцей (кампазітары, выканаўцы, педагогі, музыказнаўцы), якая забяспечвае набыццё імі ведаў і навыкаў, неабходных для муз. дзейнасці. На Беларусі складаецца з 3 ступеняў: пачатковай — 7-гадовыя дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў; сярэдняй спецыяльнай — 4-гадовыя муз. і муз.-пед. вучылішчы, вучылішчы мастацтваў, каледжы, 12-гадовыя ліцэі пры кансерваторыях і акадэміях музыкі; вышэйшай — кансерваторыі, акадэміі музыкі, ф-ты музыкі ін-таў мастацтваў, муз.-пед. ф-ты пед. ін-таў і ун-таў, ун-ты культуры, а таксама магістратура, асістэнтура-стажыроўка (для выканальніцкіх спецыяльнасцей) і аспірантура.
На Беларусі ўзнікненне пач. форм М.а. звязана з дзейнасцю цэркваў, манастыроў (Сафійскі сабор, 2-я пал. 11 ст.; Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебская ў Гродне, усе 12 ст., і інш.) — гал. асяродкаў пісьменнасці таго часу, пры якіх існавалі школы. З 16 ст. пэўнае значэнне ў пашырэнні М.а. мелі брацкія школы і вучылішчы (у Мінску, Брэсце, Магілёве, Пінску), езуіцкія бурсы і калегіумы (Полацк, Нясвіж, Мінск і інш.). Адметная рыса муз. культуры Беларусі 18 ст. — дзейнасць прыватнаўласніцкіх т-раў і створаных пры іх аркестраў і капэл, для якіх кваліфікаваныя кадры рыхтавалі муз. школы, у т. л. Нясвіжская, Слуцкая, Слонімская, Шклоўская (гл. адпаведныя арт.), Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза. 1-я пал. 19 ст. адзначана разнастайнасцю форм калектыўнага і індывід. музіцыравання, пашыранага пераважна ў навуч. установах Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Магілёва, Бабруйска і інш. М.а. набыла больш сістэматычны характар. Адкрыты муз. школы ў Гомелі (1830; пры ёй дзейнічаў духавы аркестр, кіраўнік школы і арк. Т.Сіпайла), у Мінску (1840) на чале з В.Стафановічам (рыхтавала музыкантаў для аркестра). У 1820—50-я г. значную ролю ў пашырэнні муз. ведаў адыгралі жаночыя пансіёны — агульнаадук. прыватныя навуч. ўстановы, у т. л. пансіёны М.Мантэграндзі, Д.Стафановіча, Цаханскай, Шнейдэр у Мінску, Мацэёўскага і Багдановічаў у Пінску, А.Петрашэнь у Гомелі, Яноўскай у Віцебску, Полацку, Гейдэль у Слуцку, Беера ў Мсціславе, Шастакоўскай у Брэсце і інш. Пэўную ролю ў М.а. адыгралі музычныя таварыствы, а таксама прыватныя ўрокі кваліфікаваных педагогаў — ураджэнцаў Беларусі, якія скончылі Пецярбургскую, Маскоўскую, Варшаўскую, Кёльнскую кансерваторыі. Працавалі таксама Мінская вакальная студыя Муранскай, Мінская музычная школа Шацкінай, Магілёўская муз. школа М.Пячкоўскай (з 1886), Мінскае вучылішча арганістаў. У пач. 20 ст. арганізаваны курсы сольных спеваў Ю.Рэйдэр у Магілёве (1902), Мінскае музычнае вучылішча, муз. школа С.Захарына ў Гомелі, муз. класы пры Віцебскім аддзяленні Рус.муз.т-ва (1915). У 1920-я г. арганізоўваліся самадз. гурткі, студыі, выканальніцкія калектывы; уводзілася выкладанне музыкі як абавязковага прадмета ў агульнаадук. школах; пашыралася канцэртна-асв. дзейнасць музыкантаў. У ліку першых прафес.муз. устаноў на Беларусі былінародныя кансерваторыі, у т. л. ў Віцебску (1918), Гомелі і Мінску (1919), Бабруйску (1921). Важнае значэнне мела арганізацыя музычных школ, тэхнікумаў у Віцебску (1922), Мінску (1924) і інш., якія пазней перайменаваны ў вучылішчы і каледжы (гл.Музычныя вучылішчы, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.Рымскага-Корсакава, Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага). У 1932 у Мінску адкрыта Бел. кансерваторыя (з 1992 Беларуская акадэмія музыкі). У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, 9 муз. вучылішчаў, 2 каледжы (Брэсцкі музычны і Гомельскі мастацтваў), Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка (гл.Беларускі ліцэй мастацтва), Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, 526 дзіцячых муз. школ і школ мастацтваў, 4 вучылішчы мастацтваў (Мінск, Пінск, Гродна, Віцебск), Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.Крупскай, Беларускі універсітэт культуры, муз.-пед.ф-тБел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка, пед.ф-тБел. акадэміі музыкі ў Магілёве.
Літ.:
В первые годы советского музыкального строительства. Л., 1959;
Из истории советского музыкального образования: Сб. материалов и док., 1917—1927. Л., 1969;
Асафьев Б.В. Избранные статьи о музыкальном просвещении и образовании. 2 изд Л, 1973;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Врпросы музыкальной педагогики Вып. 1—7. М., 1979—86;
Орлова Е.М. Методические заметки о музыкально-историческом образовании в консерваториях. М, 1983;
Лагутин А.И. Основы педагогики музыкальной школы. М., 1985;
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII в. ... Казань, 1898;
Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;
Яконюк В.Л. Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1992;
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,
дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт.Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач.кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.А.Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРКБССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр.БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш.культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш.фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн.руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.
Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс.дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦККП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, У.Дубоўка, А.Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).
Літ.:
Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;
Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;
Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;
Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;
Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст.былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі.Якімовіч.Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай.Ракітны./ Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары.Васілевіч.Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза.Янкоўскі.// Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае.Гамолка.
2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе.В. Вольскі.// Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна.Колас.Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў.Бядуля.
3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека.Чарнышэвіч.[Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай.Сабаленка.// Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.
4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе.Астрэйка.Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!»Жычка.
5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг.Лынькоў.Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце.Брыль.//Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей!«Звязда».// Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды.Шамякін.// Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане.«Беларусь».
6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну.Паўлаў.// Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру.Чарнышэвіч.Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана.Шыцік.
7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца...Бядуля.Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты.Крапіва.
8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі.«Беларусь».// Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.
9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех.Васілевіч.[Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак.Марціновіч.// Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае.Маўр.Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе.Мележ.
10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка.Гамолка.//перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава.Сабаленка.
11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб.Гаўрусёў.
•••
Цяжкая атлетыкагл. атлетыка.
Цяжкая вадагл. вада.
Цяжкая кавалерыягл. кавалерыя.
Цяжкая прамысловасцьгл. прамысловасць.
Цяжкія металыгл. метал.
Цяжкая рука; цяжкі на рукугл. рука.
Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.
Цяжкі хлебгл. хлеб.
цяжкі́, ‑а́я, ‑о́е.
Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі.Крапіва.Наперадзе будзе цяжкое спатканне...Дубоўка.Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос.Панчанка.Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая.Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі-ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),
Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст.быліт. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.