Пачассе, па́часся, па́часі, па́часы, па́часкі, пачоскі, пачосы, па́чосэ, па́часніна, па́часніца ’другі, горшы гатунак ільну’, ’адыходы пры часанні льну, канапель’, ’грубы матэрыял з ільну хатняга вырабу’, ’лён пасля апрацоўкі’ (ТСБМ, Нас., Гарб., Гарэц., Др.-Падб., Шат., Касп., Уладз., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Ян.; віц., Шн. 3; гродз., Мат. АС; драг., Лучыц-Федарэц; малар., лун., Сл. Брэс.). Укр. па́чо́си, пачіски́, рус. па́чеса, па́чесь, па́чеси, па́чески, пск. па́чесье; польск. pacześ, paczesie, paczesi, paczosy, paczeski, в.-луж. pačosy ’тс’, чэш. pačes(y) ’кудлы’, pačíska ’пачассе’, славац. pačesy ’адыходы пры часанні льну’. Паўночнаславянскае. Да па: і часа́ць (гл.) < прасл. česati < česti (Трубачоў, (Эт. сл., 4, 85–87; Трубачоў, Ремесл. терм., 83).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пенязі (гіст.), ст.-бел. пенези ’грошы’ (Жыв. НС), пе́нязь ’дробная манета ў Польшчы ў XI–XIII стст.’ (Гарб.), укр. пе́нязь ’шэлег, паўгроша’, польск. pieniądz, н.-луж. péńez, в.-луж. pjenjez(e), чэш. peníz, славац. peniaz ’манета’, славен. pẹ̑nez ’тс’, серб.-харв. pjȅnez, pȉnezi ’грошы’, балг. пе́нез ’манета для маніста’, ст.-слав. пѣнѧѕь ’дынарый’. Прасл. *pěnędzь — запазычанне (пасля VIII ст. н. э.) са ст.-в.-ням. pfenni(n)g, pfending ’(сярэбраная) манета’ < лац. pannus ’кавалак, штука тавару’ < і.-е. *pan‑ ’кавалак палатна’, *(s)pen‑ ’прасці’. Наяўнасць ‑ě‑ замест ‑e‑ Мее (Études, 184) тлумачыць як падаўжэнне — кампенсацыя nn‑ > n. Іншыя версіі гл. Фасмер (233–234), Бязлай (3, 24), Махэк₂ (443).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ц 1 ’падоўжанае паглыбленне, зробленае кім-небудзь на гладкай паверхні’, ’след на целе пасля загоенай раны або ад пабояў’, ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад.’, ’руб’ (ТСБМ), ’выступ, край’ (ТС), рубцава́ты ’з рубцамі’, рубцава́цца ’гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.)’ (ТСБМ). Укр. рубе́ць, рус. рубе́ц ’рубец’, серб.-харв. ру̑б ’рубец (на адзенні)’, славен. rob ’тс’, польск. rąbek ’рубчык’. Стараж.-рус. рубьць ’рубец’. Гл. руб.

Рубе́ц 2 ’самы вялікі аддзел страўніка жвачных жывёл; ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка’ (ТСБМ). Да папярэдняга слова, у аснове значэння — знешняе падабенства.

Рубе́ц 3 ’спінка ложка’ (вілейск., Нар. сл.). Да руб (гл.), значэнне ’кант; цвёрды край прадмета’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траві́чы — пра карову: карова пасля першага цяляці (Федар. 7) і, магчыма, тра́ўніца ’цялушка мінулагодняга прыплоду’ (Касп.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад драві́чы — пра карову, што целіцца ў першы раз, драві́чае ма́сло ’масла з малака ад такой каровы’ (Тур.), драву́шка ’цялушка другога года’ (рас., Шатал.), ’першацёлка’ (мядз., смаляв., Сл. ЦРБ), драві́ца, дро́віца, дро́вачка, дро́віцка ’тс’ (в.-дзв., петрык., жытк., лельч., ЛА, 1; мазыр., З нар. сл.), дро́ўка ’тс’ (добр., стол., бых., лельч., ЛА, 1; мазыр., лельч., З нар. сл.), драві́цка, дрові́ца ’тс’ (ельск., хойн., Мат. Гом.), ст.-бел. древица ’карова’ (Бел. лекс.). Параўн. рус. смал., варонеж. дро́бка ’першацёлка’, варонеж. дро́мка ’тс’, смал. дроу́шка ’тс’. Няясна; сумніўная сувязь з трава, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каўзе́ль

1. Агрэх пры выворі́ванні бульбы плугам (Слаўг.). Тое ж каўзе́нь (Слаўг.).

2. Лёд без снегу на дарозе; абледзянелая дарога (Слаўг.). Тое ж каўзу́ха (Слаўг.).

3. Каток на лёдзе, снежная гара (Кар., Краснап., Мсцісл. Бяльк., Сен. Касп., Смален. Дабр.) Тое ж каўзу́ха (Слаўг.), каўзні́ца (Нясв.).

4. Зямля, якая абледзянела пасля асенняга ці зімовага дажджу (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

другі́, -а́я, -о́е.

1. гл. два.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага.

Зусім д. голас.

3. Паўторны.

Д. прыезд.

4. Ужыв. пры супрацьстаўленні.

Аднаму чалавеку весела, а другому сумна.

Адзін большы, д. меншы.

5. Не галоўны па значэнні, другарадны.

На другіх ролях.

6. Які замяняе першага, сапраўднага.

У яго цяпер д. бацька.

7. Не гэты, іншы.

Другім разам прыходзьце.

8. займ. неазнач. Які-н. іншы.

Д. дзякаваў бы, а ты не задаволены.

9. Які атрымліваецца пры дзяленні на два.

Другая частка.

10. у знач. наз. друга́я, -о́й, ж. Другая частка чаго-н.; палавіна.

Адна другая.

11. у знач. наз. друго́е, -о́га, н. Страва, якая падаецца пасля першай.

На другое падалі мачанку.

12. у знач. наз. другі́, -о́га, м., мн. -і́я, -і́х. Хтосьці іншы, не сам.

Сам не гам і другому не дам (прымаўка).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ступе́нь, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Мера праяўлення якой-н. якасці, дзеяння і пад., параўнальная велічыня чаго-н.

С. падрыхтоўкі да ўборкі ўраджаю.

У значнай ступені.

У нейкай ступені (часткова).

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго-н.

С. развіцця эканомікі.

3. з парадк. ліч. Разрад, падраздзяленне ў класіфікацыі, структуры чаго-н.

Ордэн Славы і ступені.

Другая с. апёкаў.

4. Навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў.

С. кандыдата філалагічных навук.

5. У матэматыцы: здабытак роўных сумножнікаў.

Лік у пятай ступені.

6. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй.

7. Тое, што і прыступка.

Ступені лесвіцы.

○

Ступені параўнання — у граматыцы: формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне,

дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.

З.​В.​Шыбека.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),

візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.

Літ.:

Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;

Яе ж. Византийская культура. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)