спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).
Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый устанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел пазаатмасфернай астраноміі, які вывучае крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення з даўжынёй хвалі 0,01—10 нм.
Для даследавання касм. рэнтгенаўскага выпрамянення апаратуру выводзяць пры дапамозе касм. апаратаў за межы атмасферы Зямлі. Упершыню назіралася рэнтгенаўскае выпрамяненне Сонца ў 1948. Яго крыніцы — сонечная карона і храмасфера (рэнтгенаўская свяцільнасць Сонца — да 10−6—10−7 поўнай яго свяцільнасці). За межамі Сонечнай сістэмы рэнтгенаўскае выпрамяненне назіраецца з 1962. Крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення (больш як 103) падзяляюцца на галактычныя і пазагалактычныя. Невял. частка галактычных крыніц атаясамліваецца з аптычнымі і радыёаб’ектамі. Сярод іх: рэшткі ўспышак звышновых зорак, падвойныя зоркі, адным з кампанентаў якіх з’яўляецца кампактны аб’ект — белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра і інш. Пазагалактычныя крыніцы — некаторыя нармальныя галактыкі, скопішчы галактык, цэнтр. вобласці галактык, у якіх звышмасіўныя чорныя дзіры паглынаюць навакольны газ, радыёгалактыкі, квазары і інш.
Літ.:
Лонгейр М.С. Астрофизика высоких энергий: Пер. с англ.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗА́Н (Cyprinus carpio),
рыба сям. карпавых. 4 падвіды: амурскі, або амурска-кітайскі (C.c. haematoptenis), аральскі (C.c. aralensis), в’етнамскі (C.c. viridiviolaccus) і еўрапейскі (C.c. carpio). Пашыраны ў вадаёмах бас. Міжземнага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага м., у воз. Ісык-Куль, у бас. рэк зах. ўзбярэжжа Ціхага акіяна. У нізоўях рэк, што ўпадаюць у паўд. моры, утварае паўпрахадныя формы. На Беларусі трапляўся ў бас.р. Дняпро. У інш. вадаёмах акультураная форма — карп.
Даўж. да 60 (зрэдку да 100) см, маса да 4,5 (адзінкавыя экз. да 45) кг. У спінным і анальным плаўніках мае па вызубленым касцявым промні. Рот канцавы. На верхняй губе і ў кутках рота па пары вусікаў. Корміцца беспазваночнымі жывёламі і раслінамі. Аб’ект промыслу і развядзення.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУКА́НАВЫЯ, перцаедныя (Rhamphastidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 5—7 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Гняздуюцца ў дуплах. 1 від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 63 см, маса да 300 г. Афарбоўка апярэння кантрастная, пераважае чорны колер з яркімі ўчасткамі жоўтага, зялёнага. чырв. і інш.; у дробных відаў пераважаюць адценні зялёнага. Дзюба вял. (часам амаль роўная даўж. цела), лёгкая ( з пнеўматычнымі поласцямі), сціснутая з бакоў, ярка афарбаваная, загнутая ўніз; краі зазубраныя. Язык доўгі, вузкі, яго канец і краі махрыстыя. Крылы кароткія, шырокія. Хвост у большасці відаў кароткі. Ногі вял., моцныя. Расліннаедныя, могуць паядаць таксама насякомых, малюскаў. яшчарак і інш. Манагамы. Адкладваюць да 4 яец. Лёгка прыручаюцца. Аб’ект промыслу.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Туканавыя: 1 — тока, або вялікі; 2 — туканчык ізумрудны, або зялёны; 3 — тукан рыбны; 4 — арасары зялёны; 5 — арасары стракаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пост
(фр. poste, ад лац. positus = пастаўлены)
1) аб’ект, які ахоўваецца і абараняецца вартавым;
2) салдат або невялікі вайсковы падраздзел, пастаўлены для аховы чаго-н., назірання за чым-н.;
3) перан. адказная пасада.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял.аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр. арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,
працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.
Літ.:
Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.