ПУАНТЫЛІ́ЗМ (франц. pointillisme ад point кропка),

1) у выяўленчым мастацтве (дывізіянізм) — жывапісная сістэма неаімпрэсіянізму, заснаваная на раскладзе складанага колеравага тону на чыстыя, спектральныя колеры. У тэхніцы П. мазкі ў выглядзе кропак або дробных квадратаў наносяцца на палатно асобна, без накладання адзін на адзін ў разліку на іх аптычнае змяшэнне пры зрокавым успрыняцці карціны. Узнік у франц. жывапісе каля 1885, пашырыўся ў Бельгіі, Італіі. У тэорыі П., распрацаванай яго буйнейшымі прадстаўнікамі Ж.Сёра і П.Сіньякам, атрымалі паслядоўнае развіццё каларыстычныя ідэі Э.Дэлакруа, імпрэсіяністаў, тагачасныя навук. дасягненні ў псіхалогіі ўспрыняцця колеру. У творах пуантылістаў спалучаліся прыёмы аб’ёмна-прасторавай трактоўкі кампазіцыі, павышаная цікавасць да аптычных эфектаў, колеравай індукцыі, храматычнай гарманізацыі фарбаў. У рэчышчы П. працавалі А.​Э.​Крос, М.​Люс (Францыя), Т. ван Рыселберг, В.​Фінч, Ф.​Шарле, В.​Шлобах (Бельгія), Г.​Прэвіяці, Дж.​Сеганціні (Італія) і інш. Паўплываў на творчасць групы «Набі», кубістаў, футурыстаў, фавістаў, мастакоў оп-арта.

2) У музыцы — адзін з метадаў Сучаснай муз. кампазіцыі. Муз. тканіна ствараецца не шляхам злучэння меладычных ліній ці акордаў, а з «кропак»-гукаў (двухгуччаў, іншы раз — «кропак»-акордаў), раз’яднаных паўзамі ці скачкамі (заканчэнне п’есы «Ізаляваныя кропкі ў прасторы» Э.​Дзянісава). Пачынальнік П. — А.Веберн. Найб. пашырыўся ў 2-й пал. 20 ст. Сярод яго прадстаўнікоў П.Булез («Структуры» для 2 фп.), К.Штокгаўзен («Кантрапункты»), М.​Кагель («Пераўтварэнні 11») і інш. Пуантылістычная музыка стала крокам да больш позняй прасторавай музыкі (выканаўцы размяшчаюцца ў розных канцах залы), а ў тэхн. музыцы — ад стэрэафаніі і пластавай кампазіцыі ў спалучэнні са статычнай і кінетычнай прасторавай праекцыяй. З бел. кампазітараў да пуантылістычнага метаду кампазіцыі звярталіся Я.​Паплаўскі, Дз.​Смольскі, А.​Сонін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі (жывапіс), В.​С.​Клакоцкая (музыка).

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРАПО́ВІЧ (Мсціслаў Леапольдавіч) (н. 27.3.1927, Баку),

расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.​Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.​Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.​Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.​Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.​Брытэна, Р.​Гліэра, А.​Жаліве, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Л.​Піпкава, У.​Пістана, Л.​Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.​Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.​Шнітке, Р.​Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.​Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.

Літ.:

Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;

Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;

Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.

Н.​В.​Шпянёва.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.​Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.​Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, М.​Чуркіна, Р.​Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.​Танкам, Р.​Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.:

Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.​Ф.​Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.​Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАГРА́ФІЯ (ад грэч. eikōn выява, відарыс +... графія) у выяўленчым мастацтве, дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-н. персанажаў ці сюжэтных сцэн. У стараж. рэліг. мастацтве каноны І. былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй (напр., І.​Маці Божай, Ісуса Хрыста, Буды і інш.). З пашырэннем у мастацтве новага зместу схемы І. паступова змяняліся і ўскладняліся; развіццё свецкага мастацтва, маст. стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў абумовілі большую свабоду тлумачэння іканаграфічных схем і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных. У мастацтвазнаўстве І. (іканаграфічны метад) — апісанне і сістэматызацыя тыпалагічных прыкмет і схем, прынятых пры адлюстраванні персанажаў ці сюжэтаў. Метад склаўся ў Францыі ў 1840-я г. як сродак вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый, атрыбутаў; у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пашырыўся і на інш. краіны. Звяртанне да І., якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сац. і эстэт. аспекту) мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення маст. твора. Пад І. таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-н. чалавека (напр., І. Ф.​Скарыны, Ефрасінні Полацкай і інш.) ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі, кірункаў у мастацтве і інш.

