прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш.сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛАНЦАЎ.
Размешчана на плошчы 1372 км² паміж г.п. Тураў, вёскамі Боркі, Хваенск, Азяраны Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. і Сямігосцічы, Лядзец, Хорск, Альпень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы карбанатна-тэрыгенных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы цёмна-шэрага колеру, танкаплітчатыя, з роўнымі паверхнямі пластоў, з вуглавата-ступеньчатым зломам. Характэрна лінзападобна-хвалістая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—3,7 м, глыб. залягання 64—507 м. Цеплата згарання 4,2—8,6 МДж/кг, попельнасць ад 63 да 80%. Перспектыўныя запасы каля 2,7 млрд.т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу на выраб лёгкіх бетонаў, ячэістых уцяпляльнікаў, аглапарыту, а таксама на вапнаванне кіслых глеб і ў дарожным буд-ве.
прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную на аснове Зеебека з’явы\ від крыніцы току. Складаецца з тэрмабатарэй, набраных з паўправадніковых тэрмаэлементаў, злучаных паслядоўна ці паралельна.
Т.г. адрозніваюць паводле тыпу крыніцы цяпла — ізатопныя (найб. пашыраны), сонечныя, на арган. паліве і інш.; паводле дыяпазону рабочых т-р — нізка-, сярэдне- і высокатэмпературныя (дыяпазоны 20—300, 300—600, 600—1000 °C адпаведна). Ккдз лепшых Т.г. — 15—20%. Магутнасць — ад некалькіх мікрават да соцень кілават. Асн. перавагі ў параўнанні з электрамашыннымі пераўтваральнікамі энергіі (напр., з турбагенератарам) — адсутнасць рухомых частак, высокая надзейнасць, вял. тэрмін службы (да 25 гадоў), аўтаномнасць і інш. Выкарыстоўваюцца для электрасілкавання аддаленых і цяжкадаступных спажыўцоў эл. энергіі (аўтам. маякоў, навігацыйных буёў, метэаралаг. станцый, касм. апаратаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАЭЛЕПРАЦЭНТРА́ЛЬ (ЦЭЦ),
цеплавая электрастанцыя, якая выпрацоўвае і адпускае спажыўцам адначасова эл. энергію і цеплату, што атрымліваецца ў выніку частковага выкарыстання адпрацаванай пары. Цепланосьбіт адпускаецца ў выглядзе пары (на тэхнал. патрэбы прамысл. прадпрыемстваў) ці гарачай вады (на ацяпленне і быт. патрэбы). ЦЭЦ абсталёўваюць пераважна цеплафікацыйнымі турбінамі.
Камбінаваная выпрацоўка эл. і цеплавой энергіі на ЦЭЦ павышае ккдз электрастанцыі і паніжае сабекошт энергіі. У краінах СНД Ц. — адна з асн. крыніц цэнтралізаванага цеплазабеспячэння. Да найб. пашыраных адносяцца паратурбінныя ЦЭЦ (гл.Цеплавая паратурбінная электрастанцыя). Выкарыстоўваюцца таксама газатурбінныя ЦЭЦ (гл.Газатурбінная электрастанцыя) і камбінаваныя — парагазавыя, на якіх выкарыстоўваюць газавыя і паравыя турбіны. МагутнасцьЦЭЦ да 400 МВт і больш. На Беларусі найбольшыя мінскія ЦЭЦ, ЦЭЦ у Наваполацку, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве (гл.Беларуская энергетычная сістэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,
аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,
самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд.м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд.м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.