СТАТЫ́СТЫКА (ням. Statistik ад лац. status стан),
1) від грамадскай дзейнасці, скіраванай на атрыманне, апрацоўку і аналіз інфармацыі, якая характарызуе колькасныя заканамернасці жыцця грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці (тэхн.-эканам., сац.-эканам., сац.-паліт. з’явы, культура).
2) Галіна грамадскай навукі, якая вывучае і сістэматызуе паказчыкі найб. тыповых масавых эканам., сац., паліт. з’яў і працэсаў, іх змены з цягам часу, надаючы ім лічбавае выражэнне.
Пачатак стат. практыкі адносіцца да часоў узнікнення дзяржавы. Элементарны ўлік зямель і насельніцтва вёўся ўжо ў стараж. Кітаі, Індыі, Егіпце, Грэцыі, Рыме, дзе перыядычна праводзілі перапісы насельніцтва і зямельных угоддзяў. З 16 ст. ў Францыі пачала складвацца гандлёвая С., у Англіі выдаваліся афіц. прэйскуранты і апісанні асобных дзяржаў з мноствам стат. звестак. У Зах. Еўропе пашырылася дэмаграфічная С. У Расіі стат. звесткі змяшчалі ў пісцовых кнігах, матэрыялах рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 створаны стат. к-т (перайменаваны ў 1859 у Цэнтр. стат. к-т) і стат. к-ты ў губернях. У ВКЛ праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага (першы попіс адбыўся ў 1528), вяліся інвентары маёнткаў і тарыфаў падымнага падатку (гл. Падымнае). У 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ. Збору стат. матэрыялаў спрыяла ўведзеная на Беларусі земская статыстыка. Заснавальнікам стат. навукі лічыцца англ. вучоны-эканаміст У.Пеці, які ў працы «Палітычная арыфметыка» (1683) вызначыў С. як апісальную навуку. Сістэм. выкарыстанне матэм. метадаў пры апрацоўцы стат. звестак увёў бельг. вучоны А.Кетле, які арганізаваў 1-ы міжнар. стат. кангрэс (1853). У Расіі навук. С. з’явілася ў 1770-я г. ў выглядзе «дзяржавазнаўства», прыхільнікі якога гал. задачай лічылі комплекснае апісанне дзяржаў (М.М.Шчарбатаў). Уклад у С. зрабілі К.Ф.Герман (1767—1838), Ю.Э.Янсан (1835—1893), Д.П.Жураўскі, А.Ч.Чупроў (1842—1908) і інш. У 1820—40-я г. выдадзены першыя стат. табліцы аб стане гарадоў, некалькі зборнікаў стат. звестак па Рас. імперыі. Губ. стат. к-ты выдавалі памятныя кніжкі і агляды губерняў, у якіх змяшчалі сабраную рознымі ведамствамі і апрацаваную С. прам-сці, землеўладання, с.-г., дэмагр., мед., адукацыі, судовую, пра склад і рух насельніцтва, стан гандлю, шляхоў зносін, сродкаў сувязі і інш. Памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пачалі выходзіць з 1860, Магілёўскай — з 1861; агляды — Магілёўскай губ. з 1878, Гродзенскай — з 1879, Віцебскай і Мінскай — з 1881. Першай стат. установай у БССР было Цэнтр. стат. бюро (з 1920), рэарганізаванае ў 1924 у Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ) БССР.
З утварэннем Рэспублікі Беларусь сістэма дзярж. С. перабудавана. Удасканальваюцца метады збору інфармацыі і вядзення колькаснага аналізу грамадскіх працэсаў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі; пашыраецца супрацоўніцтва з замежнымі стат. органамі, з Еўрастатам, Сусв. банкам, Міжнар. валютным фондам і інш. У 1992 прынята спец. праграма пераходу на міжнар. сістэму С. і ўліку. У 1994 створана Мін-ва С. і аналізу Рэспублікі Беларусь. Працуюць абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, ва ўсіх раёнах і буйных гарадах — аддзелы дзярж. С., якія дзейнічаюць на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (1997). У 1998 створана Бел. стат. асацыяцыя, якая аб’ядноўвае спецыялістаў, занятых у С., і ставіць за мэту папулярызацыю стат. ведаў, пашырэнне прафес. міжнар. сувязей. Кадры ў галіне С. рыхтуюць у БДУ і Бел. дзярж. эканам. ун-це.
