у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АСЕ́ЦІЯ—АЛА́НІЯ, Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія. На Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Мяжуе на Пд з Грузіяй. Пл. 8 тыс.км². Нас. 662,7 тыс.чал. (1999), гарадскога 68,6%. Сярэдняя шчыльн. 82,8 чал. на 1 км². Жывуць асеціны (53,9%), рускія (28,7%), інгушы (5,6%), армяне (2,1%), грузіны (1,8%), кумыкі (1,7%) і інш. Сталіца — г.Уладзікаўказ. Найб. гарады: Маздок, Беслан, Алагір.
Прырода. Рэльеф пераважна гарысты. Паўд.ч. займаюць хрыбты Вял. Каўказа — Галоўны, або Водападзельны (выш. да 5033 м, г. Казбек, на мяжы з Грузіяй), Бакавы (выш. да 4780 м, г. Джымара), Скалісты і інш. У цэнтры Асецінская раўніна, на Пн — Маздокская раўніна, паміж імі Сунжэнскі і Церскі хрыбты. У гарах больш за 100 ледавікоў (пл. 291 км², найб. Караўгом).
Карысныя выкапні: руды каляровых металаў (цынк, свінец, серабро), даламіты, мінер.буд. матэрыялы; ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах -4 °C, ліп. 22—24 °C, у гарах (вышэй за 2000 м) сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 13—15 °C. Ападкаў на раўнінах да 500 мм, у гарах да 800 мм за год. Гал. рака Церак з прытокамі Урух, Ардон, Фіягдон, Гізельдон, Сунжа і інш. Раўніны ў стэпавай і лесастэпавай зонах пераважна разараныя. Глебы на іх чарназёмныя і каштанавыя, у гарах горна-лугавыя і горна-лясныя. Пад лесам 23% тэрыторыі. У гарах шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб) пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі, у міжгорных катлавінах лясы з хвоі і бярозы. На тэр. П.А.—А. — Паўн.-Асецінскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. П.А.—А. пасяліўся ў палеаліце. У 8 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. абарыгенныя плямёны кабанскай культуры асіміляваны іранамоўнымі плямёнамі: скіфамі, сарматамі, пазней аланамі, частка якіх — паўн.-каўк. аланы сталі продкамі асецін. У 4 ст. аланаў заваявалі гуны, у 6 ст. — авары. У 8—9 ст. у аланаў зараджаліся феад. адносіны, у пач. 10 ст. яны прынялі хрысціянства. У 10—12 ст. аланскі саюз плямён аформіўся ў раннефеад. дзяржаву Аланію, што займала цэнтр. частку Паўн. Каўказа. У 1222 і 1238—40 яна спустошана мангола-татарамі, у канцы 14 ст. — войскамі Цімура, насельніцтва амаль знішчана. Частка аланаў замацавалася ў вярхоўях р. Церак на паўн. схілах Гал.Каўк. хрыбта (горныя раёны сучаснай П.А.—А.), частка праз горныя перавалы перасялілася ў Грузію (гл.Паўднёвая Асеція). З 15 ст. ва ўмовах феад. раздробленасці і перажыткаў родаплем. арганізацыі аднавіўся працэс фарміравання асецінскай народнасці. У 1774 П.А.—А. паводле Кючук-Кайнарджыйскага рас.-тур. дагавора замацавана за Расіяй. Спыніліся феад. ўсобіцы, частка асецінаў зноў перасялілася з гор у перадгор’і і на прылеглую раўніну. У 1861 на тэр. П.А.—А. ўтворана Церская вобл. (адм. цэнтр г. Уладзікаўказ), у 1867 тут адменена прыгоннае права. У 2-й пал. 19 ст. ў П.А.—А. ўзнікла каляровая металургія. У 1875 чыгунка злучыла Уладзікаўказ з Растовам-на-Доне. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 узнік Уладзікаўказскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз.—сак. 1918 устаноўлена Сав. ўлада. П.А.—А. ўваходзіла ў склад Церскай (сак. 1918 — лют. 1919) і адначасова Паўн.-Каўказскай (ліп. 1918 — студз. 1919) сав. рэспублік, са студз.—сак. 1919 занята войскамі ген. А.І.