растапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.

Нагрэўшы, прымусіць растапіцца. Растапіць воск. □ Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу. Гартны. Дождж растапіў снег, і цяпер на лёдзе стаяла падсінелая спадыспаду вада. Асіпенка. // перан. Прымусіць знікнуць, рассеяцца (пра што‑н. непрыемнае). [Маша] ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару. Шамякін. Крыўду на лёс і на жыццё .. [бацька] панёс ад нас назаўсёды, крыўду, якую мы, яго дзеці, павінны былі растапіць сваімі клопатамі і ўвагай. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэгла́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Уст. Інструкцыя, службовы статут, звод правіл. У Куцага чэшуцца рукі да бойкі, але ён ведае рэгламент, дзе сказана, што біць нельга. Пестрак.

2. Устаноўлены, прыняты распарадак з’езда, схода і пад. Устанавіць рэгламент. Рэгламент пленарнага пасяджэння канферэнцыі. // Разм. Час, адведзены згодна з устаноўленым распарадкам на выступленне. Гэта нават не нарада, гэта хутчэй аператыўнае пасяджэнне баявога штаба ў палявых умовах. Рэгламент — тры хвіліны. Уносіць толькі канкрэтныя прапановы. Грахоўскі.

[Ад фр. règlement.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́ўнасць, ‑і, ж.

Пачуццё пакутлівага сумнення ў чыёй‑н. вернасці, падазрэнне ў каханні да каго‑н. другога. Так, была маладосць, вясёлая, шчаслівая, была радасць першага і адзінага кахання, боль разлукі, расчараванне, рэўнасць, пакуты. Шамякін. Увага Веры да няшчаснага Падацюка абудзіла ў Кузьмы самае неспакойнае пачуццё — рэўнасць. Дуброўскі. Аксіння не выцерпела і сказала .. [Азаркевічу] ўсю праўду пра хлопца, што ён ёй не падабаецца, але яна, каб выклікаць у Азаркевіча рэўнасць, з ім гуляла. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Есці, падмацоўвацца ежай. З гора забыўся, што трэба есці. Але я не стаў сілкавацца. Сабаленка. Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу: — Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Пальчэўскі. Алесь злез з воза і са здзіўленнем убачыў, што і яго Гняды таксама сілкуецца аўсом. Чарнышэвіч.

2. Спец. Атрымліваць адкуль‑н. што‑н. неабходнае для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Лямпы сілкуюцца ад паходнай электрастанцыі.

3. Зал. да сілкаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімптаматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. У медыцыне — які накіраваны па ліквідацыю асобных сімптомаў хваробы, але не вылечвае захворвання поўнасцю. Сімптаматычнае лячэнне.

2. Кніжн. Які з’яўляецца сімптомам (у 2 знач.) чаго‑н.; паказальны ў якіх‑н. адносінах. Зварот да, рэальных жыццёвых фактаў быў з’явай глыбока сімптаматычнай і заканамернай. «Полымя». Багдановіч звяртаў увагу на дзве сімптаматычныя з’явы — на сувязь першых спроб усіх паэтаў, разбуджаных 1905 годам, з традыцыямі Багушэвіча і на працэс нараджэння адметных паэтычных індывідуальнасцей. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сказаць.

2. у знач. наз. ска́занае, ‑ага, н. Тое, што вымаўлена кім‑н.; словы, якія сказаў хто‑н. Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Але Валодзя не звярнуў на сказанае ніякай увагі. Даніленка. Тут усё настолькі дакладна і разумна, што дадаць да сказанага.. нічога нельга. «Полымя».

•••

Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.

Сказана — зроблена — слова не разыходзіцца са справай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцвярджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да сцвердзіць.

2. што, з дадан. сказам і без дап. Упэўнена выказваць што‑н.; настойліва гаварыць, упэўніваючы ў чым‑н. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Шыцік. А толькі адно вам сцвярджаю сягоння, Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць, Што хлопец прынадны, Што майстра сапраўдны! Броўка. Спрадвеку, як людзі сцвярджаюць. Праз бор наш гасцінец ляжаў. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чырвоным (у 1 знач.). Абышоўшы разоў з дзесяць каля кедраў, нехта з гасцей заўважыў паламаны кедр, на якім ігліца не тое каб зруд[з]ела, але счырванела нават. Дубоўка. Як даспела, счырванела Ягада-рабіна, — Увокал глянулі нясмела Мы з табой, дзяўчына. Купала. // Зрабіцца чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванець. Дала руку яна [Ева] нясмела І счырванела: грымнуў смех. Гаўрусёў. Пабялелі Вусы, світка вазака, Толькі шчокі счырванелі Ад марозу ў мужыка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жна,

1. Прысл. да трывожны (у 1, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык., звычайна каму-чаму. Пра пачуццё трывогі, зведанае кім‑, чым‑н. Гарматы, прыціхшы на нейкі час, зноў грымелі грозна і страшна... На душы было неспакойна, трывожна. Колас. Трывожна мне... Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.

3. безас. у знач. вык. Пра стан небяспекі, трывогі, які пануе дзе‑н. На вайне заўсёды трывожна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)