ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял. кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КАЎ (Пётр Уладзіміравіч) (8.1.1817, Масква — 18.8.1868),
расійскі гісторык і публіцыст. Князь, з роду Далгарукіх. Скончыў Пажскі корпус (1834). Займаўся генеалогіяй: апублікаваў «Паданне пра род князёў Далгарукавых» (1840), «Расійскі радаслоўны зборнік» (кн. 1—4, 1840—41), «Расійскую радаслоўную кнігу» (ч. 1—4, 1854—57). Выдаў у Парыжы на франц. мове ў 1842 «Нататку пра галоўныя фаміліі Расіі», накіраваную супраць дынастыі Раманавых, за што быў сасланы (1843—44), у 1860 кн. «Праўда пра Расію», дзе крытыкаваў урад і праграму ліберальна-канстытуцыйных рэформаў. Адмовіўся вярнуцца ў Расію і быў завочна прыгавораны Сенатам да пазбаўлення тытула, усіх маёмасных правоў і вечнага выгнання (1861). Выпускаў газ. канстытуцыйнага кірунку «Будущность», «Правдивый», «Листок» і інш.
Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.І.Герцэна. Аўтар мемуараў (1867).
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герцен против самодержавия: Секретная полит. история России XVIII—XIX вв. и Вольная печать. 2 изд. М., 1984.
т. 6, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІ (Пётр Андрэевіч) (23.7.1792, Масква — 22.11.1878),
рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз. чл. Рас. акадэміі (1839), акад. Пецярб. АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл. літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т.зв. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццё рус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—12. СПб., 1878—96;
Соч. Т. 1—2. М., 1982;
Записные книжки. М., 1992.
т. 4, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР (?—945),
вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК ((Kuusik) Ційт) (Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
т. 9, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЧЭНКА (Мікалай Міхайлавіч) (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. З 1987 выкладае ў Бел. АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.Дударава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.Горына), Палоній («Гамлет» У.Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.Хігінса).
т. 8, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІНЕ́НКА-ВО́ЛЬГЕМУТ (Марыя Іванаўна) (13.2.1892, Кіеў — 3.4.1966),
украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1936). Скончыла Кіеўскае муз. вучылішча (1912). З 1912 у т-рах Расіі (Петраград), Украіны. У 1935—53 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. У 1920-я г. ўдзельнічала ў стварэнні ўкр. опернага т-ра. Выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1944 праф.). Валодала моцным чыстым голасам прыгожага тэмбру, высокаразвітай вак. тэхнікай. Сярод партый: Насця, Наталка і Цярпіліха («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Аксана, Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулака-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Варвара («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Купава і Снягурачка («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Ліза, Марыя («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Галька («Галька» С.Манюшкі). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Швачко Т.М.Литвиненко-Вольгемут. Киев, 1986.
т. 9, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.І.Глінкі (1981).
Т.Г.Мдыват.
т. 6, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),
украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Літ.:
И.С.Паторжинский. М., 1976.
т. 12, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л БАРЫ́САВІЧ (1453 або 1457, г. Цвер, Расія — не пазней 1505),
апошні вял. князь Цвярскога княства [1461—85]. Сын вял. кн. Барыса Аляксандравіча. Разам з маскоўскімі войскамі цвярскія палкі М.Б. ўдзельнічалі ў паходах маскоўскага вял. кн. Івана Ш на Ноўгарад (1471 і 1477) і «Стаянні на Угры» супраць хана Вял. Арды Ахмата (1480). У сярэдзіне 1480-х г. М.Б. прызнаў сябе васалам Івана III, але спрабаваў з дапамогай ВКЛ адстаяць фактычную незалежнасць свайго княства. У жн. 1485 Іван III аблажыў сваімі войскамі Цвер, адкуль М.Б. 12 вер. тайна ўцёк у ВКЛ. Цвер была ўзята, і Цвярское княства спыніла самаст. існаванне. У 1486 М.Б. атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Казіміра IV невял. дапаможны атрад і беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе Цвер. Апошнія гады правёў у ВКЛ, дзе атрымаў вял. латыфундыю ў Слонімскім пав. і маёнтак Пячыхвосты на Валыні.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)