СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],
1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.
2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.Антынг, Ф.О.Рунге (Германія), А.Бенуа, М.Дабужынскі, У.Маякоўскі, К.Сомаў, Ф.Талстой (Расія), М.Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.
3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ (Алена) (Гелена; 5.11.1827, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.2.1874),
бел. мастак. Маст. адукацыю атрымала ў Вільні ў В.Дмахоўскага (1844—45), удасканальвала майстэрства ў Берліне і Дрэздэне. У ранні перыяд творчасці пісала партрэты Канстанцыі, Тэклі Скірмунт (1845—48), Тэафілі, Зяноны Любанскіх (1850), якія вызначаюцца глыбінёй і трапнасцю характарыстык. У 1850-я г. звярнулася да рэліг. тэматыкі: «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні» (1851), алтарны абраз «Бязгрэшнае зачацце», праект алтара для касцёла ў в. Ахова каля Пінска. З мастаком-самавукам К.Радыкам рэстаўрыравала абразы і гафты на літургічных шатах у пінскім касцёле. У 1852—54 брала ўрокі скульптуры ў Вене і Рыме. Пазней працавала пераважна ў скульптуры. Выканала медалі Б.Залескага (1859), І.Лялевеля (1860), Ю.Крашэўскага (1861) і інш. У 1861 зрабіла рэльефы гербаў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і ВКЛ. У 1863 арыштавана і выслана ў г. Тамбоў (Расія). У 1867 вызвалена, але пазбаўлена права жыхарства на радзіме, некат. час жыла ў Крыме. У 1860—70-я г. выканала жанравыя кампазіцыі «Шляхціц у сядзібе», «Муза Талія», цыкл рэльефаў з выявамі князёў ВКЛ, партрэты Януша Радзівіла, Торвальдсена і інш. Аўтар 22 пасярэбраных і пазалочаных шахматных фігурак, прысвечаных перамозе польскага войска над туркамі, сярод якіх выявы караля Яна Сабескага, гетмана Станіслава Ябланоўскага, шляхціцаў у поўным узбраенні, а таксама прадстаўнікоў турэцкага войска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр.пчола́, бджола́, рус.пчела́, польск.pszczoła, в.-луж.pčoła, н.-луж.coła, чэш., славац.včela, серб.-харв.пчѐла, чѐла, славен.čẹ̑la, балг.пчела́, макед.пчела, ст.-слав.бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл.*bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́ць ’гудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл.*bьčela < і.-е.*bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл.bech, літ.bìtė, ст.-в.-ням.bini, швед.bi, англ.bee ’пчала’, лац.fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск.pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск.pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр.скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр.дыял.скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск.skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш.skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац.škripec ‘тс’, в.-луж.skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв.шкрипац ‘блок’, славен.škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг.скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед.скрипец ‘блок’. Прасл.*skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е.*sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш.skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл.*skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл.*skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск.skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трапе́за1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск.дыял.trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ.trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус.дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ.drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат.drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен.trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).
Трапе́за2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав.трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч.τράπεζα, якое са ст.-грэч.τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч.τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л.Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш.Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыі бел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.
Літ.:
Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш.Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФІЯ (ад літа... + ...графія),
від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец.хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л. аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.
Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст. Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.Гаварні, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Ф.Гоя, Т.Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, К.Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.Вюяр, П.Пікасо, А.Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.Ропс у Бельгіі, Э.Мунк у Нарвегіі, Р.Кент у ЗША, Я.Кібрык, П.Кузняцоў, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, М.Радзіёнаў у Расіі.
На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.Славецкі, Я.Рустэм, К.Кукевіч. Да Л., у т. л. каляровай, звярталіся Ю.Азямблоўскі, К.Бахматовіч, А.Бартэльс, Я.Дамель, М.Кулеша, Н.Орда, І.Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.Горыд, Н.Галоўчанка, П.Гуткоўскі, М.Малевіч, Н.Сасноўская, М.Філіповіч, Ф.Фогт, М.Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел. Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.Александровічам, Л.Асецкім, У. і М.Басалыгамі, С.Волкавым, Ю.Выхадцавым, С.Герусам, П.Дурчыным, Ю.Зайцавым, А.Кашкурэвічам, А.Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.Паслядовіч, У.Пашчасцевым, У.Піменавым, С.Раманавым, І.Раманоўскім, У.Савічам, У.Сакаловым, М.Селяшчуком, Ю.Тышкевічам, В.Шаранговічам і інш. Л. — адна з гал. форм бел.эстампа. Іл.гл. таксама да арт.Графіка.
Літ.:
Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.
В.Я.Буйвал, І.Л.Чэбан.
Да арт.Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.Да арт.Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.Да арт.Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.Да арт.Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел.муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сяродарх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.