ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.Вівіяна),
мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛ,
кастрыраваны самец буйн. раг. жывёлы ва ўзросце больш за 2 гады. Выкарыстоўваецца пераважна як мясная, радзей рабочая жывёла. Бычкоў, адабраных для забою на мяса, кастрыруюць ва ўзросце 2—5 месяцаў і адкормліваюць (нагульваюць) да 1,5—2-гадовага ўзросту. Забойны выхад у валоў мясных парод 60% і больш. Валоў, якіх прызначаюць для гасп. работ, кастрыруюць ва ўзросце 8—12 месяцаў і прывучаюць да работы з 2-гадовага ўзросту, запрагаючы парамі. Праз 8—9 гадоў валоў ставяць на адкорм. Ад валоў атрымліваюць каштоўную падэшвенную скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КЛА, дзякло,
прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш.с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШЫ́ЦА (Acinos),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і і Паўд.-Зах. Азіі. На Беларусі трапляецца ўсюды Д. палявая (A. arvensis). Расце на сухіх сонечных месцах: на пясках, чыг. насыпах, каля дарог і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя невысокія травяністыя расліны з простымі адзіночнымі або шматлікімі сцёбламі. Лісце дробнае, яйцападобнае або рамбічнае, клінападобна звужанае ў кароткі чаранок. Кветкі дробныя, фіялетава-пурпуровыя, у несапраўдных кальчаках, размешчаных у пазухах лістоў. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧКІ,
1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.
2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац. Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЯЯ́-АКУЛЯ́РНІЦА (Naja naja),
змяя роду сапраўдных кобраў. Пашырана ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жыве сярод камянёў і кустоў, у тэрмітніках, норах грызуноў і інш.
Даўж. 1,6—2 м. Афарбоўка зменлівая, агульны фон ад жаўтавата-шэрага да бураватага і чорнага. Бруха светла-шэрае або жаўтавата-бурае. Пры небяспецы на расшыраным спінным баку шыі светлы малюнак у выглядзе акуляраў (адсюль назва). У інд. падвідзе З.-а. «акулярны» малюнак звычайна з аднаго кальца. Корміцца земнаводнымі, грызунамі, радзей птушкамі. Ядавітая, яд выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМГЛА́, сухі туман,
памутненне ніжніх слаёў атмасферы ад мноства завіслых цвёрдых часцінак (дыму, гары, пылу). Бачнасць пры І. зніжаецца ад 1 км да некалькіх соцень і дзесяткаў метраў. Характэрна для пустынных і стэпавых раёнаў пры эрозіі глебы і пылавых бурах, узнікае пры лясных і тарфяных пажарах, вулканічных вывяржэннях. У вял. гарадах бывае гарадская І., выкліканая антрапагенным забруджваннем паветра (гл.Смог). На тэр. Беларусі здараецца толькі ў ціхае надвор’е, пераважна ў вял. гарадах (у Мінску — да 12 дзён за год), радзей пры пажарах на тарфяніках і ў лясах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Й,
адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (s); «уйти» — уsти», «сеймъ» — «сеsмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Stipa),
род кветкавых раслін сям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн. расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.
АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар. расліны.