аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.

2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.

3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.

2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.

3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.

4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.

•••

У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зжыць, зжыву, зжывеш, зжыве; зжывём, зжывяце; зак.

1. каго. Стварыўшы для каго‑н. невыносныя ўмовы, загубіць, знішчыць. Зжылі злоснікі добрага чалавека.

2. што. Пазбавіцца ад чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Зжыць недахопы. □ — Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго... Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Чорны.

3. Пражыць (жыццё, гады і пад.). — Я дык не помню, каб так усё гарэла пад восень. І мама не помніць, не расказвала, а сем дзесяткаў зжыла. Пташнікаў. Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.

•••

Зжыць са свету каго — тое, што і зжыць (у 1 знач.).

Зжыць сябе — выявіць сваю нежыццёвасць, аказацца мала прыгодным, непатрэбным; састарэць. Прыгонніцтва канчаткова зжыло сябе. Ларчанка. Сентыменталізм як плынь зжыў сябе. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тру́хлы ‘гнілы, сатлелы; слабы на здароўе’ (Нас.), ‘гнілы і парахнявы’ (Шат., Байк. і Некр., Растарг.), ‘спарахнелы’ (паст., даўг., пін., Сл. ПЗБ), ‘друзлы’ (Варл.), сюды ж трухле́ць ‘гніць, парахнець, разбурацца’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. трухлети ‘слабець, трухлець’ (XVII ст., ГСБМ); другасныя ўтварэнні трухлё ‘парахня’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ‘гнілое дрэва’ (дзятл., Жыв. сл.), трухля́ ‘парахно’ (Мат. Гом.), трухля́вы ‘гнілаваты’ (Шат., Гарэц.), ‘наздраваты; дуплаваты’ (Сл. ПЗБ), ‘трупехлы, спарахнелы’ (Некр. і Байк., Ян., Сцяшк.), ‘ператочаны чарвякамі’ (шальч., брасл., Сл. ПЗБ), ‘лядашчы’ (Ян.), ‘які ператварыўся ў парахно ад гнілі і часу’, ‘які аджыў свой век’ (ТСБМ), ‘слабы, нездаровы’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч. Вытв.), трухля́к ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), трухля́вець ‘разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), трухло́ ‘старызна, гніль’ (Сцяшк. Сл.), ‘аматар паспаць’ (полац., Нар. лекс.), трухлі́на ‘непрыдатныя для будаўніцтва матэрыялы’ (Растарг.), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘парахня’ (Юрч. Вытв.), ‘гніляк’ (ТС), тру́хля ‘спарахнелы, струхлелы будынак’ (ТСБМ), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘састарэлы, бездапаможны чалавек’, трухля́ціна ‘тое, што разбурана трухленнем’ (Байк. і Некр.), трухласць ‘парахня’ (Нар. Гом.), трухне́ць ‘доўга спаць’ (полац., Нар. лекс.), трухні́ву, трухня́ву ‘крохкі, нямоцны’ (ТС), трухле́й ‘хваравіты чалавек’ (Скарбы). Укр. тру́хлий, трухля́вий ‘трухлявы’, трухліти, трухля́вити ‘станавіцца трухлявым’, рус. тру́хлый, трухля́вый ‘тс’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трупехлы’, польск. truchleć ’гніць, тлець’, ‘сохнуць’, truchło ‘прах, рэшткі’ славін. strëǔi ‘крохкі, спарахнелы’, чэш. trouch ‘лясная глеба’, славац. trúchly ‘спарахнелы’, серб. тру̏хао, тру̏о ‘гнілы’, харв. trȕo, trȕhli, trȕli ‘гнілы, друзлы’, славен. trúhəl ‘тс’, старое балг. тру́хъл ‘тс’, макед. дыял. трул, трлав ‘тс’. Прасл. *truxlъ ‘гнілы’, ідэнтычнае лат. tràusls ‘гнілы, крохкі, ломкі’ і інш. (Фасмер, 4, 111; Глухак, 641; ЕСУМ, 5, 661). Да труха́1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Mendacia non diu fallunt

Хлусня не доўга падманвае.

Ложь не долго обманывает.

бел. Хлусня, як аліва, ‒ заўсёды выйдзе наверх. На абмане далё­ка не ўедзеш. Лгаў, лгаў ды пралгаўся. Няпраўдаю свет пройдзеш, а назад не вернешся.

рус. Ложь, что мелкая монета: на неё долго не проживёшь. У лжи ноги коротки. На лжи далеко не уедешь. Как ни хоро ни лжецов, а выйдут наружу. Враньё не споро: путает скоро. Неправдой свет пройдёшь, да назад не воротишься. Как резва ни будь ложь, а от правды не уйдёшь. Ложь белой ниткой шита. Ложь стоит до улики. Неправда, что дуга ветловая: концы в воде, так серёдка наружу, серёдка в воде, так концы наружу. Ложь не живуща. Небылице короткий век. Правду, что шило в мешке, ‒ не утаишь.

фр. Les mensonges ont les jambes courtes (У лжи короткие ноги).

англ. Those who live on lies choke on truth (Кто живёт ложью, задыхается от правды). Lies have short legs (У лжи короткие ноги).

нем. Wer einmal lügt, dem glaubt man nicht, und wenn er auch die Wahrheit spricht (Кто однажды солгал, тому не верят, даже если он и говорит правду). Lügen haben kurze Beine (У лжи короткие ноги).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.

2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.

3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.

4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.

5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.

2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.

3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.

4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

[Ад лац. miser — бедны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)