ПЫЛАВА́Я БУ́РА,

перанос вялікай колькасці часцінак глебы або пяску моцным ветрам у пустынях, паўпустынях і разараных стэпах. Найб. моцныя буры пераносяць мільёны тон пылу на сотні (зрэдку тысячы) кіламетраў, рэзка пагаршаюць бачнасць, за што іх называюць чорнымі бурамі. Часцей адзначаюцца летам, у час сухавеяў, але магчымы і ў бясснежныя зімы. Моцныя П.б. ўзнікаюць пры нерацыянальным выкарыстанні зямлі, наносяць вял. страты сельскай гаспадарцы, засыпаюць пасевы, знішчаюць паверхневы слой глебы. Барацьба з П.б. праводзіцца з дапамогай полеахоўных лясных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва і інш. агратэхн. мерапрыемстваў. На Беларусі з’явы, падобныя на П.б., адбываюцца часам на асушаных тарфяніках.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш. інфекц. хвароб.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясчанкі: 1 — вялікая; 2 — персідская.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Размешчаны ў паўн. ч. Перадуральскага прагіну. Адкрыты ў 1924, прамысл. асваенне з 1934. Пл. каля 90 тыс. км². Балансавыя запасы 8,7 млрд. т, у т. л. разведаныя 8,2 млрд. т. Вугляносныя адклады пермскага ўзросту (магутнасць 1—7 км) уключаюць да 250 рабочых пластоў і прапласткаў (магутнасць 0,5—3,5 м, зрэдку да 30 м). Пераважаюць каменныя вуглі марак Б і Д, сярод каксаўных — маркі Ж. Здабыча падземным спосабам да глыб. 900 м. Адм. і прамысл. цэнтры — гарады Варкута і Інта.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНЕ́Ц АВЕ́ЧЫ, крывасоска авечая (Melophagus ovinus),

бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).

Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.

Рунец авечы: 1 — самец; 2 — самка.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шарава́цца 1, ‑руецца; незак.

Зал. да шараваць ​1.

шарава́цца 2, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Разм. Церці сябе чым‑н. Шаравацца вяхоткай.

2. Церці, закранаць сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета, рухаючыся ўзад і ўперад. Чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сцяну ці аб жолаб. Чорны. [Гілёрык] чуў як бы нейкі шум, але сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Колас.

3. Зал. да шараваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Пышнае дарагое адзенне. Чалавек апрануты ў найдаражэйшыя шаты, самай выдатнай пекнаты, калі ён носіць за сабою, пры сабе жорсткасць, нянавісць.. — ён з’яўляецца непрыгожым. Дубоўка.

2. перан. Покрыва (звычайна з лісця, снегу). Дубы стаяць яшчэ зялёныя, толькі зрэдку, нібы сівізна ў валасах, прабіваецца і ў іх шатах жоўтае лісце. Навуменка. Першы снег сець-бель мярэжыць, Сцеле шаты на дарогі. Колас. // Покрыва, прыкрыцце. Пад шатамі дрэў ужо збіралася ноч. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРЛАКІ́,

1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.

2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІЛІ́К (Ocimum),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.

Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці.

Базілік камфорны.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЕ́Ц (Huperzia),

род дзярэзаў сям. баранцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца баранец звычайны (Huperzia selago). Расце невял. групамі ў старых яловых і шыракаліста-яловых лясах, арэшніках і чорнаалешніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовазялёная дзераза выш. 10—15 см. Спарафіт, утварае шчыльныя курціны з двойчы-чатырохразова вільчакова-разгалінаваных прамых ці ўзыходных сцяблоў, укрытых, як чарапіцай, дробным ланцэтным лісцем. Спарангіі жоўтыя, аднагнездавыя, ныркападобныя, на кароткіх ножках у пазухах спарафілаў. Спараносіць у ліп.—жніўні. Споры вельмі дробныя (каля 30 мкм). Зарастак (гаметафіт) цыліндрычны, радыяльна-сіметрычны. Лек. (мае алкалоіды, сродак ад алкагалізму і курэння), фарбавальная, інсектыцыдная і дэкар. расліна.

Баранец звычайны.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЁКАТ (Hyoscyamus),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).

Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.

Блёкат чорны.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)