асецінскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тбіліскі ун-т (1953). Друкуецца з 1946. Першая кніга вершаў «Сябры свету» (1956). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Лірыка» (1958), «Вершы» (1961), «Месяцавыя ночы» (1965), «Усмешка гор» (1968), «Дарога і песня» (1972), «Летнія дажджы» (1974), «Дабрыня» (1978), «Памяць» (1981), «Жаданні» (1984) і інш. Паэзія П. прасякнута тонкім лірызмам, любоўю да Радзімы, свайго народа, яго мовы і гісторыі. Шмат вершаў і паэму «Песня пра Брэсцкую крэпасць» прысвяціў Беларусі. Складальнік і адзін з перакладчыкаў на асецінскую мову бел. твораў («Маленькая анталогія беларускай паэзіі», 1976; «Анталогія беларускага нарыса», 1990). Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Асіпенкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, К.Кірэенкі, Г.Кляўко, К.Крапівы, П.Панчанкі, Ю.Свіркі, В.Тараса; перакладчык кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы «Летняя раса» (1982) і інш. На бел. мову творы П. пераклалі Калачынскі, Кляўко, А.Салтук, Свірка, У.Папковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́С (грэч. Atlas),
Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.
Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-растудз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-раліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч.тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зе́рца Азярцо, невялікая азярына; старык (Слаўг.). Тое ж зяро (Арш., Гом., Гор., Рагач., Сен.пав.Маг.губ. і Гарад., Леп.пав.Віц.губ.Рам. Воп.).
□ ур. Зерцы (малыя старыкі на лузе) каля в. Дабранка Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
лаві́на, ‑ы, ж.
1. Вялікая маса падаючага з гор снегу, лёду; снежны абвал. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху.Лынькоў.
2.перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н. Лавіна коннікаў. □ Лавіна разгневаных людзей кінулася ўдагонку, усё змятаючы на сваім шляху.Гурскі.Праз адчыненыя насцеж парадныя дзверы з непахіснай рашучасцю імчыцца з ганка лавіна дзяцей.Гарбук.
3.узнач.прысл.лаві́най. Суцэльным патокам. Танкі ішлі лавінай. □ Лавінай хлынулі я барака ўсе як адзін. Ішлі доўгім сабраным натоўпам, плылі адзінай хваляй.Пестрак.
[Ням. Lawine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спада́ць, ‑ае; незак.
1.Незак.да спасці.
2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы.Грамовіч.[Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса.Сяргейчык.// Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка.Броўка.
3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы.Мележ.За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў.М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГА́ЛЕР, Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).
Літ.:
Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),
рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЙЧЖО́Ў,
правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс.км². Нас. 32,4 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля 1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш.Адм. ц. — г.Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. 4—8 °C, ліп. — жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн.с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,
1) на сушы — заканамерная і паслядоўная змена паясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв.ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл.арт.Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.