АНКАЛО́ГІІ І МЕДЫЦЫ́НСКАЙ РАДЫЯЛО́ГІІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1960 у Мінску на базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (з 1934) і анкалагічных аддзяленняў 1-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1965 у пас. Лясны Мінскага р-на. Галаўны навук., лячэбна-кансультацыйны і арганізац.-метадычны цэнтр па праблемах анкалогіі і мед. радыялогіі. Асн. кірункі даследаванняў: эпідэміял. і лабараторны кантроль злаякасных новаўтварэнняў, распрацоўка і ўдасканаленне метадаў дыягностыкі і лячэння рака з выкарыстаннем хіміягармонатэрапіі, прамянёвай тэрапіі, мадыфікавальных уздзеянняў; мед. рэабілітацыя анкалагічных хворых. Аспірантура з 1962. Выдае зб. «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧА,
вадасховішча у Мінскім р-не, на р.Вяча (бас. Свіслачы), за 19 км на Пн ад Мінска. Створана ў 1970. Пл. 1,68 км², даўж. 5,3 км², найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 8 м, аб’ём вады 5,1 млн.м³. Катлавіна выцягнутая. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, складзены з пяскоў, супескаў і суглінкаў. Парослыя хваёвым лесам і хмызнякамі. Берагавая лінія (даўж. 15,2 км) слаба парэзаная, ёсць заліў даўж. 300 м. Моцнапраточнае, упадае р. Чарняўка. Вярхоўі вадасховішча зарастаюць чаротам і асокамі. Зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,
у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн.м³, перспектыўныя 50,1 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРУ́НВАЛЬД»,
летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-вабел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ЎСКІ (Іван Елізаравіч) (30.5.1896, в. Грозаў Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1960),
генерал-лейтэнант (1945). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1925), Генштаба (1948). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Бранскім, Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Шклова, Магілёва, Мінска, Літвы, Польшчы, баёў пад Берлінам. З 1945 нам. камандуючага ваен. акругай, у 1946—56 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДЫ́,
вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн.м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛУДЗЕЎ (Віктар Рыгоравіч) (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах, Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Георгій Няфёдавіч) (24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ДА (Ірына Антонаўна) (н. 5.10.1932, Мінск),
бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1987), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў праектных ін-тах, з 1981 у Бел.дзярж.н.-д. і праектным ін-це горадабудаўніцтва Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1967) выкладчык БПА. Навук. працы па тэарэт. і метадалагічных асновах горадабудаўніцтва. Адзін з аўтараў ген. плана Мінска (1963), «Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР» (1987), праектаў планіроўкі і забудовы гарадоў Беларусі.
Тв.:
Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БУШКІНА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 20.7.1934, в. Кубышка Нялідаўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1977). Скончыла БДУ (1958). З 1958 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе земляробства на Беларусі ў перыяд ранняга феадалізму, гісторыю насельніцтва 10—13 ст.тэр.Бел. Пабужжа. Асн. працы: «Земляробства на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII стст.» (1979), «Археалогія Беларусі: Бібліягр. паказ. (1932—1975)» (1988), «Курганы Беларускага Пабужжа, X—XIII стст.» (1993). Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Беларускай археалогіі» (1987).