КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Эміль) (н. 19.11.1939, Цігіна каля г. Бендэр, Малдова),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны. Д-р філасофіі (1979), праф. (1991), ганаровы чл. асацыяцый па мінералогіі і геалогіі ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Паўд.-Афр. Рэспублікі і Аўстраліі, чл. Нью-Йоркскай АН. Скончыў ф-ты права (1960), геолага-геагр. і філас. (1966) Бухарэсцкага ун-та. З 1966 выкладчык, заг. лабараторый на ф-це геалогіі, з 1990 прарэктар, з 1992 рэктар Бухарэсцкага ун-та. У 1992—96 кіраўнік Нац. савета рэктараў Румыніі, чл. шэрагу еўрап. ун-таў. Спецыялізаваўся ў галіне мінералогіі, удзельнічаў у распрацоўцы арыгінальных генет. модуляў і падрыхтоўцы першага крышталеграфічнага атласа Румыніі. З 1990 адзін з лідэраў «Універсітэцкай салідарнасці», віцэ-прэзідэнт «Грамадзянскага альянсу», з 1991 кіраўнік рум. антытаталітарнага форуму, які пазней ператварыўся ў Дэмакр. канвенцыю Румыніі, з 1992 яе прэзідэнт. З 17.11.1996 прэзідэнт Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,
нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.
Літ.:
Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг.М., 1970.
грэчаскі і расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Скончыў Падуанскі ун-т (Італія, 1798). У 1803—06 дзярж. сакратар Рэспублікі Сямі Злучаных а-воў (Іанічнай Рэспублікі). З 1808 на дыпламат. службе ў Расіі, у т. л. ў 1815—22 статс-сакратар па замежных справах, удзельнік Венскага кангрэса 1814—15 і замежнага паходу рас. арміі 1815, ад імя Расіі падпісаў Парыжскі мірны дагавор 1815. Выступаў за вызваленне балк. народаў ад тур. панавання з дапамогай Расіі. У час грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 выбраны прэзідэнтам Грэцыі (1827). Выступаў за збліжэнне з Расіяй. Забіты паліт. праціўнікамі.
Літ.:
Арш Г.Л. И.Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг.М., 1976;
Яго ж. Иоанн Каподистрия в России // Вопр. истории. 1976. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАРАВА́ЦКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1718.
Падпісаны ў г. Пажаравац (Сербія); завяршылі вайну Турцыі з Венецыяй (1714—18) і Аўстрыяй (1716—18). Мірны дагавор Турцыі з Аўстрыяй (21.7.1718) прадугледжваў пераход да Аўстрыі Баната, г. Тэмешвар (цяпер Тымішаара ў Румыніі) з акругай, ч.Валахіі, Паўн. Сербіі (з Бялградам), Паўн. Босніі і некаторых інш. тэрыторый, гарантыю бяспекі каталіцкага духавенства ў Асманскай імперыі, ахову хрысц. святынь у Палесціне. Межы, устаноўленыя гэтым дагаворам, былі зменены Бялградскім мірным дагаворам 1739 (Аўстрыя вярнула Турцыі землі Сербіі і Валахіі). 27.7.1718 падпісаны аўстр.-тур.гандл. дагавор, які даваў аўстр. падданым права свабоднага гандлю на тэр. Турцыі. Венецыяна-тур. дагавор (21.7.1718) пацвярджаў пераход да Турцыі захопленых ёю ў ходзе вайны зямель: п-ва Пелапанес (Марэя) у Грэцыі і шэрагу грэч. астравоў Эгейскага м. Турцыя стварала спрыяльныя ўмовы для венецыянскага гандлю ў Асманскай імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́БІЙ (Polybios; каля 200 да н.э., г. Мегалопаліс, Грэцыя — каля 120 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Сын стратэга Ахейскага саюза Лікорта. Камандаваў конніцай ахейцаў. Пасля перамогі рымлян каля Підны (168 да н.э.) над арміяй македонскага цара Персея адпраўлены ў ліку 1000 знатных ахейцаў заложнікам у Рым, дзе пражыў 16 гадоў. Зблізіўся са Сцыпіёнам Афрыканскім Малодшым, суправаджаў яго ў паходах па Іспаніі і Паўн. Афрыцы. Аўтар «Гісторыі» ў 40 кнігах, якая ахоплівае перыяд 220—146 да н.э. (захаваліся поўнасцю кн. 1—5, астатнія — фрагментарна). Гэта першая спроба выкладу гісторыі Грэцыі, Македоніі, М. Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемасувязі. Галоўнай задачай гісторыі П. лічыў не апісанне, а тлумачэнне падзей, раскрыццё прычын з’яў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі.
Літ.:
Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ (франц. panneau ад лац. pannus кавалак тканіны),
1) частка сцяны, абмежаваная стужкай арнаменту ці лепкай і запоўненая жывапіснай ці скульптурнай выявай.
2) Жывапісны твор дэкар. характару, а таксама мазаічныя, ляпныя, разныя, тканыя, вышываныя, вязаныя, плеценыя і інш. кампазіцыі з металу, шкла, керамікі, дрэва, нітак, саломы і інш., прызначаныя для аздаблення пэўнага ўчастка сцяны (насценнае П.) або столі (плафон). П. аздаблялі сцены культавых і грамадз. збудаванняў у Стараж. Егіпце і Грэцыі. Мастацтва П. дасягнула значнага росквіту ў Зах. Еўропе ў 17—18 ст. На Беларусі вядома з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў культавых збудаванняў. З 18 ст. шырока распаўсюджаны ў рэзідэнцыях магнатаў. У 20 ст. П. ўпрыгожваюць інтэр’еры і экстэр’еры грамадскіх і жылых будынкаў: творы Л.Асецкага, І.Ахрэмчыка, Г.Вашчанкі, І.Давідовіча, С.Катковай, Т.Кіршчынай, А.Кішчанкі, У.Крываблоцкага, Я.Кузняцова, У.Стальмашонка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),
горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс.чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж.грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).
Літ.:
Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;
Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;
Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГ,
хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж.Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж.Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАЛО́ГІЯ (ад вулкан + ...логія),
навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.
Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец.навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.
Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл.Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.