ДЭФЕ́КТЫ Ў КРЫШТА́ЛЯХ,

парушэнні перыядычнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы. Узнікаюць пры росце крышталёў ці іх фазавых ператварэннях, цеплавых, мех., эл. і інш. уздзеяннях, увядзенні дамешкаў. Адрозніваюць дэфекты кропкавыя (нульмерныя), лінейныя (аднамерныя), паверхневыя (двухмерныя) і аб’ёмныя (трохмерныя).

Кропкавыя дэфекты — парушэнні перыядычнасці ўласнай атамнай структуры крышталя: вакансіі атамы і іоны, што перамясціліся з нармальнага становішча ў міжвузелле (міжвузельныя атамы і іоны); атамы і іоны ў крышталях хім. злучэнняў, якія займаюць вузлы «чужой» падрашоткі; дэфекты, што ўзнікаюць пры ўвядзенні ў крышталь дамешкавых атамаў. Узаемадзеянне такіх дэфектаў паміж сабой прыводзіць да ўзнікнення складаных дэфектаў: дывакансій (падвойных вакансій), кластараў (скопішчаў дэфектаў) і інш. Лінейныя дэфекты — ланцужкі кропкавых дэфектаў, краявыя і вінтавыя дыслакацыі. Паверхневыя дэфекты: няправільна ўкладзеныя слаі атамаў (дэфекты ўпакоўкі); заканамерныя парушэнні нармальнага чаргавання атамных плоскасцей; дэфекты двайнікавання з кропкавай сіметрыяй; межы ўключэнняў; сама паверхня крышталя і інш. Аб’ёмныя дэфекты: парушэнні, звязаныя з адхіленнем ад законаў стэхіяметрыі; скопішчы вакансій; нерэгулярныя ўтварэнні ў выглядзе расколін, пустот, уключэнняў іншай фазы; скопішчы дамешкаў на дыслакацыях, у зонах росту і інш. макраскапічныя дэфекты. Д. ў к. уплываюць на мех., аптычныя, эл., магн. і інш. ўласцівасці крышталёў. У дасканалай крышт. рашотцы рух атамаў і іонаў немагчымы; у крышталях з дэфектамі міграцыя атамаў абумоўлівае ўзаемную дыфузію цвёрдых цел, хім. цвердафазныя рэакцыі і інш. з’явы. Д. ў к. могуць уводзіцца мэтанакіравана або ўзнікаць выпадкова пад уздзеяннем фактараў, якія не кантралююцца. Спец. ўвядзенне дэфектаў або іх выдаленне — важная частка тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, люмінафораў, лазерных і фотахромных крышталёў і шкла, паўправадніковых прылад. Шчыльнасць непажаданых дэфектаў памяншаецца ўдасканаленнем метадаў вырошчвання і апрацоўкі крышталёў. Д. ў к. вывучаюцца аптычнымі метадамі, іоннай і электроннай мікраскапіяй, метадам выбіральнага траўлення, рэнтгенадыфракцыйнымі і ядз.-фіз. метадамі.

Літ.:

Современная кристаллография Т. 2. М., 1979;

Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981;

Орлов А.Н. Введение в теорию дефектов в кристаллах. М., 1983;

Орлов А.Н., Трушин Ю.В. Энергии точечных дефектов в металлах. М., 1983.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЕ́ВЕЛЬ ((Lelewel) Іаахім) (22.3.1786, Варшава — 29.5.1861),

