АЛГЕБРА
Сістэматычныя даследаванні па алгебры на Беларусі пачаты ў 1945 Дз.А.Супруненкам. Яны былі звязаны з тэорыяй лінейных груп і груп падстановак, тэорыяй тапалагічных груп і паўгруп, тэорыяй канечных груп, тэорыяй кольцаў і тэорыяй прадстаўленняў груп. Асн. цэнтры даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскі і Віцебскі ун-ты.
У межах даследаванняў па лінейных групах і групах падстановак пабудавана тэорыя вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над алгебраічна замкнёным полем, класіфікаваны максімальныя прымітыўныя вырашальныя групы падстановак некаторых прымарных ступеняў, атрыманы шэраг важных вынікаў аб перыядычных лінейных групах і камутатыўных матрычных алгебрах (Дз.А.Супруненка). Значныя вынікі ў гэтых галінах атрыманы таксама вучнямі Дз.А.Супруненкі (Р.Т.Вальвачоў, У.С.Конюх, Р.І.Тышкевіч і інш.); завершана пабудова тэорыі вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над адвольным полем (У.С.Конюх); даследаваны агульныя ўласцівасці груп падстановак і іх сувязі з групамі аўтамарфізмаў розных аб’ектаў (Р.І.Тышкевіч). Развіты метад апраксімацыі лінейных груп, у прыватнасці, атрымана рашэнне праблемы Мальцава пра лінейныя групы канечнага рангу, даказана нільпатэнтнасць падгрупы Фратыні канечна спароджанай лінейнай групы (У.П.Платонаў).
Даследаванні па лакальна праектыўна нільпатэнтных групах, а потым па лакальна кампактных групах з нармалізатарнымі ўмовамі праводзіліся ў пач. 1960-х г. (У.П.Платонаў). Сістэматычна даследаваны праканечныя групы (А.У.Мельнікаў). Вырашана задача Гратэндыка пра праканечныя папаўненні (У.П.Платонаў, А.І.Таўгень). Атрыманы шэраг цікавых вынікаў у даследаваннях паўгруп (А.А.Бейда, В.У.Дземянчук, Л.Б.Шнеперман, У.М.Шыраеў і інш.). Канечныя групы — асноўны аб’ект даследаванняў С.А.Чуніхіна і яго вучняў; найб. важныя дасягненні — даследаванні π-вырашальных груп, увод паняцця π-аддзяляльнай групы, развіццё метаду індэксіялаў. Знойдзена рашэнне задачы Віланда пра расшчапленне пашырэнняў канечных груп (Л.А.Шамяткоў) і частковае рашэнне праблемы Бёрнсайда пра існаванне нармальных падгруп у біпрымарных групах (У.С.Манахаў). З 1970-х г. пад кіраўніцтвам Л.А.Шамяткова развіваецца тэорыя фармацый канечных груп (М.Ц.Вараб’ёў, А.Ф.Васільеў, С.Ф.Каморнікаў, А.М.Скіба і інш.).
У тэорыі кольцаў Дз.А.Супруненкам і яго вучнямі даследаваліся максімальныя нільпатэнтныя матрычныя алгебры. Даказана гіпотэза Капланскага пра ідэмпатэнты групавых кольцаў (А.Я.Залескі), даследаваліся алгебры Лі (А.А.Баранаў, А.А.Прэмет). Развіта тэорыя гензелевых цел, якая ў значнай ступені завяршыла класічныя даследаванні па лакальных і нарміраваных целах (У.П.Платонаў, В.І.Янчэўскі). У межах даследаванняў груп Уайтхеда, алгебраічных груп і кангруэнц-праблемы даследавалася мультыплікатыўная структура канечнамерных цел (У.П.Платонаў, А.С.Рапінчук, В.І.Янчэўскі). Апісаны цэнтральныя простыя алгебры над палямі роду нуль з малым локусам галінавання (С.В.Ціханаў, В.І.Янчэўскі), вылічаны лік Піфагора палёў функцый спецыяльных крывых над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (А.А.Ліпніцкі, С.В.Ціханаў, В.І.Янчэўскі разам з Я. ван Геелам). Развіты прыведзеная (У.П.Платонаў), прыведзеная унітарная (В.І.Янчэўскі) і прыведзеная спінарная (А.П.Манастырны, В.І.Янчэўскі) K-тэорыі.
Даследаванні па тэорыі прадстаўленняў груп Шэвале і блізкіх да іх груп пачаты ў 1980-я г. (А.Я.Залескі, А.С.Кляшчоў, А.А.Прэмет, І.Дз.Супруненка). Прапанаваны новы тэарэтыка-прадстаўленчы падыход да даследавання групавых алгебраў лакальна канечных груп, атрыманы шэраг класіфікацыйных вынікаў пра лінейныя групы з зададзенымі ўласцівасцямі (А.Я.Залескі), даследуюцца кагамалагічныя ўласцівасці груп Шэвале (У.П.Бурычэнка), распрацоўваюцца метады распазнавання прадстаўленняў і лінейных груп на аснове аналізу ўласцівасцей уніпатэнтных элементаў у мадулярных прадстаўленнях алгебраічных груп (І.Дз.Супруненка).
Літ.:
Супруненко Д.А. Группы матриц. М., 1972;
Шеметков Л.А., Скиба А.Н. Формации алгебраических систем. М., 1989;
Zalesskii A.E. Linear groups // Encyclopedia of Mathematical Scielices Algebra IV. 1994. Vol. 37;
Platonov V.P., Yanchevskii VI. Finite-dimentional skew fields in A.I.Kostrikin and I.R.Shafarevich // Там жа. Algebra IX. 1995. Vol. 77;
Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fields // Communications in Algebra. 2001. Vol 29, №9;
Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;
Suprunenko I.D. On lordan blocks of elements of order p in irreducible representations of classical groups with p-large highest weights // Journ of algebra. 1997. Vol. 191, №2;
Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;
Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.
В.І.Янчэўскі.
т. 18, кн. 2, с. 509