ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.Пуласкага, А. і М.Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ.землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл.Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.Пац і камандуючы войскамі Ю.Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.К.Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.В.Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.
Літ.:
Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,
плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.С.Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.М.Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш.Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв.ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус.геагр.т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс.км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр.т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр.т-ваСССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.
Тв.:
Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;
От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;
От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
АНТЫФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ 1648—51на Беларусі.
Народны антыфеад. рух на Беларусі супраць пануючага класа феадалаў у сярэдзіне 17 ст. пад уплывам паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага перарос у антыфеадальную вайну. У падтрымку гэтага руху Хмяльніцкі паслаў на Беларусь казацкія атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, І.Галотай, А.Нябабай і інш.Найб. актыўныя ваен. дзеянні адбыліся на Пд і ПдУ Беларусі. Летам і восенню 1648 казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Бабруйскам, Брагінам, Гомелем, Кобрынам, Мазыром, Пінскам і інш. Восенню 1648 сфарміраваны шляхецкія апалчэнні, якімі камандаваў польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл, павялічана колькасць наёмнікаў. Каб ізаляваць бел.землі ад пранікнення казакоў, Радзівіл, сабраўшы 12—14 тыс. войска, накіраваў яго часткамі на чале з Мірскім, Валовічам і Я.Пацам да Пінска, Чачэрска і інш. гарадоў, захопленых паўстанцамі. У баі за Пінск загінула больш за 3 тыс. жыхароў, горад быў спалены, больш за 1500 паўстанцаў загінула ў баі за Чэрыкаў. На пач. 1649 урадавыя войскі вызвалілі ад казакоў і паўстанцаў Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск і жорстка расправіліся з імі. У 1-й пал. 1649 войскі ВКЛ задушылі паўстанне. Летам 1649 на Беларусь зноў прыйшлі казацкія атрады Р.Гаркушы, С.Падабайлы, М.Крычэўскага і інш., да якіх далучаліся мясц. сяляне і гараджане. У баях загінулі казацкія атаманы Галота, М.Нябаба, Крычэўскі, Міхненка і інш. У ліп. адбылася Лоеўская бітва 1649. Ваен. дзеянні працягваліся да восені 1651. Пасля паражэння Б.Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага дагавора 1651 казацкія атрады выведзены з Беларусі і вайна скончылася.
Літ.:
Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;
Шуляковский Е.Г. Участие белорусского народа в освободительной войне 1648—1654 гг. // Вопр. истории. 1954. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст.землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСАКІ,
дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял.кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:
Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя земліт.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн.сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.