ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА РЫ́НКУ,
комплекс арг-цый, устаноў, інстытутаў, якія садзейнічаюць нармальнаму, бесперапыннаму функцыянаванню рынку, выконваюць пасрэдніцкія функцыі, вырашаюць дапаможныя задачы таварна-грашовага абарачэння паміж суб’ектамі гаспадарання. забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў, прац. сілы ў рыначнай гаспадарцы. Вылучаюць базісны і надбудовачны ўзроўні І.р. Да базіснага ўзроўню адносяць сістэму гандл., фін.-эканам. арг-цый і ўстаноў (банкі, біржы, фін., страхавыя, лізінгавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсіённыя фонды і інш.). Надбудовачны ўзровень уключае рэгулятыўны механізм, інфарм. і тэхн. забеспячэнне (заканадаўства, інфарм. тэхналогіі, камунікацыі). У Рэспубліцы Беларусь працэс станаўлення новай І.р. характарызуецца актыўным развіццём элементаў фін. рынку. У 1997 дзейнічала 28 камерцыйных банкаў, каля 50 лізінгавых і больш за 60 страхавых кампаній, 22 спецыялізаваныя інвестыцыйныя фонды і інш. Фарміруецца монабіржавая сістэма фондавага рынку, развіваецца інфарм.-кансультатыўная і дэпазітарная сістэмы, дзейнічаюць фондавая, міжбанкаўская, валютная, трансп. біржы. Рыначныя адносіны ў сферы таварнага абарачэння рэгулююцца на таварных біржах. У 1997 на Беларусі дзейнічала 5 таварна-сыравінных біржаў, 774 брокерскія канторы і незалежныя брокеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),
1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.
2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.
3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.
Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел тэарэт. хіміі, у якім вывучаюцца будова і ўласцівасці хім. злучэнняў, іх рэакцыйная здольнасць, кінетыка і механізмхім. рэакцый на аснове ўяўленняў і з дапамогай метадаў квантавай механікі.
Развіццё К.х. пачалося ў 1920—30-я г., калі былі прапанаваны метады апісання будовы электронных абалонак малекул: метад валентных сувязей (В.Гайтлер і Ф.Лондан далі квантава-хім. тлумачэнне кавалентнай сувязі ў малекуле вадароду, Дж.Слейтэр і Л.Полінг развілі іх падыход) і метад малекулярных арбіталей (асновы метаду распрацавалі Ф.Гунд, Р.Малікен, Д.Хартры і інш.), які стаў асноўным для апісання будовы электронных абалонак любых малекул, колькаснага разліку малекулярных структур, а таксама вызначэння сувязі паміж будовай малекул і іх рэакцыйнай здольнасцю. Квантава-хім. ўяўленні і метады выкарыстоўваюць пры вывучэнні высокамалекулярных злучэнняў і ў малекулярнай біялогіі.
Літ.:
Фларри Р.Л. Квантовая химия: Введение: Пер. с англ.М., 1985;
Современные проблемы квантовой химии: Методы квантовой химии в теории межмолекулярных взаимодействий и твердых тел. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗДЫ́МАЧНЫ АПАРА́Т, кінаапарат, кінакамера,
оптыка-механічная прылада для здымкі аб’ектаў на кінаплёнку (кіназдымкі). Для здымкі выкарыстоўваецца кінаплёнка шырынёй 70 мм (шырокафарматныя фільмы), 35 мм (звычайныя і шырокаэкранныя праз анамарфотную оптыку), 16, 2×8 і 8 мм (аматарская здымка). К.а. забяспечваюцца анамарфотнымі насадкамі, святлафільтрамі, маскамі, указальнікамі метражу плёнкі і інш.
