падрыхтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Правесці папярэднюю работу для ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Падрыхтаваць даклад. Падрыхтаваць рукапіс да набору. □ Штаб злучэння падрыхтаваў план разгрому карнікаў. Шамякін. // Зрабіць поўнасцю гатовым, прыдатным для выкарыстання. [Плакс:] — Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць карэнне... Зарэцкі.

2. Даць неабходныя веды, навучыць для якой‑н. мэты. Падрыхтаваць навучэнцаў да экзаменаў. Падрыхтаваць спецыялістаў. □ Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Дзе іх узяць?.. Іх трэба толькі выявіць і падрыхтаваць. Якімовіч.

3. Настроіць адпаведным чынам для ўспрымання якой‑н. навіны, звесткі і пад. [Аня:] — А што, калі бацька будзе супроць нашага вяселля? Ты ж ведаеш яго, ён такі ўпарты. Яго трэба падрыхтаваць, угаварыць. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

славе́снасць, ‑і, ж.

Уст.

1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.

2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».

3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́кел, ‑а, м.

1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.

2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».

3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.

4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.

[Ням. Fackel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́даць кніжн.

1. (сабраць звесткі пра каго-н., што-н.) erfáhren* vt; Erkúndigungen éinziehen* (што-н. über A), sich erkúndigen (nach D);

2. (пазнаць што-н., набыць веды) erkénnen* vt, wíeder erkénnen* vt;

3. (пазнаёміцца з кім-н.) kénnen lérnen;

цяпе́р я яго́ лепш уве́даў jetzt hábe ich ihn näher kénnen gelérnt

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

cram

[kræm]

1.

v.t.

1) упі́хваць (рэ́чы)

2) набіва́ць бітко́м, перапаўня́ць

3) напіха́ць (-ца) (е́жаю), адко́рмліваць (жывёлу)

4) informal убіва́ць не́каму ве́ды

5) Sl. раска́зваць не́былі, перабо́льшваць

2.

v.i.

1) аб’яда́цца, ху́тка е́сьці

2) зубры́ць (асабл. пе́рад экза́мэнамі)

3.

n.

1) цясно́та f.; сьціск -у m., таўку́чка f.

2) зубрэ́ньне матэрыя́лу

•

- crammed full

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Від 1 ’від, перспектыва, якая адкрываецца перад вачамі’ (БРС, КТС, Шат.); ’выгляд’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ, Янк. I); ’агульнае выражэнне твару’ (Шат.); ’твар’ (Янк. I, Яруш., Гарэц., Нас., Бяльк., Мат. Гом., Шатал.); ’паштоўка’ (Мат. Гом.). Укр. вид ’твар’; ’зрок’ рус. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’мясцовасць, перспектыва, што адкрываецца перад вачамі’, ст.-рус. видъ ’здольнасць бачыць, зрок’; ’відовішча’; ’знешні выгляд’; ’прывід, здань, праява’, польск. wid ’прывід, здань, дух’; ’святло, зрок’ у выражэнні ani widu, ani slychu ’ні слыху, ні дыху’, уст. ’выгляд, знешні від’, чэш. vid (кніжн.) ’спосаб бачання’; ’відовішча’; ’зрок’; ’выгляд, форма’, славац. vid ’бачанне, успрыманне на зрок’, (кніжн.) ’зрок, погляд’; ’выгляд’; ’спосаб спаглядання, назірання; светапогляд’, славен. vȋd ’зрок’; ’глядзенне, назіранне, нагляданне’; ’твар, выгляд’; ’краявід, ландшафт’, серб.-харв. ви̑д ’зрок, увага, поле зроку’; ’відно’, макед. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’від, гатунак, род’, балг. вид ’знешнасць’; ’выгляд’; ’краявід’, ст.-слав. видъ ’вобраз, знешні выгляд’; ’род, від, характар’; ’форма’; ’нагляданне’; ’агляд’. Прасл. vidъ, роднаснае з літ. véidas ’твар, воблік’, veidaĩ ’шчокі’, лат. veĩds ’форма, вид, выгляд’, грэч. (Ϝ)εἶδος ’вобраз, від, фігура, форма’, ст.-інд. vēda ’выгляд’, vḗdaḥ ’веды’; ’абачлівасць, асцярожнасць’, авест. vaēdah‑ ’валоданне’. І.‑е. *u̯eidos ’тое, што відаць’. Параўн. яшчэ Траўтман, 358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 522; Майргофер, 21, 254; Праабражэнскі, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80; БЕР, 1, 143.

Від 2 (біял.) ’від, разнавіднасць, тып’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вид ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНДУІ́ЗМ,

збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс. н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш. рэліг. сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг. л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн. рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.​Рай, Д.​Сарасваты, Рамакрышна, С.​Вівекананда, А.​Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;

Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;

Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.

А.​У.​Гурко.

Да арт. Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГАРЭІ́ЗМ,

філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст. н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​Л.​Адула.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Прыбіўшы, прывязаўшы, заціснуўшы і пад., зрабіць нерухомым, устойлівым; прымацаваць. Замацаваць канат. □ Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў. Барыс не толькі ўставіў спіцы, але і падцягнуў ланцуг, замацаваў руль. Жычка.

2. што. Зрабіць пастаянным, трывалым, устойлівым. Замацаваць веды. Замацаваць перамогу. □ Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам. Зарэцкі. // Зафіксаваць. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу. Лужанін.

3. што. Утрымаць за сабой, арганізаваўшы абарону. Замацаваць занятую пазіцыю.

4. каго-што. Зацвердзіць за кім‑, чым‑н.; забяспечыць права на каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Замацаваць зямлю за сялянамі. Замацаваць кансультанта. □ Мінеральныя глебы замацаваліся за другой брыгадай. Дуброўскі.

5. што. Апрацаваць замацавальнікам. Замацаваць фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)