УРУБЛЕ́ЎСКІ, Ураблеўскі Эдуард (Эдвард Вінцэнт) Антонавіч (3.2.1848, г. Гродна — 4.2.1892), расійскі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў Рус. фізіка-хім. т-ва. Д-р філасофіі ў галіне хіміі (1871), праф. (1875). Брат З.Ф.Урублеўскага. Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1868), дзе і працаваў. Навук. працы па вывучэнні будовы араматычных злучэнняў. Адкрыў рэакцыю замяшчэння дыазагрупы этаксігрупай (1870). Пры даследаванні будовы вытворных талуолу пацвердзіў правільнасць цыклічнай структурнай ф-лы бензолу, прапанаванай ням. хімікам Ф.А.Кекуле і раўнацэннасць атамаў вадароду ў бензольным ядры. Мемарыяльная дошка ў Гродзенскім фарным (б. езуіцкім) касцёле.
Літ.:
Козлов В.В.Очерки истории химических обществ СССР. М., 1958.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)