галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.
У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл.Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн.т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).
Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял.Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс.т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс.т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс.т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс.т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл.Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс.т, 1990; 44,3 тыс.т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав.Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАЛО́ГІЯ (ад грэч. onkos пухліна + ...логія),
галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.
Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.А.Навінскі, М.М.Руднеў, ням. Р.Вірхаў, П.Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.М.Пятроў, П.А.Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.Ямагіва і К.Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.А.Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.
На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.М.Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.С.Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.А.Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.З.Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.Р.Жакаў, Г.У.Мураўская), хіміятэрапіі (Э.А.Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.А.Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.А.Машэўскі), анкагінекалогіі (К.Я.Вішнеўская), анкауралогіі (А.С.Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.М.Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.В.Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.М.Мураўёў, Л.Б.Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.В.Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).
Літ.:
Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;
Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;
Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ (да 1961 Сталінградская вобласць),
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс.км². Нас. 2673,2 тыс.чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.
Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУУсх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд.ч. Прыволжскага узв. (выш. да 358 м), паўн.ч. Ергені, паўд.-ўсх.ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.
Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл.Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
М.Г.Елісееў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.В.Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л.бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.К.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Тв.:
У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ.Мн., 1958. [Вып.] 1;
Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;
Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс.км², нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.
Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд.кВт∙гадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 700 тыс.га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,
род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.