Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр.тоді́, дыял.тоди́, рус.дыял.тоды́, тады́, тада́, польск.tedy, wtedy, ст.-польск.teda, каш.tedë, палаб.tådĕ, tüdĕ, чэш.tedy, ст.-чэш.teď, tedě, славац. старое і дыял.tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж.tedy, ted, серб.-харв.та̏д, та̀да, та̀да̄, славен.дыял.tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),
венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац.венг.муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг.нац.муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап.прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг.нац.муз. школы і ў развіцці сусв.муз. культуры.
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг.нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Няве́ста ’дзяўчына, якая збіраецца пайсці замуж; жанчына ў час вяселля’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), ’акрамя звычайнага значэння наогул, таксама нестарая жанчына’ (Нас.), ’нявестка, жонка сына ў адносінах да яго бацькоў’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), неві́ста ’тс’ (Булг.), няве́стка ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Касп., Сл. ПЗБ), неве́стка, нэві͡естка ’тс’ (Маш., ТС, Бесар.), укр.неві́ста ’жонка’, невістка ’жонка сына’, рус.неве́ста ’нявеста, маладая, замужняя жанчына ў першы год пасля вяселля’, няве́стка ’жонка сына’, польск.niewiasta ’жанчына’, чэш.nevěsta ’нявеста, нявестка’, славац.nevesta ’тс’, в.-, н.-луж.njewjesta ’нявеста, дзяўчына ў час вяселля’, славен.nevésta ’тс’, серб.-харв.нѐвјеста ’нявеста, нявестка’, макед.невеста ’нявеста (у дзень вяселля); маладзіца; нявестка’, балг.невя́ста ’нявеста, маладзіца’. Прасл.*nevěsta ’нявеста, дзяўчына на выданні’, найбольш верагодная версія: з *ne і *vědati (гл. ве́даць), г. зн. ’невядомая’, што лічыцца табуізаванай назвай (< і.-е.*neu̯oidta ’тс’), або да *vesti (гл. вадзіць весці) (< і.-е.*neu̯ou̯edta з і.-е.*neu‑ ’новы’ + *u̯ed(‑h), ’вясці, браць замуж’), гл. Фасмер, 3, 54–55 (з літ-рай). Паводле Ю. Сцяпанава (Revue roumaine de linguistique, 20, 1975, 417–419), вынік кантамінацыі названых слоў. Параўн. таксама Ондруш, Slavica Slovaca, 20, 1975; Шаўр, Přibuz., 17, 60; Макоўскі, Мир слов и знач., 137; Жалезнікер, Studien zum i.-g. Wortschatz. Innsbruck, 1987, 245–248. Гл. таксама нявесна, нявехна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Над1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр.над, надо, рус.над, надо, польск.nad, nade, чэш.nad, nade, славац.nad, nado, в.-луж., н.-луж.nad, nade, nado; славен.nad, серб.-харв.над, нада, балг.над, макед.над. Прасл.*nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус.‑dau у pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг.зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).
Над2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв.на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен.nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус.про́тив, дыял.про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр.про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус.противъ, противу, ст.-слав.противъ ’супраць’, польск.przeciw, дыял.proci, чэш.proti, protiv, славац.proti, в.-луж.přećiwo, н.-луж.pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв.про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен.prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг.проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл.*proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш.protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл.*proti (*preti) у лат.pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд.práti ’супраць’, лац.pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е.*proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́дуга, ра́духа ’вясёлка’ (ТСБМ; зэльв., маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; пруж., ДАБМ, камент.), радзіха ’вясёлка’ (слонім., ДАБМ, камент.), рус.ра́дуга, рус.дыял.ра́йдуга, ра́вдуга, ра́духа, ра́дута, радуни́ца, укр.