род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 2—3 віды. Пашыраны ў Паўн.Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Ц.: вадзяная, або вадзяны, ці канадскі рыс (Z. aquatica) і шыракалістая (Z. latifolia). Вырошчваюць у вадаёмах рыбных і паляўнічых гаспадарак як кармавую расліну для рыб, вадаплаўных птушак, водных жывёл; часам дзічэюць.
Водныя адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 3 м. Сцёблы тоўстыя, вузлаватыя, дыям. да 5 см. Лісце лінейнае, пляскатае. Суквецце (мяцёлка) даўж. да 50 см, верхняя частка якога мае песцікавыя, а ніжняя — тычынкавыя каласкі. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАЗЁМЫ,
тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашванне арган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн.га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд.Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІНА́Т (Spinacia),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. Як харч. расліны вырошчваюць (у т. л. на Беларусі) Ш. агародны (S. oleraceae) і туркестанскі (S. turkestanica); часам дзічэюць і трапляюцца каля жылля.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 70 см. Лісце чаргаванае, трохвугольна-коп’епадобнае, суцэльнакрайняе, на доўгіх чаранках. Мужчынскія кветкі сабраны ў мяцёлку, жаночыя размешчаны ў пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце Ш. мае бялкі (34%, саступае толькі мясу), вугляводы, вітаміны C, групы B, карацін, солі жалеза і фосфару. Спажываецца свежым і кансерваваным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НА, зона гілей,
прыродная зона сушы экватарыяльнага пояса па абодвух баках ад экватара. Характарызуецца вільготным і гарачым экватарыяльным кліматам, мноствам мнагаводных рэк і балот, наяўнасцю шматметровай кары выветрывання, адсутнасцю або слабай выразнасцю сезоннай рытмікі прыродных працэсаў. У ландшафтах пераважаюць густыя шмат’ярусныя вільготныя вечназялёныя лясы, якія вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю (40—100 т/га за год надземнай расл. масы) і выключнай разнастайнасцю відаў з мноствам пальмаў, ліян, эпіфітаў; на ўзбярэжжы мораў — мангравыя лясы. Зона размешчана пераважна на нізінах; у Паўд.Амерыцы (у бас. Амазонкі), Экватарыяльнай Афрыцы, на а-вах Малайскага архіпелага і Акіяніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТРАГО́Н, палын эстрагонавы,
тархун (Artemisia dracunculus),
від кветкавых раслін сям. складанакветных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Амерыцы. На Беларусі заносны від, зрэдку трапляецца на чыг. насыпах, уздоўж дарог, на сметніках. Культывуецца як харч. расліна, лёгка дзічэе.
Шматгадовая, травяністая, карэнішчавая расліна выш. да 120 см. Сцёблы прамыя, адзіночныя або па 3—5, галінастыя. Лісце суцэльнае, лінейнае. Кветкавыя кошыкі жоўтыя, шарападобныя, у густым мяцёлчатым суквецці. Плод — сямянка. Маладыя парасткі і лісце маюць эфірны алей, ужываюцца ў ежу як салата, прыправа, выкарыстоўваюцца пры кансерваванні, у кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГУА́Р (Panthera onca),
млекакормячая жывёла роду вял. катоў сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Паўд., Цэнтр.Амерыцы і на ПдПаўн. Амерыкі. Жыве ў трапічных і субтрапічных лясах, зрэдку ў гарах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 2 м, хваста каля 90 см, маса да 136 кг. Цела прысадзістае, масіўнае. Валасяное покрыва гладкае. бліскучае. Афарбоўка аранжавая з чорнымі кольцамі і плямамі, зрэдку трапляюцца чорныя Я. Добра лазіць па дрэвах і плавае. Корміцца капытнымі жывёламі, грызунамі, рыбаю. чарапахамі і іх яйцамі. Нападае на свойскую жывёлу. Нараджае 2—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСКО́ЛКА, вагавінка (Cerastium),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 3 віды Я.: звычайная (C. holosteoides), палявая (C. arvense), пяцітычынкавая (C. semidecandrum). Трапляюцца каля жылля, уздоўж дарог, у пасевах. Інтрадукаваны Я.: альпійская (C. alpinum), Біберштэйна (C. biebersteinii), буйнакветная (C. grandiflorum), лямцавая (C. tomentosum), пурпурная (C. purpurescens).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна апушаныя расліны выш. да 40 см. Сцёблы сцелістыя. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае. Кветкі белыя, сабраныя ў паўпарасонік, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, некат. — пустазелле.