рэпланта́цыя

(ад рэ- + лац. plantatio = перасаджванне)

1) аперацыя па вяртанню страчанага органа або тканкі арганізма;

2) паўторная пасадка раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таракака́ўстыка

(ад гр. thoraks, -akos = грудзі + каўстыка)

аперацыя перапальвання зрашчэнняў паміж лёгкімі і грудной сценкай у хворых на туберкулёз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эмбрыятамі́я

(ад эмбрыён + -тамія)

акушэрская аперацыя, якая заключаецца ў рассячэнні плода ў поласці маткі і выдаленні яго па частках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АМПУТА́ЦЫЯ (ад лац. amputatio адсячэнне),

хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома са стараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.​Парэ, Ф.​А.​Пці, Дж.​Л.​Эсмарх, М.​І.​Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ДАВАЕ СПАЛУЧЭ́ННЕ аперацыя замены ўсіх элементарных часціц, што ўдзельнічаюць у якім-н. узаемадзеянні, на адпаведныя ім антычасціцы. Доследным шляхам устаноўлена, што гравітацыйныя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні пры З.с. не мяняюцца. Для кожнага працэсу, які адбываецца з пэўнымі часціцамі, існуе такі ж працэс для іх антычасціц. Наяўнасць сіметрыі адносна З.с. ў гэтых узаемадзеяннях прывяло да ўвядзення зарадавай цотнасці. Пры слабых узаемадзеяннях сіметрыя адносна З.с. адсутнічае, што вынікае з незахавання пры гэтым прасторавай цотнасці. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, CP-пераўтварэнне,

аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, C) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (CP-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π​0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых KL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары CP-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інка́са

(іт. incasso)

аперацыя атрымання банкам грошай па розных дакументах ад імя кліента і залічэння іх на яго банкаўскі рахунак.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АБЦІСКА́ННЕ ў металаапрацоўцы,

аперацыя коўкі або штампоўкі, у выніку якой памяншаецца плошча папярочнага сячэння загатоўкі і павялічваецца яе даўжыня. Дасягаецца пластычнай дэфармацыяй матэрыялу пад уздзеяннем радыяльных сціскальных намаганняў. Абцісканне прутковых і таўстасценных трубчастых загатовак атрымліваюць рэдукаваныя пруткі, фасонныя канічныя вырабы, ступеньчатыя суцэльныя і полыя валы. Танкасценныя полыя загатоўкі абціскаюць у штампах з пустотнай матрыцай, каб надаць краявой частцы загатоўкі канічную, цыліндра-канічную, сферычную і інш. форму.

Віды паверхні краявой часткі загатовак пасля абціскання: а — канічная; б — цыліндра-канічная; в — сферычная.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЖА,

выпучванне ўнутр. органаў або іх тканак праз адтуліны ў анатамічных утварэннях у міжмышачную клятчатку, поласці, пад скуру.

Бывае прыроджаная і набытая; траўматычная, штучная, пасляаперацыйная; поўная і няпоўная і інш. Паводле лакалізацыі адрозніваюць грыжу галаўнога і спіннога мозга, жывата (пахвінная, сцегнавая, эпігастральная, пупочная, сядалішчная і інш.), мышцаў. Утварэнню набытай грыжы садзейнічаюць прыроджаная слабасць пэўных анатамічных абласцей, цяжкая фіз. праца, знясіленне, траўмы. Лячэнне хірургічнае. Хворыя, якім проціпаказана аперацыя, носяць бандаж. Ускладненні: ушчамленне грыжы, магчыма кішэчная непраходнасць грыжы, запаленне і інш.

А.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, дыферэнцыятар,

прыстасаванне для пераўтварэння ўваходнага ўздзеяння ў сігнал, які характарызуе скорасць змянення ўваходнай велічыні (з’яўляецца яе вытворнай). Напр., калі ўваходная велічыня — вугал павароту вала, то выхадная — частата яго вярчэння. У аналагавых выліч. машынах і прыладах кіравання выкарыстоўваюць схемы, з дапамогай якіх аперацыя дыферэнцавання выконваецца набліжана. Бываюць мех. (фрыкцыйныя, цэнтрабежныя і інш.), эл. (дыферэнцавальныя ланцугі, трансфарматары, актыўныя электронныя дыферэнцавальныя элементы), эл.-мех. (тахагенератары пастаяннага і пераменнага току і інш.). Выкарыстоўваюцца ў выліч. прыстасаваннях, сістэмах аўтам. рэгулявання і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)