Своеасаблівае становішча С. ў сістэме навук вызначае яе арган. сувязь з навук. дысцыплінамі, якія вывучаюць асн. заканамернасці і якасныя асаблівасці розных з’яў і працэсаў у жыцці грамадства (эканам. тэорыя, гісторыя, сацыялогія, матэматыка і інш.). Больш вядома С. як галіна практычнай дзейнасці. Практычная С. складаецца з агульнай тэорыі С., макраэканам. С. і С. галін эканомікі. Агульная тэорыя С. раскрывае метадалагічныя асновы арганізацыі назіранняў за масавымі з’явамі і працэсамі, сукупнасць метадаў апрацоўкі стат. звестак. Мнагамерны стат. аналіз (МСА) дазваляе апрацоўваць звесткі, якія характарызуюцца мноствам адзнак. Макраэканамічная С. — метадалагічны інструментарый для макраўзроўневага адлюстравання і аналізу эканомікі. Цэнтральнае месца ў ёй займае сістэма нацыянальных рахункаў. С. галін эканомікі — метадалагічны інструментарый і сістэма арганізац. мерапрыемстваў, які забяспечваюць збор, апрацоўку і звядзенне інфармацыі па галінах эканомікі (прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту і інш.). Адрозніваюць таксама віды С., якія інтэгруюць паказчыкі розных галін (сац., працы, знешняга гандлю, матэрыяльных рэсурсаў і інш.). Асобнае месца займае С. дамашняй гаспадаркі і дэмаграфічная.
С. насельніцтва (дэмаграфічная) даследуе працэсы натуральнага і мех. руху насельніцтва. Вывучае яго колькасць і склад паводле полу, узросту, сямейных адносін, нацыянальнасці, адукацыі, размяшчэнне на тэр. краіны і яго міграцыю; аналізуе фактары дэмаграфічных працэсаў (нараджальнасць, смяротнасць, шлюбы і разводы, працягласць жыцця і інш.). Найб. дакладныя і падрабязныя звесткі пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі дае ўсеагульны перапіс насельніцтва. У прамежках паміж перапісамі крыніцамі стат. звестак з’яўляюцца бягучыя рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, дамавыя кнігі і інш.
С. працы даследуе наяўнасць, склад і выкарыстанне прац. рэсурсаў, у т. л. колькасны склад рабочых і служачых, арганізацыю выкарыстання рабочага часу, узровень і дынаміку аплаты працы, прадукцыйнасць працы, баланс прац. рэсурсаў і вартасць рабочай сілы.
С. ўзроўню жыцця насельніцтва і сацыяльнай сферы даследуе жыццёвы ўзровень народа і параўноўвае яго з інш. краінамі. Яна фарміруецца на аснове аналізу паказчыкаў жыл.-камунальнай гаспадаркі, сац. абароны, аховы здароўя, грамадскага харчавання, гандлю, транспарту, сувязі, культуры, адукацыі, навукі і інш. Сістэма паказчыкаў уключае велічыню даходаў і спажыванне на душу насельніцтва прадуктаў харчавання (і іх структуру) і непрадуктовых тавараў, паслуг сувязі, транспарту, устаноў аховы здароўя, культуры, грамадскага харчавання і гандлю, умовы жылля, працы і зарплаты, выкарыстанне вольнага часу і інш. Традыц. стат. даныя дапаўняюцца звесткамі спец. сацыялагічных абследаванняў, ацэнкамі экспертаў.
С. прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя вывучае велічыню, склад і выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і аналізуе стан аховы навакольнага асяроддзя (атм. паветра, водныя, зямельныя, лясныя рэсурсы, жывёльны і раслінны свет). Уключае паказчыкі геалогіі і разведкі нетраў, лясной і воднай гаспадаркі, прыродаахоўнай дзейнасці розных галін эканомікі. Выкарыстоўваецца пры распрацоўцы дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні кампанентаў навакольнага асяроддзя, для кантролю за выкананнем гэтых мерапрыемстваў і пры планаванні буд-ва новых вытв. аб’ектаў (гл. таксама Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова прыроды, Ахова раслін), а таксама пры распрацоўцы Сістэмы эколага-эканам. ўліку (СЭЭУ), якая дазваляе на міжнар. узроўні ацэньваць эканам. эфект узаемаадносін грамадства і навакольнага асяроддзя.
С. нацыянальнага багацця даследуе і вядзе ўлік матэрыяльных і нематэрыяльных актываў, якімі валодае краіна і яе замежныя рэзідэнты. Адрозніваюць: вырабленыя нефін. актывы (асн. і абаротныя сродкі, каштоўнасці, маёмасць насельніцтва і інш.); нявырабленыя нефін. актывы (зямля, нетры, натуральныя біял., водныя рэсурсы і інш.); фін. актывы (манетарнае золата, грашовая наяўнасць, дэпазіты, акцыі і інш. каштоўныя паперы, спец. правы запазычання). Сістэма паказчыкаў: аб’ём і кампанентны склад нац. багацця, выкарыстанне і яго эфектыўнасць, працэс узнаўлення. Асн. палажэнні па класіфікацыі і ўліку нац. багацця змяшчае ў сабе сістэма нац. рахункаў.
С. прамысловасці даследуе працэсы і з’явы па галінах і рэгіёнах (аб’ём, структура і якасць вырабленай прадукцыі, яе рэалізацыя, запасы, рытмічнасць вытв-сці і інш.; фін. вынікі вытв. і камерцыйнай дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў; умовы вытв. дзейнасці, у т. л. наяўнасць і выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў, аплата працы і яе прадукцыйнасць, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі і інш.
