ТАЎРАМЕ́НІЙ (Taormina),
старажытнагрэчаскі горад на ўсх. узбярэжжы Сіцыліі (цяпер г. Таарміна, Італія). Засн. ў 396 да н.э. сікуламі, элінізаваны бежанцамі з в-ва Наксас у 358 да н.э. У 1-ю Пунічную вайну Т. адзін з першых на Сіцыліі прызнаў рым. ўладу, за што атрымаў права саюзнай абшчыны. У час 1-га Сіцылійскага паўстання рабоў (гл. Сіцылійскія паўстанні рабоў) важны апорны пункт паўстанцаў. Рабы дадаткова ўмацавалі Т., і рым. войскі здолелі захапіць горад толькі пры дапамозе здрады. У 34 да н.э. ў Т. засн. рым. калонія.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ паверхні,
раздзел геаметрыі, які вывучае такія ўласцівасці паверхні і фігур на ёй, якія могуць быць атрыманы толькі пры дапамозе вымярэнняў на самой паверхні, без звароту да аб’ёмных вымярэнняў. Адлегласць паміж 2 пунктамі на паверхні вызначаецца як мінімум даўжынь крывых, што знаходзяцца на паверхні і злучаюць гэтыя пункты. Прыклады У.г.: планіметрыя — У.г. плоскасці, сферычная геаметрыя — У.г. сферы і інш. У.г. скрыўленай паверхні можна разглядаць як геаметрыю двухмернай скрыўленай прасторы. Развіццё паняцця скрыўленай прасторы прывяло да стварэння Г.Ф.Б.Рыманам т.зв. рыманавых прастор, якія адыгрываюць вял. ролю ў сучаснай фізіцы.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗА́ТЫ,
у старажытнаіранскай рэлігіі і міфалогіі клас божастваў — памочнікаў вярх. бога Ахурамазды: бог сонца і справядлівасці Мітра, багіня вады і ўрадлівасці Ардвісура Анахіта, бог вайны і перамогі Верэтрагна і інш. божаствы, ніжэйшыя рангам за Ахурамазду і 6—7 божастваў з яго найбліжэйшага акружэння, што сімвалізуюць дух святасці, добрую думку, ісціну, уладу, набожнасць, цэласнасць, бессмяротнасць і вядомы пад агульнай назвай Амеша Спента. У больш шырокім значэнні як «бажаство», «нябесны жыхар», тэрмін «Я.» абазначаў не толькі ўласна Я., але і самога Ахурамазду разам з Амеша Спента.
т. 18, кн. 1, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАСЦЬ, кафалічнасць,
рэлігійна-багаслоўскае паняцце, якое азначае адзінства, цэласнасць царкоўнага арганізма. Пры абвяшчэнні сябе саборнай, ці кафалічнай, пэўная царква імкнецца да адзінства і адзінасці ў свеце. Вытокі ідэі хрысціянскай С. ў вучэнні апостала Паўла пра царкву. Вызначэнне паняцця «С.» набыло самастойнасць у працах аднаго з заснавальнікаў славянафільства А.С.Хамякова, які лічыў, што толькі ў правасл. царк. саборы выяўляецца «адзінства ў мностве», якога патрабуе прырода хрысц. царквы, чалавека і грамадства. Ён лічыў, што толькі правасл. царква арганічна спалучае прынцыпы свабоды і адзінства і ўсведамляе ідэю С. як вышэйшую Божую аснову царк. жыцця; проціпастаўляў ёй каталіцкую царкву, якая быццам бы грунтуецца на «адзінстве без свабоды», і пратэстанцкую, нібыта заснаваную на «свабодзе без адзінства». Паняцце «С.» стала цэнтр. у правасл.-славянафільскім кірунку рус. рэліг. філасофіі. К.С.Аксакаў атаясамляў атаясамліваў* С. і абшчыну, дзе, на яго думку, асоба «свабодная, як у хоры». У.С.Салаўёў трансфармаваў ідэю С. ў ідэю ўсеадзінства, якую вызначаў як «паўнату быцця». С.М.Трубяцкой проціпастаўляў ідэю С. індывідуалізму і калектывізму і вызначаў С. як супадзенне рэліг., маральнага і сац. пачаткаў. С.Л.Франк тлумачыў С. як «унутр. арганічнае адзінства», якое ляжыць у аснове чалавечых зносін. С.М.Булгакаў лічыў, што С. з’яўляецца асновай праваслаўя як «адзінае жыццё ў адзінай ісціне». П.А.Фларэнскі спрабаваў аб’яднаць паняцці С. і ўсеадзінства. Як эквівалент С. ўжываецца таксама паняцце «салідарнасць» як агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне прынцыпаў светапогляду і сумесная адказнасць.
Літ.:
Керимов В.И. Историософия А.С.Хомякова. М. 1989;
Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992;
Соловьев В.С. О христианском единстве. М., 1994;
Хомяков А.С. Сочинения богословские. СПб., 1995;
Булгаков С.Н. Два града: Исслед. о природе обществ. идеалов. СПб., 1997.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гато́вы, -ая, -ае; гато́ў, гато́ва.
1. да чаго і з інф. Які зрабіў усе неабходныя прыгатаванні.
Г. да ад’езду.
2. на што або з інф. Які схільны зрабіць што-н., з якім можа што-н. адбыцца.
Г. памагаць садзіць бульбу.
Бульба гатова зацвісці.
3. Канчаткова зроблены, годны для ўжывання, выкарыстання.
Абед г.
Гатовыя дэталі.
На ўсім гатовым (наз.).
4. толькі кар. ф., у знач. вык. Выражае канчатковы вынік якога-н. дзеяння або стану і ўжыв. ў знач.:
а) памёр, сканаў;
б) зусім п’яны (разм.).
Ужо гатоў!
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прыадплю́шчыць, ‑плюшчу, ‑плюшчыш, ‑плюшчыць; зак., што.
Адплюшчыць трохі, не да канца. Да самага Глухога бору Сяргей быў маўклівы і нерухомы. Толькі адзін раз прыадплюшчыў зацёкшае крывёю правае вока, а можа гэта толькі здалося Далідовічу. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самадзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Зроблены сваімі рукамі, хатнімі сродкамі; самаробны. Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба, пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзеравяная, самадзельная. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Т.І.Адула.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],
спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.
А.Б.Савеня.
т. 16, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бязла́дзіца, ‑ы, ж.
Тое, што і бязладдзе. І толькі абрыўкі слоў даходзілі да свядомасці ў поўнай бязладзіцы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)