ПАГРАНІ́ЧНЫ,

рабочы пасёлак у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.; чыг. станцыя Берастав ша на лініі Ваўкавыск—Бераставіца. Аўтадарогамі злучаны з Беластокам (Польшча), Ваўкавыскам, г.п. Вял. Бераставіца і Свіслач. За 8 км на Пд ад г.п. Вял. Бераставіца, 71 км ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2000). Аўтабаза, пункт мытнага дагляду «Бераставіца 1-я», эл. станцыя, павільён райкамбіната быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

Узнік як чыг. ст. Бераставіца з буд-вам у 1885 участка чыгункі Ваўкавыск — Беласток. У 1921—39 у складзе Польшчы, чыг. станцыя ў Вяліка-Бераставіцкай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 пасёлак у Хамантоўскім с/с Крынкаўскага раёна, з 20.9.1944 у Цецяроўскім с/с. З 30.12.1975 рабочы пасёлак. 28.3.1978 перайменаваны ў П.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,

сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),

сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗ Паўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.

Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СЫ,

група балцкіх плямён, якія насялялі ўзбярэжжа Балтыйскага м. паміж ніжнім цячэннем Віслы і Нёмана. Упамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з 9 ст. З 10 ст. вялі барацьбу супраць прымусовай хрысціянізацыі. Да пач. 13 ст. складалі канфедэрацыю з 11 зямель. У 1230-я г. Тэўтонскі ордэн пачаў заваёўваць тэр. П., да 1283 іх землі былі захоплены і заселены ням. каланістамі; большасць насельніцтва знішчана, частка асімілявана. У 1270—80-я г. ўцалелая частка П. пасялілася каля Гродна і Слоніма. Узбр. барацьба П., у т. л. Мантаса паўстанне, адыгралі важную ролю ў зрыве крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 13 ст. У 1277 вял. кн. ВКЛ Трайдзень з дапамогай П. адбіў аб’яднаны паход татар і ўладзіміра-валынскіх князёў. Паводле археал. звестак матэрыяльная культура П. і лета-літоўцаў мае агульныя рысы.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ВАЛКІ, Прывалка,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на. За 37 км на ПнЗ ад Гродна. 279 ж., 110 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, касцёл Маці Божай Шкаплернай і святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Вядома з 16 ст. як каралеўскі двор Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1762 уладанне Агінскага. 27.2.1792 атрымала герб. У 1793—95 у Гродзенскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1885 вёска Сабалянскай вол. Гродзенскага пав., 387 ж., 33 двары, касцёл. З 1921 у складзе Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв., 611 ж., 112 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр Парэцкага сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл., з 2.12.1961 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖЫКАЎ (Мікалай Максімавіч) (н. 19.12.1939, г. Кіраўск Луганскай вобл., Украіна),

бел. мастак. Скончыў бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Сярод твораў: графічныя серыі «Гродна. Будоўля» (1970), «Радасць» (1972), «Квітнеючае Палессе» (1974), «Беларусы на БАМе» (1977), «Камунары» па матывах паэзіі Я.​Купалы (1978), «Рамантыкі» (1981), «Святло і полымя», «Ззянне космасу» (абедзве 1986), «Па Чэхаславакіі» (1987); акварэлі «Па Амуры» (1982), «Арменія» (1983), серыі «Непальскія ўражанні» (1987—89), «Манькавічы» (1991—96); жывапісныя цыклы «Фатры. Славакія» (1994), «Польскія пленэры» (1992—96). Аформіў «Збор твораў» Я.​Маўра (т. 1—4, 1975—76), кнігі «За дзевяццю гарамі» А.​Іаселіяні (1975), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (1996), «Незабудкі» (2000). Творам уласцівы ўраўнаважаная кампазіцыйная пабудова, кантрастнае святлоценявое вырашэнне, выразная перадача задумы.

Н.​П.​Марчанка.

М.Рыжыкаў. Песня. З серыі «Камунары» па матывах паэзіі Я.​Купалы. 1978.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маска́ль 1, мъскаль ’мянушка салдата царскай арміі на былой тэрыторыі Рэчы Паспалітай’ (Грыг., Шпіл., Дасл. (Гродна), Др.-Падб., Мал., Нас., Шат., ТС), ’рускі’ (Касп.), ’рускі стараабрадзец’ (Растарг.), маскоўка ’жонка салдата’ (петрык., хойн., Мат. Гом.), ’стараабрадка’ (Растарг.). Укр. моска́ль, московка, моско́вець, москва́ = москаль, рус. смал. моска́ль ’рускі стараабрадзец’. З польск. moskal, якое з тапоніма Масква (Фасмер, 2, 661; Кюнэ, 78). Да гэтай назвы адносіцца масква́ ’рускія салдаты’, ’рускія цесляры’, ’рускі купец’ (Нас.), маскоўка ’сякера рускай фабрыкі’, маскоўшнына ’мадэпалам’ (Нас., Бяльк.). Аб паходжанні назвы ракі і горада Масквы гл. Трубачоў (БСИ, 1981, 28–30).

Маска́ль 2, маскале́ (мн.) ’падасінавік’ (навагр., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.). Рус. перм. моска́ль ’баравік’. Паводле формы да маскаль 1, аднак матывацыя наймення застаецца няяснай. Аналагічна гом. маска́ль, мыска́ль ’матылёк Libellula’ (параўн. таксама славац. žandár, польск. szandar ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСТА́ШЫНА,

вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.

Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.

М.​Ф.​Спірыдонаў (гісторыя).

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН (Аляксандра Рыгораўна) (дзявочае Кучкоўская; парт. псеўд. Зіна, Стаха, Малеўская; н. 1.5.1906, Гродна),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык, публіцыст. Чл. КПЗБ з 1925. Працавала сакратаром падп. акр. к-таў КСМЗБ у Гродне, Вільні, Брэсце, Баранавічах, Беластоку. Дэлегат I з’езда КПЗБ (1928). З 1931 чл. Краявога Сакратарыята ДК КПЗБ. З 1934 у СССР. У 1935 рэпрэсіравана. З 1946 у Польшчы. Рэабілітавана ў 1956. Даследуе гісторыю КПЗБ, Бел. рэв. арг-цыі, Бел. сялянска-работніцкую грамаду, Бел. навук. т-ва ў Вільні, перыяд. друк. Аўтар манаграфій, артыкулаў, нарысаў пра дзеячаў КПЗБ і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, яўр. пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі.

Тв.:

Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977;

Sprawy białoruskie w II Reczypospolitej. Warszawa, 1984;

Бел. пер. — Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. Мн., 1996.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,

раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.​Бернар, У.​Кенан, Г.​Селье, а таксама савецкія Л.​А.​Арбелі, П.​К.​Анохін, П.​Д.​Гарызонтаў, І.​В.​Давыдоўскі, Ф.​З.​Меерсон, В.​П.​Казначэеў, А.​Д.​Слонім, Ф.​І.​Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).

П.​П.​Мурзёнак.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРЫ,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).

Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст. засн. Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.

Акц. т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)