С. сельскай гаспадаркі вывучае працэсы і з’явы ў с.-г. вытв-сці. Дае магчымасць рабіць вывады пра стан і развіццё галіны, пра мэтазгоднасць існуючага размеркавання вытв-сці с.-г. прадукцыі па тэрыторыях і гаспадарках, ацэньваць узровень канцэнтрацыі і спецыялізацыі с.-г. вытв-сці, выяўляць рэзервы павышэння яе эфектыўнасці. Адыгрывае важную ролю пры вызначэнні харчовай і сыравіннай бяспекі краіны. Уключае С.: зямельнага фонду, раслінаводства, жывёлагадоўлі, с.-г. прадукцыі, нарыхтовак, мат.-тэхн. базы, а таксама адпаведныя раздзелы С. працы і фін. дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў. Асн. крыніцы яе звестак — справаздачы калгасаў, саўгасаў, акц. т-ваў, фермерскіх гаспадарак, выбарачныя назіранні за падсобнымі гаспадаркамі насельніцтва, аднаразовыя ўлікі (склад працаўнікоў па адукацыі, перапісы ўгоддзяў, пасяўных плошчаў, жывёлы, асн. сродкаў і інш.).
С. будаўніцтва вывучае працэсы і з’явы, звязаныя з ажыццяўленнем капітальных укладанняў для ўзнаўлення асн. фондаў і з вытв. дзейнасцю буд-ва. Уключае С.: капітальных укладанняў, дзейнасці буд. і праектна-пошукавых арг-цый. Сістэма паказчыкаў: аб’ёмы інвестыцый, іх склад і крыніцы, увод у дзеянне асн. фондаў і вытв. магутнасцей, аб’ём незавершанага буд-ва, буд.-мантажных работ, праектна-пошукавых работ і інш. Разам са справаздачнасцю крыніцамі звестак з’яўляюцца перапісы, аднаразовыя ўлікі і абследаванні.
С. транспарту вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў гэтай галіне. Адрозніваюць грузавыя і пасажырскія перавозкі, работу розных відаў транспарту (аўтамаб., чыг., гар. эл., рачны, паветраны, трубаправодны). Да спецыфічных яе паказчыкаў адносяцца: аб’ём перавозак, эксплуатацыя транспарту, стан парка трансп. сродкаў, працягласць і стан шляхоў зносін і інш.
С. сувязі вывучае працэсы развіцця сетак сувязі і эксплуатацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў паштовай, тэлеграфнай, тэлефоннай сувязі, радыёвяшчання і тэлебачання. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца: развіццё і размяшчэнне сеткі ўсіх відаў сувязі (стацыянарныя прадпрыемствы, лінейныя збудаванні, пункты), якасць абслугоўвання (хуткасць і надзейнасць дастаўкі інфармацыі) і інш.
С. гандлю вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў сферы тавараабарачэння: таварна-грашовы абмен, тавараабарот, узровень і рух рознічных цэн, якасць гандл. абслугоўвання, развіццё і размяшчэнне сеткі гандл. прадпрыемстваў і інш. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца таварныя запасы і іх абарачальнасць. Аналіз дынамікі цэн спажывецкіх тавараў дае магчымасць рабіць вывад пра ўзровень інфляцыі. Збор звестак вядзецца ў двух кірунках: справаздачнасць буйных гандл. прадпрыемстваў і выбарачнае назіранне за сярэднімі, дробнымі і рынкамі.
С. фінансаў вывучае з’явы і працэсы ў сферы фінансава-грашовага абарачэння і крэдыту. Адлюстроўвае наяўнасць фін. рэсурсаў, іх рух і дзейнасць фін.-крэдытных устаноў. Уключае С.: грашовага абарачэння, дзярж. фінансаў, фінансаў прадпрыемстваў, страхавання, падаткаў і падатковай сістэмы, каштоўных папер і фондавых біржаў, банкаўскую, крэдыту. Дазваляе распрацоўваць балансы фін. рэсурсаў, вылічваць бягучыя і будучыя крэдытныя стаўкі, плацежаздольнасць прадпрыемстваў і ўстаноў, падатковых даходаў, валютнай ліквіднасці і інш.
С. знешняга гандлю вывучае аб’ёмы, структуру і дынаміку знешняга гандлю, яго геагр. размеркаванне, склад тавараў, долю краіны ў сусв. тавараабароце, а таксама ролю знешняга гандлю ў эканоміцы краіны. Вядзе ўлік імпарту, экспарту і транзіту ў вартасных і колькасных выражэннях. Асн. крыніцы звестак — справаздачы прадпрыемстваў-экспарцёраў і мытных устаноў.
Літ.:
Миллс Ф. Статистические методы: Пер. с англ. М., 1958;
Казаченок А.Г., Черванев Д.Л. История развития государственной статистики в БССР. Мн., 1969;
Всемирная история экономической мысли. Т. 1—6. М., 1987—97;
Долан Э.Дж., Линдсей Д. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994;
Елисеева И.И., Костеева Т.В., Хоменко Л.Н. Международная статистика. Мн., 1995;
Статистика: нац. счета, показатели и методы анализа. Мн., 1995;
Историческая информатика. Мн., 1998.
В.М.Тамашэвіч.
т. 15, с. 173