КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,
сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял. колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.
т. 9, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.
т. 9, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАПЛА́ЗМЫ (Mollicutes),
клас бактэрый, якія абмежаваны толькі цытаплазматычнай мембранай і не маюць клетачнай сценкі. Пашыраны ў вадаёмах і сцёкавых водах, часцей развіваюцца ў міжклетачных прасторах тканак шматклетачных арганізмаў.
Клеткі дыям. 125—250 нм, зменлівай формы, нерухомыя, грамадмоўныя. З-за адсутнасці клетачнай сценкі здольныя праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. Размнажаюцца дзяленнем, спор не ўтвараюць. Пераважна хемаарганатрофы, факультатыўныя анаэробы, некат. — строгія анаэробы. Многія віды патагенныя для чалавека (выклікаюць захворванні дыхальных шляхоў, вачэй і інш.), жывёл (плеўрапнеўманія буйн. раг. жывёлы), раслін (карлікавасць кукурузы, ведзьміны мётлы бульбы, люцэрны і інш.).
Ж.В.Блоцкая.
т. 10, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,
прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе нехарактэрных для яго або надзвычайнае павелічэнне колькасці пастаянна прысутных у ім відаў мікраарганізмаў; форма біялагічнага забруджвання. Вынік прыроднага пераносу мікраарганізмаў (паветр. плынямі, жывёламі, з насеннем і інш.), масавага іх размнажэння на антрапагенных (бытавыя адходы, сцёкавыя воды і інш.) ці змененых чалавекам прыродных субстратах і інш. Часта спадарожнічае біятычнаму (непажаданымі біягенамі, напр., угнаеннямі, выдзяленнямі арганізмаў, трупамі) і механічнаму забруджванню. Найб. небяспечнае М.з. мікробамі, патагеннымі для чалавека, жывёл і раслін або здольнымі пры пэўных умовах набываць патагенныя ўласцівасці (сінягнойная. кішэчная палачка і інш.).
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,
комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
імунабіяло́гія
(ад імуна- + біялогія)
раздзел біялогіі, які вывучае адпорныя рэакцыі арганізмаў супраць вірусаў, ядаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аэрабія́с аэрабі́яс
(ад аэра- + гр. bios = жыццё)
сукупнасць арганізмаў, якія насяляюць сушу (параўн. гідрабіяс).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
біяге́рм
(ад бія- + гр. herma = падводная скала)
выступ марскога дна, утвораны рэшткамі вымерлых арганізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
біяэлектры́чны
(ад бія- + электрычны)
звязаны з электрычнымі патэнцыяламі ў тканках і клетках жывых арганізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)