хвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.
1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.
2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.
3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́мра, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.
3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.
1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.
2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.
3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.
1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.
2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.
2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.
•••
Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.
Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.
1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.
2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.
•••
Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.
[Ням. Stab.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурм, ‑у, м.
1. Рашучая, напорыстая атака ўмацавання, апорнага пункта праціўніка. Па ўсім было бачна, што фашысты рыхтуюць штурм крэпасці. Кухараў. Пры штурме варожых акопаў смерцю смелых загінуў.. камісар. Брыль. // перан. Рашучы наступ на што‑н. для авалодання, асваення. Ішлі вы [камсамольцы] з песняй, як разводдзе, На штурм скал і дзікіх гор. Колас. Савецкія людзі спакойна і ўпэўнена рыхтуюць новы штурм сусветнай прасторы. «Звязда». Язда дасветнаю парою спрошчана: Ні штурмаў у дзвярах, ні таўкатні. Калачынскі. // перан. Рашучы, напорысты, актыўны наступ з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Капіталізм быў знішчаны штурмам, напорам рэвалюцыйных мас. Пшыркоў.
2. Разм. Тое, што і штурмаўшчына. Народу завіхалася тут [на месцы аварыі] не шмат, і ніякіх прыкмет штурму Лесавец не заўважыў; работа як работа; няхай ноч, няхай сцюжа, кожны, хто быў тут, ведаў, што яму рабіць. Хадкевіч.
[Ням. Sturm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шча́ўе, ‑я, н.
1. Шматгадовая травяністая і паўкустовая расліна сямейства драсёнавых, лісце якой мае кіслы смак і ўжываецца ў ежу. Такое высокае і сакавітае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Вася натрапіў на багатую шчаўем мясціну і апусціўся на калені. Курто. Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Гартны. // Лісце, сцябло такой расліны. Цяпер, седзячы ля стала, на табурэціку і перабіраючы шчаўе, Васілінка ўспамінае сваё небяспечнае падарожжа. Ус.
2. Страва, прыгатаваная з лісця гэтай расліны. Іванка і бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком. Мележ. Потым разведчык, зацягнуўшы на выцвіўшай гімнасцёрцы ўсе свае «кавалерыйскія» рамяні, сядзеў за сталом і вельмі ахвотна сёрбаў шчаўе, сяк-так засіўленае смятанай. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
aby
1. каб;
przyszedł, aby powiedzieć — ён прыйшоў, каб сказаць;
chcę, aby tak było — хачу, каб так было;
2. каб; абы;
aby (tylko) nie zachorować — каб (толькі) не захварэць;
gdziekolwiek pójść, aby nie do domu — куды-небудзь пайсці, абы не да хаты;
aby się tylko nie spóźnić — абы (каб толькі; абы-толькі) не спазніцца;
aby-aby — абы-як; абы-толькі; абы з рук;
3. ці (ж);
czy aby wrócą? — толькі ці вернуцца яны?
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)