Паводле прызначэння бывае: сінхронны (для кіназдымкі адначасова з гуказапісам на спец. плёнку), агульнага прызначэння (для нямой кіназдымкі ў павільёнах і на натуры; найб. пашыраны), прэцызійны (для камбінаванай, мультыплікацыйнай і інш.спец. кіназдымкі, дзе патрабуецца высокая дакладнасць сумяшчэння відарысаў), скарасны (для здымкі спарт. спаборніцтваў, хуткіх вытв. працэсаў і інш.), ручны (асн. тып апаратуры для хранікальна-дакумент. кіназдымкі, здымкі навук.-папулярных, навуч. і інш. фільмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСНІКО́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (н. 3.4.1941, в. Рачкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізікахімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1994), д-рхім.н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1965), дзе і працаваў. З 1978 у НДІфіз.-хім. праблем пры БДУ, з 1990 прарэктар БДУ. З 1996 першы нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі. Навук. працы па вывучэнні энерганасычаных і высокадысперсных рэчываў і матэрыялаў на іх аснове. Распрацаваў метад рашэння адваротнай задачы неізатэрмічнай кінетыкі для простых і некат. складаных рэакцый кандэнсаваных рэчываў. Даследаваў з’яву вадкаполымнага гарэння і механізм тэрмахім. раскладання тэтразолу і яго вытворных. Выявіў размерны эфект у рэгуляванні скорасці гарэння каталізатарамі і інгібітарамі гарэння. Атрымаў новыя рэгулятары гарэння для розных гаручых сістэм, новыя матэрыялы на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў.
Тв.:
Корреляции в современной химии. Мн., 1989 (разам з С.У.Леўчыкам);
Развитие исследований по химии гетерогенных конденсированных систем // Вестн. БГУ. Сер. 2. 1996. № 3;
Явление жидкопламенного горения // Весці НАН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел паталогіі, які вывучае парушэнні фізіял. функцый і кампенсаторна-аднаўленчыя працэсы ў хворым арганізме. Падзяляецца на агульную і асобную. Агульная П.ф. разглядае прычыны (этыялогію), механізм развіцця (патагенез) хваробы, тыповыя паталаг. працэсы (запаленне, гіпаксію, гарачку, дыстрафію, парушэнні кровазвароту і інш.), аналізуе ўзаемаадносіны арганізма і знешняга асяроддзя. Асобная П.ф. вывучае паталаг. працэсы асобных органаў і сістэм.Асн. метад — эксперымент (мадэліраванне паталаг. працэсу і вывучэнне яго ў развіцці). Як самаст. навука вылучана ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар першага падручніка і заснавальнік П.ф. ў Расіі — В.В.Пашуцін. На Беларусі развіццё П.ф. звязана з адкрыццём кафедры паталаг. фізіялогіі пры БДУ (1928), працамі А.Ю.Бранавіцкага. Навук. даследаванні праводзяцца у мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу і інш. Вядучыя бел. спецыялісты па П.ф. — Ф.І.Вісмант, А.А.Крыўчык, А.В.Лявонава, Дз.А.Маслакоў, Ю.Я.Радзівонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),
1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1956) і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957). Замежны чл.АНСССР (1947). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1945). Скончыў Будапешцкі ун-т (д-р медыцыны, 1917). З 1922 у Нідэрландах, Вялікабрытаніі (д-р філасофіі Кембрыджскага, 1927), ЗША. З 1930 у Венгрыі: з 1931 праф. Сегедскага, з 1945 — Будапешцкага ун-таў. З 1947 у марской біял. лабараторыі і Ін-це па вывучэнні мышцаў у г. Вудс-Хол (ЗША). Навук. працы па працэсах біял. акіслення, хіміі вітамінаў, механізмах мышачнага скарачэння. Вылучыў з жывёльных і расл. тканак аскарбінавую к-ту, адкрыў антыгемарагічны фактар — вітамін Р, устанавіў прыналежнасць рыбафлавіну да комплексу вітаміну B2. Выявіў у скарачальным мышачным бялку (актаміязіне) 2 звязаныя паміж сабой часткі — актын і міязін, механізм ініцыяцыі адэназінтрыфасфатам працэсу скарачэння мышцаў, каталітычныя функцыі дыкарбонавых к-т у працэсах тканкавага дыхання. Стварыў шэраг тэорый мышачнага скарачэння. Нобелеўская прэмія 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),
функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.С.Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал.механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.