дадо́му, прысл.
У свой дом, у сваю хату, кватэру; дамоў. Дзяўчынка з маёвага лесу Пад поўдзень дадому прыйшла, Бярэма сінюткіх пралесак З дзялянкі лясной прынясла. Калачынскі. — А цяпер, садоўнікі, .. дадому, абедаць! — камандуе дзед Мірон. Даніленка. // На радзіму, у родныя мясціны. Прыехаць дадому на пабыўку. □ Са зваротам дадому Прывіталі суседзі. Броўка. // У свой двор, у гаспадарку. — Усялякі каменьчык з поля добры гаспадар цягне дадому, каб даць яму лад. Чорны. Хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. дарос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. Растучы, дасягнуць якой‑н. вышыні. Дрэва дарасло да страхі.
2. Дасягнуць якога‑н. узросту. Хаце гэтай было ўжо год пад восемдзесят, калі Люба дарасла да свайго юнацтва. Чорны. // перан.; (звычайна з адмоўем). Развіцца ў дастатковай ступені, дасягнуць патрэбнага ўзроўню. А тых, што спалохаліся і ўцяклі, ніхто не шкадаваў і не ўспамінаў — значыць, не вытрымалі першы экзамен, не дараслі, каб насіць пачэснае імя будаўніка. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаспада́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гаспадара, належыць гаспадару; гаспадароў. Гаспадарская дачка. Гаспадарскі пакой.
2. Звязаны з дзейнасцю гаспадара (у 2 знач.). Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца. Колас. // Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); клапатлівы, руплівы. Міхась агледзеў гаспадарскім вокам градку, потым хутка пералічыў каласкі. Якімовіч.
3. Уласцівы гаспадару (у 4 знач.); уладны, упэўнены. Гаспадарскі тон. □ Нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́валіць 1, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Пераварочваючы, прымусіць выпасці, упасці. Вываліць седакоў з саней.
2. што. Разм. Выйсці, выехаць натоўпам. Тры суседнія вёскі: Некрашы, Баркі і Міцькі, як згаварыўшыся, вывалілі ў лес. Лобан.
3. што. Вылажыць, высылаць што‑н. адкуль‑н. Вываліць на стол усё, што было ў кішэнях. // перан. Расказаць пра што‑н. з усімі падрабязнасцямі.
4. што. Разм. Высунуць. Вываліць язык.
вы́валіць 2, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Зрабіць шляхам валення (пра сукно).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. што. Адвязаць прычал.
2. Адплысці ад берага (аб суднах, лодках і пад.). Воддаль, выбраўшы момант, каб не замінаць руху буксіраў, ад берага адчаліў паром з калгасным грузавіком. Ракітны. // перан. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. [Марынка:] — Ты думаеш, я намерваюся доўга заставацца тут? Заўтра ж адчалю ў Мінск. Хадкевіч. У горадзе Камені жыла .. родная сястра [Басько] — доктар, і ён адчаліў туды, Дзе не так даўно, як было чуць у вёсцы, яны сумесна купілі дом. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. агледзься; зак.
1. Паглядзець вакол сябе, па баках. [Настаўнік] зняў акуляры, па прывычцы працёр іх хусцінкай, адвёў і агледзеўся навокал. Даніленка.
2. Звыкнуцца, асвойтацца з новымі абставінамі. Не паспелі агледзецца [дзеці] — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца ў дарогу. Пальчэўскі.
3. Хапіцца, апамятацца; заўважыць што‑н. Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк. Бядуля. Злосная Валя ўвайшла ў Любіну кватэра, не думаючы, і толькі там агледзелася, што яе акружае. Чорны.
•••
Не паспець агледзецца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.
2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.
3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.
•••
Сэрца абарвалася гл. сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтуі́цыя, ‑і, ж.
1. Неўсвядомленае чуццё, заснаванае на папярэднім вопыце, якое накіроўвае на правільныя дзеянні; прадбачлівасць, здагадка. За доўгую практыку ў [цёткі Эмілі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр. — Дакладнасць — добрая рэч, — змякчаў сваю рэзкасць начальнік штаба, — але ж часамі патрэбна разведчыкаў і інтуіцыя, нюх ці як хочаш гэта называй... Шахавец.
2. У ідэалістычнай філасофіі — нейкая містычная здольнасць непасрэднага пазнання ісціны без дапамогі вопыту і лагічных вывадаў.
[Ад лац. intueri — пільна, уважліва глядзець.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бры́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыгожы з выгляду, гадкі. [Тапурыя:] — Асілкам..[селянін] не быў, але да работы быў здатным і з твару быў не брыдкі. Самуйлёнак. // Непрыемны, дрэнны. Брыдкі настрой. Брыдкі характар. □ Няўжо яшчэ працягваецца той брыдкі сон! Чарнышэвіч.
2. Паганы, ганебны, благі. Брыдкія паводзіны. □ Алімпе не хапала яшчэ таго, каб родная маці яе стала завадатаркай брыдкіх спраў. Сабаленка. Перад.. [Юркам] было сорамна, і сам сабе Цімка здаваўся брыдкім. Карпаў. // Непрыстойны, брудны, пахабны. Пайшлі па вёсцы пра Зосю брыдкія плёткі. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бягу́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад бегчы.
2. у знач. прым. Які зараз адбываецца, настаў; цяперашні. Банжын коратка расказаў, што было зроблена напярэдадні, расказаў пра планы на бягучы дзень. Шыцік. // Які адбываецца кожны дзень, штодзённы. [Мікалай Аляксеевіч] сказаў колькі слоў наконт бягучай работы, папрасіў Гарнастая быць заўтра на праўленні і выйшаў. Навуменка. А калі ўправіўся [Максім Сцяпанавіч] з бягучымі справамі і выпала вольная хвіліна, захацелася самому пайсці ў ліцейны. Карпаў.
•••
Бягучы момант гл. момант.
Бягучы рахунак гл. рахунак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)