У музыказнаўстве — апісанне, вывучэнне, сістэматызацыя і каталагізацыя твораў выяўл. мастацтваў на муз. тэматыку; дапаможная навук. дысцыпліна па гісторыі музыкі, інструментазнаўства, муз. этнаграфіі. Наскальныя малюнкі, археал. прадметы, фрэскі і абразы царк. храмаў, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура, кераміка і інш. захавалі каштоўныя дакумент. звесткі пра муз. культуру розных гіст. эпох і народаў, функцыянаванне муз. мастацтва ў грамадстве, пра формы, канструкцыі і спосабы трымання муз. інструментаў, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, пра кампазітараў, выканаўцаў і іх асяроддзі. Першая спроба І. музычнай — праца ням. лексікографа Э.​Л.​Гербера (1783), дзе прыведзена І. музыкантаў. Актыўна распрацоўваецца ў музыказнаўстве з пач. 20 ст. З 1961 у ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах».

І.​Дз.​Назіна (І. ў музыказнаўстве).

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,

умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.​Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.​Афенбах, І.​Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц. муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.​А.​Моцарта, фп. рапсодыі Ф.​Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.​Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.​Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.​Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.​Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.​Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян. музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.​Буднік, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, В.​Раінчык, Э.​Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.​Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.​Вагнера, праграмныя п’есы, у т. л. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані і інш.).

Літ.:

Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор АН. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),

1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.

2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст. навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.

Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.​Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.​Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл. Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.

Літ.:

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;

Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.

Н.​Г.​Мазурына.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ О́ПЕРА «ЭСТО́НІЯ»,

эстонскі тэатр оперы і балета; буйнейшы муз. т-р Эстоніі. Засн. ў 1906 у Таліне на базе аматарскага драм. гуртка пры пеўчым т-ве «Эстонія» (існавала з 1865). З 1940 наз. Дзярж. т-р Эст. ССР «Эстонія», з 1949 — Эст. т-р оперы і балета, з 1950 акадэмічны, з 1998 сучасная назва. Напачатку ставіліся драм. спектаклі, камедыі, аперэты, з 1908 і оперы. Пастаянная оперная трупа існуе з 1918, балетная — з 1926. Першыя эст. нац. оперы — «Вікерцы» («Вікінгі») Э.​Аава (паст. 1928), «Дзева магілы» (1929), «Каханне і смерць» (1931) і «Эльга» (1934) А.​Лембы, першы эст. балет — «Дамавік» («Краць») Э.​Тубіна (1944). У рэпертуары класічныя рус., італьян., ням., франц. балеты і оперы (многія ставяцца на мове арыгінала), сучасных эст. кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры Э.Клас, Р.​Куль, К.​Раўдсеп, Н.​Ярві, рэжысёры А.​Вінер, У.​Вяльяотс, балетмайстры Р.​Ольбрэй, Э.​Суве, Г.​Экстан, мастакі Н.​Мей, В.​Пяры, Л.​Роаза, Э.​Рэнтэр, А.​Тууранд, В.​Хаас, спевакі М.Войтэс, В.​Гур’еў, А.Кааль, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, салісты балета Б.​Бліноў, Я.​Гаранцыс, А.-Э.​Керге, А.​Койт, Ю.​Лась, А.​Лейс, Ю.​Лехістэ, Х.​Пуур, Ц.​Рандвійр, Т.​Соане, Ю.​Ула, Ц.​Хярм, Э.​Эркіна і інш. У трупе т-ра (2000): гал. дырэктар П.​Хіма, гал. дырыжор П.​Мягі, гал. рэжысёр Н.​Кунінгас, гал. балетмайстар М.​Мурдмаа, гал. хормайстар Э.​Тыйсвальд; спевакі Р.​Айрэнэ, Я.​Захараў, Н.​Курэм, В.​Куслап, І.​Кууск, Т.​Майстэ, М.Пальм, Л.​Савіцкі, У.​Таутс, В.​Юрна, салісты балета І.​Андрэ, У.​Архангельскі, Т.​Вароніна, К.​Кырб, С.​Упкін, М.​Чыркова, Ю.​Якімаў, В.​Янсанс і інш.

Літ.:

Каск К., Тормис Л., Паалма В. Эстонский театр. М., 1978.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],

старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.​К.​Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.​Шапэна. Да П. звярталіся І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, К.​М.​Вебер, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін, А.​Лядаў і інш.

Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.​Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.​Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.​Казлоўскага (для арк.), Н.​Орды, А.​Абрамовіча, С.​Манюшкі, К.​Ельскага, Ф.​Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.​Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.​Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.​Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),

1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.​Б.​Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.

2) Інстр. муз. п’еса.

Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.​Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.​Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.​Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.​І.​Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.

У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, Л.​Гуціна, У.​Дамарацкага, А.​Залётнева, Э.​Зарыцкага, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.​Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)