Вычвара́ць ’вырабляць штукі, выдумляць, строіць жарты’ (БРС, Шат., Яруш., Некр., Янк. БФ; КЭС, лаг.). Магчыма, утварэнне ад пачвара (гл.) (< польск. poczwara) з дапамогай замяняльнай прэфіксацыі і, відавочна, калі меркаваць на значэнню, не без уплыву дзеяслова вытвараць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дараві́зна ’падарунак’. У ст.-бел. мове даровізна ў значэнні ’падарунак, падаравальны запіс’ вядома з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. мовы (параўн. польск. darowizna, вытворнае ад дзеяслова darować). Аб запазычанні гл. у Кюнэ, Poln., 50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звага́ ’спрыт, спраўнасць’ (Нас.) Рус. смал. зва́га ’павага’, укр. зва́га ’рашучасць, смеласць’. Як і адвага (гл.), павага, увага да кораня вага (гл.) з прэфіксам з‑, хутчэй назоўнік на базе прэфіксальнага дзеяслова зважаць ’звяртаць увагу’ з чаргаваннем зычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́чма ў выразе лі́чма лічы́ць ’лічыўшы, паводле ліку’ (Нас.), укр. лічма́. Утворана ад дзеяслова лічыць пры дапамозе суфікса ‑ъma, які ўзыходзіць да канчатка тв. склону парнага ліку (Ваян, Gram. comp. 2., 692). Аналагічна лежма ляжа́ць і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Матальга́ць, драг. матальга́тэ ’рабіць частыя махі’ (Нар. лекс.). Укр. метеллюга́ти, ’віляць, выкручвацца’, рус. новасіб. мотола́зить, урал. матало́сить ’бязладна махаць рукамі’. У выніку падаўжэння асновы дзеяслова матляць < мата́ць (гл.) пры дапамозе суфікса ‑га‑. Параўн. ст.-рус. мотолыга ’матыка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́калак ’невялікая палка, кусок ламачыны’ (ТСБМ, абл.; Бяльк.; Нар. сл., дзярж., ушацк.). Рус. наўг. па́колка ’жэрдка, кол, вакол якіх кладуць стог’, укр. пакі́л, родн. скл. поко́ла ’калок’. Суфіксальны дэрыват (з суф. ‑ак) ад дзеяслова пакалоць < калоць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апу́дзіла ’пудзіла’ (Янк. I). Сюды ж апу́дала ’чалавек неахайнага выгляду, сонны, непаваротлівы’ (Куч.), а таксама опу́дына ’шырокае не па памеры адзенне’ (Клім.). Укр. опудало ’пудзіла’. Утвораны ад дзеяслова пудзіць (гл.), як і пудзіла з пратэтычным ці прэфіксальным а‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атра́д. Рус. отря́д ’тс’. Замацавалася ў час першай сусветнай вайны (Гіст. мовы, 2, 246), з рускай (у слоўніках з канца XVIII ст.), дзе ад дзеяслова отрядити, вядомага яшчэ ў старарускай, утворанага ад кораня *ręd‑ (КЭСРЯ, 319). Параўн. урад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашля́хціць ’пабіць, правучыць’ (Касп.). Відаць, утворана ад дзеяслова тыпу рус. шля́хтить, шляхтовать ’ацёсваць шляхтай (цяслярскай сякерай)’ (з н.-ням. slichten ’стругаць’, гл. Фасмер, 4, 457), польск. szlachtować ’біць, рэзаць жывёлу на мяса; забіваць’ ці непасрэдна з ням. schlachten.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)