польскі гісторык, паліт. дзеяч. Скончыў Віленскі ун-т (1808). У 1815—18 выкладчык, 1821—24 праф. Віленскага ун-та (звольнены ў сувязі з працэсам філарэтаў). У 1828—31 дэпутат сейма. У час паўстання 1830—31 у складзе Часовага ўрада, старшыня Патрыятычнага таварыства. З 1831 у Парыжы, узначальваў Польскі нац. к-т, з 1833 у Бруселі, чл. кіраўніцтва падп. рэв. «Саюза дзяцей польскага народа» (1935), кіраўнік і ідэолаг «Аб’яднання польскай эміграцыі» (1837—46), пасля яго роспуску чл. Польскага дэмакратычнага таварыства. Заклікаў да аб’яднання міжнар. дэмакр. сіл, падтрымаў ініцыятыву заснавання ў Бруселі міжнар. Дэмакратычнай асацыяцыі (1847). Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі, інш. краін. У сваіх працах развіваў новы погляд на гісторыю Польшчы. Насуперак манархічнай інтэрпрэтацыі лічыў, што рэсп. ідэі і звязаныя з імі каштоўнасці (свабода, роўнасць, братэрства) з’яўляюцца асн. рысамі польскага нац. духа і вызначаюць ход гіст. працэсу. У шляхецкім рэспубліканізме бачыў увасабленне, хоць і абмежаванае, найістотнейшых прынцыпаў польск. гісторыі. Крытыкаваў запрыгоньванне сялян, тлумачыў яго чужымі манархічнымі ўплывамі. Інтэрпрэтацыя Л. супярэчыла канцэпцыям франц. рэфарматараў гіст. навукі (А.​Цьеры, Ф.​Гізо і інш.). У «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай у Любліне» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, значэнне старабел. мовы ў ВКЛ; разам з І.Даніловічам выдаў Статут ВКЛ 1529 на тагачаснай бел. мове. Сярод прац: «Панаванне Станіслава Аўгуста» (1831), «Народы на славянскіх землях да ўзнікнення Польшчы» (1853), «Заўвагі па гісторыі Польшчы і яе народа» (1855); «Лекцыі па ўсеагульнай гісторыі» (т. 1—4, 1850). Даследаваў стараж. і сярэдневяковую геаграфію («Вывучэнне старажытнасці з пункту гледжання геаграфіі», 1818; «Геаграфія сярэдніх вякоў», т. 1—5, 1852—57). Займаўся метадалогіяй гісторыі («Гісторыка», 1815), гістарыяграфіяй («Гісторыя гісторыі, яе даследаванняў і мастацтва», надрук. ў 1964). Заклаў асновы сучаснай навукі пра кнігу («Дзве бібліяграфічныя кнігі», т. 1—2, 1823—26; «Гісторыя бібліятэк», 1827).

Тв.:

Dzieła. T. 1—8, 10. Warszawa, 1957—72.

Літ.:

Kieniewicz S. Joachim Lelewel. Warszawa, 1990;

Krzemiéniecki L. Joachim Lelewel: Narodowy portret sztukmistrza. Wrocław, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

