ЛІ́ФШЫЦ (Яўген Міхайлавіч) (21.2.1915, г. Харкаў, Украіна — 29.10.1985),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1966). Брат І.М.Ліфшыца. Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1933). З 1933 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны, з 1939 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па тэорыі магнетызму, ядз. фізіцы, тэорыі фазавых пераходаў, гравітацыі і касмалогіі. Пабудаваў тэорыю даменаў у ферамагнетыках (1935; разам з Л.​Д.​Ландау). Зрабіў значны ўклад у тэорыю фазавых пераходаў II роду, прапанаваў тэорыю няўстойлівасцей у Сусвеце, які расшыраецца. Аўтар шматтомнага выдання «Тэарэтычная фізіка» (разам з Ландау). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Я.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.​Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.​Заля).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРЭ́НКА (Яўген Парфір’евіч) (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),

укр. акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.​Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Іван («Марнасць» І.​К.​Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.​Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.​Карнейчука), Т.​Р.​Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.​Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХІЛЕ́ВІЧ (Дзмітрый Леанідавіч) (22.9.1897, в. Вадатыі Карастышаўскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 29.5.1974),

украінскі гісторык. Д-р гіст. н. (1951), засл. дз. нав. УССР (1974). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1924). У 1921—45 працаваў у ВНУ УССР і РСФСР. З 1946 заг. кафедры Львоўскага ун-та. Даследаваў агр. адносіны і гісторыю сялянства Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы 16—18 ст. Распрацаваў перыядызацыю агр. гісторыі Беларусі і Літвы 16—18 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).

Тв.:

Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;

Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. Вильнюс, 1966.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІЕ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (13.8.1911, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 30.8.1979),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1972), Герой Сав. Саюза (1978). Канд. ваен. н. (1947), праф. (1961). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938) і Генштаба (1941). У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. 2-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Украіны, контрнаступленні войск Зах. фронту, у Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, выкладчык Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГНІ́БЕДА (Мікола) (Мікалай Львовіч; 20.9.1911, с. Смірнова Запарожскай вобл., Украіна — 16.9.1985),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Друкаваўся з 1930. Зб-кі вершаў, паэм і балад «Дняпроўская вясна» (1932), «Днепраград» (1937), «Дарога на поўдзень» (1940), «Незабыўнае» (1946), «Правы бераг» (1948), «Вершы» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Зерні граніту» (1963), «Кастрычніцкая кніга» (1967), «Вам прысвячаю» (1975), «Благаславёна будзь» (1980), «Подзвіг кахання» (1984) адметныя грамадз. пафасам, прасякнуты матывамі дружбы, барацьбы за мір, паэтызацыяй прац. будняў народа, яго мужнасці ў Вял. Айч. вайну. Складальнік (з А.​Вялюгіным) анталогій «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975). Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, падтрымліваў творчыя кантакты з многімі бел. пісьменнікамі. Шматлікія творы прысвяціў Беларусі, у т. л. паэмы «Васілёк» (1958), «Званы Хатыні» (1973), «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, М.​Лужаніна, Р.​Няхая, П.​Панчанкі, М.​Танка, В.​Таўлая і інш. На бел. мове выдадзены зб-кі яго вершаў у перакладзе М.​Аўрамчыка, Барадуліна, Броўкі, М.​Базарэвіча, А.​Бялевіча, Вялюгіна, С.​Грахоўскага, Х.​Жычкі, Зарыцкага, М.​Калачынскага, І.​Калесніка, Кірэенкі, В.​Коўтун, Куляшова, В.​Лукшы, П.​Макаля, Панчанкі, У.​Паўлава, Ю.​Свіркі, Я.​Семяжона, Танка, У.​Шахаўца. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — Песня з Украіны. Мн., 1957;

Трэцяе спатканне. Мн., 1971;

Вятрылы, поўныя блакіту. Мн., 1981.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 207—222.

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАПА́ДСКІ (Павел Пятровіч) (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.​І.​Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.​І.​Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.—ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр. Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч. рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.​І.​Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.

Тв.:

Спогади. Київ, 1995.

Літ.:

Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.

С.​Б.​Каўн.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пяту́х ’певень’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; віц., Жыв. НС; віл., дзятл., брасл., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Сцяц., Сцяшк., Сержп., Ян.), ст.-бел. петухъ ’тс’; у ВКЛ Бярында лічыў слова характэрным для гістарычнай Літвы, г. зн. паўночна-заходняй Беларусі: волынски — певень, литовски — петухъ (Лексиконъ, 11). Больш поўны малюнак распаўсюджання назвы на беларускай моўнай тэрыторыі гл. Жыв. св., 52; на тэрыторыі Украіны, Расіі і Польшы гл. Фалінска, Leksyka hodowli, 1, 62–63. Сюды ж таксама памянш.-ласк. формы пе́ця, пе́цька (гл.). Параўн. адзначанае яшчэ Ягічам харв. чак. petèh ’тс’; а таксама petȅh (Црэс), славен. pẹ́teh ’тс’ (Слаўскі, Slavica, 99); харвацкія формы Борысь (Czak. stud., 152) разглядае як праславянскія дыялектызмы ці вытворныя ад праславянскіх слоў. Адносна славенскага слова гл. Бязлай, 3, 30. Вытворнае ад *pěti ’спяваць’ (гл. пець) з рэдкім суфіксам ‑uxъ, параўн. пасту́х ад пасці ’пасвіць’ (параўн., Фасмер, 3, 253).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»

(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),

серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв. вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.​Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.​Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І»

(«Архив Юго-Западной России, издаваемый временной Комиссией для разбора древних актов...»),

зборнік дакументаў і літ. помнікаў Правабярэжнай і Зах. Украіны 14—18 ст. Выдадзены ў Кіеве на рус. мове ў 35 т. (ч. 1—8, 1859—1914). Асн. крыніца выдання — Кіеўскі цэнтр. архіў, дакументы, што паступалі ў Кіеўскую камісію ад прыватных асоб, манастыроў і розных устаноў. Уключаны матэрыялы па гісторыі правасл. царквы 14—18 ст., пратаколы і пастановы шляхецкіх соймікаў за 1569—1726, звесткі пра барацьбу ўкр. казацтва з польск. шляхтай у 1500—1768, акты аб паходжанні шляхецкіх родаў, пра гарады, дакументы аб эканам. і юрыд. становішчы ўкр. сялян 1498—1799, перапісы яўр. насельніцтва і інш.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)