«МАЛАДЫ́ КАМУНІ́СТ»,

нелегальная газета; орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 1924—37 на бел. і рус. (асобныя нумары на польск. і яўр.) мовах. Спачатку друкавалася ў Мінску, потым у Вільні. Арганізатар і першы рэдактар В.З.Харужая. Інфармавала пра рашэнні кіруючых органаў ВКП(б), КП(б)Б, ЛКСМБ, КПП, КСМЗБ, КІМа, дзейнасць камсамольскіх арг-цый Зах. Беларусі. Асвятляла жыццё працоўнай моладзі. Выступала як арганізатар падп. барацьбы за вызваленне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, давала канкрэтныя парады па падрыхтоўцы і правядзенні мітынгаў, дэманстрацый, забастовак. Займала прасталінскую пазіцыю ў адносінах да бел. нац.-дэмакр. партый, арг-цый і іх дзеячаў, выступала з крытыкай т.зв. трацкісцка-зіноўеўскага блока, правага ўхілу ў ВКП(б), заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ. Змяшчала асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Пестрака, В.​Таўлая, М.​Засіма, рэв. песні, частушкі. Выйшла каля 50 нумароў.

П.​І.​Зялінскі.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.​Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч, А.​Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЎВА́ЖНЫ ((Nieuważny) Фларыян) (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.​Цютчава, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, І.​Эрэнбурга, Р.​Скаварады, Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Брыля, В.​Быкава, У.​Караткевіча, І.​Мележа, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.​Купалы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, Брыля, Н.​Гілевіча, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, В.​Іпатавай, Караткевіча, У.​Някляева, А.​Кудраўца, А.​Разанава, М.​Стральцова і інш.

А.​Л.​Верабей.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.​Коласа, партызанкі Н.​Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.​І.​Казлова (1946), І.​П.​Ціткова (1945), Е.​С.​Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.​І.​Шубы, мастака А.​Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.​В.​Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.​Ф.​Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.​Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.​І.​Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.​Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.

М.​А.​Міронаў.

З.Паўлоўскі. Партрэт мастака А.​Мазалёва. 1945.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг. Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял. Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.​Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.​Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.​Купалы і Я.​Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯК ((Pollak) Сяверын) (10.1.1907, Варшава — 1987),

польскі паэт, перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1934). У 2-ю сусв. вайну падпольшчык, удзельнік Варшаўскага паўстання 1944. Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў вершаў «Гадзіна жыцця» (1946), «Снарад і слова» (1952), «Выбраныя вершы і пераклады» (1954), «Праніканне» (1965), «Бяссонне» (1975), эсэ «Падарожжа за тры моры. Эскізы пра рускую літаратуру» (1962), «Турботы паэтаў. Пра рускую паэзію XX ст.» (1972), «Рухомыя граніцы» (1988) і інш. Складальнік і перакладчык бел. паэзіі ў анталогіі «Сто трыццаць паэтаў» (1957), для якой пераклаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова, П.​Панчанкі. Вершы Я.​Купалы ў перакладзе П. апубл. ў зб. «Беларускія вершы» (1971). Перакладаў вершы Г.​Ахматавай, А.​Блока, У.​Маякоўскага, Б.​Пастарнака і інш. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі С.​Дзяргай, П.​Макаль. В.І.Гапава.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,

сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦК КП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Віткі, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, М.​Танка, М.​Чавускага, К.​Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.​Ахрэмчыка, Л.​Брадатага, В.​Букатага, К.​Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час. «Вожык».

М.​П.​Пазнякоў.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы і «Вайна вайне» Я.​Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.​Мележа, аповесць «Андрэйка» П.​Кавалёва, апавяданні М.​Лынькова, зб. апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.​Рудава і У.​Ідэльсон.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1983;

Бел. пер. — Канстанцін Заслонаў. Мн., 1976.

А.​Р.​Жакаў.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.

1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.

2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пейза́ж, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.

2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.

3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.

[Фр. paysage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)