І.Лялевель.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),

метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз. крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз. анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз. протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш. атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лапа́тачка ’прылада для веяння збожжа’ (Бяльк.), ’мешалка’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.), ’струк бабовых культур, калі ў ім толькі завязваюцца зярняты’ (Інстр. 2, Мат. Маг., Сцяшк., Мат. Гом.), навагр. лапато́чка ’тс’ (З нар. сл.), ’дэталь калаўрота, якая круціць кола ў ім’ (шальч., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лопа́тка ’язычок у клямцы’ (Шушк., ТС), ’прылада для капання зямлі’ (Бір., ТС), ’прылада для ачысткі зерня’ (Мат. Маг., ТС), ’лапатка (цела), пярэдняя частка тушы жывёлы’ (ТСБМ, Бес., Вешт., Нас., Касп., Мат. Маг., Шат., Бір., Сл. паўн.-зах.), ’пярэдняя нага авечкі’ (Кліх), ’брыль у шапцы, кепцы’ (Тарн.; чырвонаслаб., З нар. сл.), ’плоскі, няспелы стручок бабовых’ (ТСБМ, ТС; лях., Сл. паўн.-зах.; мядз., Нар. сл.), бярэз. ’мешалка’ (Шатал.), ’лапатка для выраўноўвання саломы ў страсе’ (Шушк.; рас., Шатал., Уладз.), ’лопасць’ (ТСБМ), ’мянташка’ (Мат. Маг.; в.-дзв., Шатал., Тарн., Выг.), ’прыстасаванне ў калаўроце, якое прыводзіць кола ў рух’ (браг., Нар. сл.), бяроз. лопа́тка ’маленькі снапок саломы, які кладуць каласамі ўніз пры пакрыцці страхі’, лопа́ткызвязаныя тры снапкі саломы, якімі крыюць страху’ (Шатал.), лапацішча ’дзяржанне ў рыдлёўцы’ (шум., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лапа́тачка ’чапяла, прылада для вымання скаварады з печы’ (Сцяшк.; астрав., Сл. паўн.-зах.), ’інструмент для ачысткі лемеха ад зямлі’ (Смул.). Да лапа́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тар ’паром’ (Байк. і Некр.), ’паром, транспартны плыт з бярвення’ (Нас.): спрадвеку карысталіся тарам праз Дзьвіну (Полымя, 1998, 1), та́ра ’плыток для пераезду’, торо́к ’невялікі плыт для перапраўкі праз возера, праз ваду ў паводку’ (ТС), ’плыт з 4–5 бярвенняў’ (лельч., Жыв. НС), ’від плыта для сплаўкі лесу: на два доўгія бервяны ўкладваюць упоперак кароткія бярвёны і замацоўваюць іх’ (Маслен.), таро́к ’кладка праз рэчку з бярвенняў’: зьвізалі тарок (Бяльк.), ’звязка плыта’: лесу таркі вяжуць (Мат. Гом.), ’адзін рад змацаваных бярвенняў у плыце’ (кіраў., Нар. сл.). Параўн. укр., рус. то́рок ’невялікі плыт’, старое рус. тара ’тс’ (Нас.). Няясна; семантыка слоў сведчыць на карысць сувязі з тара́к, таро́кі ’матуз, шнур’ (гл.) і адсюль ’звязаныя, злучаныя разам бярвенні’. Суадносяць таксама з тор ’дарога, каляіна, след’ (гл.) са зменай значэння (Фасмер, 4, 84; ЕСУМ, 5, 606); гэта дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tarъ ад прасл. *toriti ’пракладаць, праводзіць дарогу’ (гл. тарыць), што ўрэшце да *terti (гл. церці), гл. Варбат, Морфон., 40 і наст.; параўн. таксама каш. tar ’пратораная дарога’ (SEK, 5, 132–133). Здзіўляе семантычная блізкасць да разглядаемых слоў роднасных ст.-інд. tárati ’перапраўляць, пераадольваць, падганяць’, авест. tar‑ ’пераадольваць’, ст.-перс. vi‑tar‑ ’перапраўляцца’ (Варбат, Этимология–1982, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,

арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (эканам., навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт. эканам. групоўкамі).

Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.​Авас (1835, Парыж), Б.​Вольф (1894, Берлін) і П.​Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп. Кіода Цусін найб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б. СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.

На Беларусі дзейнічаюць афіц. дзярж. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).

Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́КТЫКІ,

гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 10​6—10​12. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.

Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 10​6—10​13 мас Сонца, свяцільнасці 10​6—10​12 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 10​9—10​12 мас Сонца, свяцільнасці 10​8—10​11 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.

Літ.:

Ходж П. Галактики: Пер. с англ. М., 1992;

Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. Галактыкі: 1, 2, 3 — спіральныя галактыкі (1 — у сузор’і Вялікая Мядзведзіца; 2 — «Самбрэра» ў сузор’і Дзева; 3 — у сузор’і Андрамеда, бачная з рабра); 4 — спіральная галактыка з перамычкай у сузор’і Эрыдан; 5 — няправільная галактыка Вялікае Магеланава Воблака.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)