КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданнечас. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЕТУВО́С ІСТОРЫЁС МЯ́ТРАШЦІС»
(«Lietuvos istorijos metraštis», «Штогоднік гісторыі Літвы»),
штогадовае серыйнае ілюстраванае выданне Ін-та гісторыі Літвы. Выдаецца з 1971 у Вільнюсе на літ. мове. Змяшчае працы вучоных Літвы і замежжа, хроніку навук. жыцця. Многія апублікаваныя працы маюць дачыненне да гісторыі, этнаграфіі і мастацтва ВКЛ і Беларусі: Ю.Юргініс «Прычыны падзення Вялікага княства Літоўскага» (1971), «Кулікоўская бітва і Вялікае княства Літоўскае» (1982), Э.Гарадзецкас «Цяжбы зямельныя паміж велікакняжацкімі сялянамі і шляхтай у час правядзення валочнай рэформы» (1976), Э.Банёніс «Пасланцы Вялікага княства Літоўскага ў Крымскім ханстве ў першай палове ХУІ ст.» (1979), А.Жураўскі «Пра канцылярскую мову Вялікага княства Літоўскага» (1984), А.Нікжэнтайціс «Дыпламатычная барацьба з Тэўтонскім ордэнам у 1337—1342 гг.» (1987), Л.Трускі «Літоўская шляхта ў канцы XVIII ст. (колькасць і становішча)» (1994) і інш. Публікуюцца рэцэнзіі на фундаментальныя навук. працы, у т. л. на «Поўны збор рускіх летапісаў. Т. 32» (1977), «Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1» (1995), на артыкулы М.Грынблата, А.Грыцкевіча, Я.Звяругі, У.Ісаенкі, Л.Малчанавай, С.Падокшына, У.Панюціча, Л.Побаля, М Улашчыка і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ., ням. і рус. мовах. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшла 27 тамоў (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»,
заходнебеларускі сатырыка-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на бел. мове з 15.1.1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—28 яе паслядоўнікамі. Выходзіў раз у 2 тыдні. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі Я.Касяк, М.Луцэвіч, І.Маразовіч (Я.Маланка). Выступаў у абарону інтарэсаў народа Зах. Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нац. і паліт. свядомасці, асуджаў палітыку сац. і нац. прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў маст. творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Змясціў творы Міхася Касцевіча (Васілька), Маразовіча, М.Засіма, У.Паўлюкоўскага (У.Ініцкага), Г.Леўчыка, Макара Касцевіча (Звончыка), Я.Пачопкі (Башкіра), І.Дварчаніна, М.Краўцова, Я.Драздовіча (Народніка), сатыр. вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Карыкатуры і гумарыстычныя малюнкі Я.Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.Сідаровіча, М.Васілеўскага вызначаліся высокім прафесіяналізмам, вастрынёй і надзённасцю, паліт. падтэкстам. Асобныя нумары «М.» канфіскаваны, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзве 1928). Выданне спынена з-за рэпрэсій польскіх улад. Усяго выйшла 43 нумары.
Вокладка часопіса «Маланка» 1927.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),
бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел.фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Літ.:
Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),
выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.А.Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне«Полоцких епархиальных ведомостей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САХА́»,
сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.Павалковіч (1927), М.Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.Петрашкевіч, К.Сініцкі, Я.Пачопка (Я.Башкір), Ю.Бусел, Я.Крыўка, Я.Дыла (Н.Бываеўскі), Л.Папроцкі, Уласаў, А.Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.Войцікава (З.Верас), М.Манцэвіч.