ра́йдуга, ра́дуга. Усходнеславянскі лакальны тэрмін. На Беларусі зафіксаваны паўсюдна (ДАБМ, карта № 312). Складаецца з дзвюх частак: ра‑ (рай) і дуга (гл.). Галоўную цяжкасць уяўляе тлумачэнне першай часткі слова ра‑. Па народных уяўленнях радуга з’яўляецца добрай прыметай, выражэннем божай ласкі, параўн. рус.дыял.божья дуга ’вясёлка’, таму верагодным падаецца збліжэнне яе са словамі ра́ды, ра́дасць (гл.). На карысць гэтага сведчыць і назвы рэаліі з коранем *vesel‑ — вясёлка, весялуха (гл.), а таксама найменні ра́довіца, ра́давіца, ра́даўніца (ТС). Па іншай версіі, слова ўтварылася ў выніку гаплалогіі ад спалучэння тыпу *рада‑дуга, як будні з *будьни(е) дьни (Чарных, 2, 95; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Найбольш верагодным лічаць паходжанне з *radǫga, вытворнага ад * rad‑ і dǫg‑ (> дуга, гл.) (Фасмер, 3, 431; Праабражэнскі 2, 171; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 52). Палес.ра́довіца, ра́давіца ўтворана ад кораня *rad‑ як бліскавіца, зараніца (Талстой, там жа, 30). Адносна распаўсюджання ў еўрапейскіх назвах вясёлкі матывацыі ’радасць, шчасце, весялосць’ гл. ALE, 1, 9. Другі элемент у шмат якіх мовах разумеецца як ’лук’, гл. Алінеі, ОЛА, Исследов. 1983, 106–110; Жураўлёў, Язык и миф, 69, 179–180 (з аглядам літ-ры).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр.роки́та ’гатунак вербы’, рус.раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск.rokita, rokicina, в.-луж.rokot, н.-луж.rokit, rokita, палаб.rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац.rokyta, rakyta, славен.rakȋta, серб.ра̀кита, харв.ràkita, балг.раки́та, макед.ракита, ст.-слав.ракыта. Прасл.*orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат.ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч.αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд.arkáh̥ ’лук’, лац.arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц.arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш.rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рыга́ць, рыгаці ’ванітаваць’ (ТСБМ; астрав., чэрв., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ), ’адрыгацца пасля яды’ (Нас.), ры́гі ’ваніты’ (шчуч., Сл. ПЗБ), рыгну́ць душо́ю ’памерці’ (Гарэц.) рус.дыял.рыга́ть ’рыгаць’, ’ванітаваць’, ’плакаць’, укр.рига́ти, польск.rzygać ’ванітаваць, рыгаць’, ryhać ’рыгаць’, ’кашляць’, в.-луж.rihać ’адрывацца’, н.-луж.rygaś ’адрывацца’, чэш.řihati ’ванітаваць’, славен.rígati ’ванітаваць, рыгаць’, rîga ’адрыванне’, ’частка выступаючай зямлі’, серб.-харв.рѝгати ’рыгаць’, ри̏гавица ’ікота’, ’адрыжка’, балг.ри́гам, макед.рига ’рыгаць’, ст.-слав.рыгати сѧ. Прасл.*rygati: *rigati ’рыгаць, адрываць’ (Копечны, 313). Да і.-е.*rug, з іншай ступенню вакалізму *reu‑g ’рваць’, ’цягнуць’, параўн. грэч.ἐρυγή побач з ἐρεύγομαι ’плюю’, ’рыгаю’ у той час, як у балтыйскай групе побач з літ.rúgti ’кіснуць’, ’адрываць кіслым’, лат.rûgt ’брадзіць’, ёсць і перагаласоўка перфекта, параўн. літ.riáugeti ’кіснуць’, лат.raûgtiês ’рыгаць’ (Фасмер, 3, 526 з літ-рай; Скок, 3, 140; БЕР, 6, 248; Аникин, Этимология–1982, 75–77; Куркіна, ОЛА, Исследов. 278–280).
Ры́гаць ’плакаць наўзрыд’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Юрч.), ’рыпець, скрыпець’, ’мурлыкаць’ (ТС), ’адрывацца’ (Гарэц.), ’скрыпець’ (Юрч.), ры́гнуць ’скрыпнуць, рыпнуць’ (ТС), ры́ганне ’плач наўзрыд; крывадушная прысяга’ (Нас.), ’скрып, рыданне’ (Юрч.). Гукапераймальнае слова. Семантычны наватвор на аснове рыга́ць (гл.), параўн. рус.рыга́ть ’плакаць’. Але ў гэтым выпадку застаецца незразумелым перанос націску. Магчыма, такім чынам размяжоўваецца семантыка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр.сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус.се́вер ‘поўнач’, ст.-рус.сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск.дыял.śevorecka ‘імжа’, чэш.sever, славац.sever ‘тс’, в.-луж.sowjer ‘марыва, туман’, славен.séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв.се̏вер ‘поўнач’, балг.се́вер, макед.север ‘тс’, ст.-слав.сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл.*severъ, якое мае адпаведнікі ў літ.šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат.caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е.*seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.