АРТАКСЕ́РКС III Ох,
персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.
т. 1, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н II (Otto; 955—7.12.983),
кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона I. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. панавання.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗА́НТ,
у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОР, Хор,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца і неба, сын Асірыса і Ісіды. Уяўлялі Гора ў выглядзе сокала (ці чалавека з галавой сокала) або крылатага сонечнага дыска. Першапачаткова Гора шанавалі як драпежнага бога палявання, пазней — як апекуна ўлады фараона, які лічыўся зямным увасабленнем Гора. Пасля перамогі над богам цемры Сетам Гор стаў уладаром Сусвету.
т. 5, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТАРПЫ (Gottorp),
Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг Павел I абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ЕЎ (Сека Куцрыевіч) (1855 ці 1857, с. Н. Ганісі, Грузія — 3.8.1915),
асецінскі пісьменнік; родапачынальнік асецінскай прозы. У апавяданнях «Маці і сын», «Айса», «Арагвійскі князь Нугзар Эрыставі», «Залда», «Азау», «Жанчына ў жалобе» і інш. жыццё асецінскага сялянства на пач. 20 ст., трагічны лёс жанчыны-гаранкі. Адметныя рысы яго творчасці — матывы свабодалюбства, сувязь з фальклорам.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ XII, Гіоргі XII (1746—9.1.1801),
апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла I пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕФІ́Р,
у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.
т. 7, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІА́КАЎ,
у Бібліі малодшы з двух сыноў-блізнят Ісака і Рэвекі. Адкупіў у брата Ісава першародства за сачавічную поліўку і хітрасцю атрымаў благаславенне бацькі як першародны сын. Пасля сутычкі з Богам І. атрымаў ад яго другое імя Ізраіль («той, хто змагаецца з Богам»). Яго 12 сыноў («сыны Ізраіля») лічацца родапачынальнікамі 12 ізраільскіх плямён.
т. 7, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрца вярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.
т. 7, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)