Дзянікіна. У сак. 1920 Сав. ўлада адноўлена. З ліст. 1920 тэр. П.А.—А. ў складзе Уладзікаўказскай (Асецінскай) акругі Горскай АССР. 7.7.1924 П.А.—А. вылучана ў Паўн.-Асецінскую аўт.вобл., якая 5.12.1936 пераўтворана ў Паўн.-Асецінскую АССР у складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну Чырв. Армія пасля цяжкіх баёў (жн.—снеж. 1942) спыніла ў П.А.—А. наступленне ням.-фаш. войск і ў пач. 1943 вызваліла акупіраваныя яе раёны. У 1944 да Паўн.-Асецінскай АССР далучаны суседнія раёны скасаванай Чэчэна-Інгушскай АССР, з якіх былі гвалтоўна выселены інгушы. У 1957 гэтыя землі, акрамя ўсх. часткі г. Арджанікідзе (назва г. Уладзікаўказ у 1931—44 і 1954—90) з невял. прылеглым раёнам, вернуты ў склад адноўленай Чэчэна-Інгушскай АССР. У снеж. 1990 Вярх. СаветПаўн.-Асецінскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У кастр. 1992 у прылеглых да Інгушэціі мясцовасцях П.А.—А. адбыліся ўзбр. сутыкненні паміж асецінамі і інгушамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Інгушэція). У ліст. 1993 прынята назва Рэспубліка Паўн. Асеція—Аланія.
Гаспадарка. П.А.—А. — індустр.-аграрная рэспубліка. У прам-сці найб. доля агульнага аб’ёму прадукцыі прыпадае на прадпрыемствы каляровай металургіі (26,6%), электраэнергетыкі (19,7%), харч. (16,1%), машынабудавання і металаапрацоўкі (9,7%), буд. матэрыялаў (6,9%). Каляровая металургія прадстаўлена Садонскім свінцова-цынкавым камбінатам (руды свінцовыя, свінец, цынк у канцэнтраце, серабро), з-дамі «Пабядзіт» (сплавы і сумесі вальфрама-кобальтавых і тытана-вальфрамавых руд) і «Электрацынк» (цынк, свінец, каляровае ліццё) ва Уладзікаўказе. Вытв-сць электраэнергіі 348 млн.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (Арджанікідзеўская, Гізельдонская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сцьспец. абсталявання для птушкафабрык, газавых пліт, электралямпаў, запчастак для трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў, паўпрычэпаў, трансфарматарных падстанцый, рамонт вагонаў і інш.) ва Уладзікаўказе, Беслане, Маздоку. Шкляная, фарфора-фаянсавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны. вырабам мэблі, гафрыраванага кардону (Дыгора, Уладзікаўказ, Алагір), хім. і нафтахім. вытв-сцю поліэтыленавай плёнкі, лакаў, растваральнікаў, вырабаў з пластмасы (Уладзікаўказ). Лёгкая прам-сць выпускае швейныя вырабы, абутак, цюль, гардзіны, трыкатаж, дываны (Уладзікаўказ, Беслан). Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, алейная, крухмальная, спіртавая, вінаробная, кансервавая, разліў мінер. вод). Вытв-сць цэльнамалочнай прадукцыі 12 тыс.т, гарэлкі 1,5 млн. дал, віна 398 тыс. дал. Народныя промыслы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, залатая вышыўка). Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі 352,4 тыс.га (1998), у т. л. пад ворнымі землямі 200 тыс.га. Пасяўныя пл. займаюць 175,5 тыс.га, на долю збожжавых і зернебабовых культур прыпадае 46,9%, тэхн. — 5,1%, бульбы і агародніны — 6,5%, кармавых — 41,5%. Збор (тыс.т, 1998) збожжавых і зернебабовых — 123,6, цукр. буракоў — 0,8, сланечніку — 33,8, бульбы — 83,6, агародніны — 21,8, пладоў і ягад — 5,1. Раслінаводства пераважае ў раўнінных раёнах, вінаградарства ў раёне Маздока. Малочна-мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 128,2, свіней — 56,2, авечак і коз — 61,3. Настрыг воўны 135 т. Птушкагадоўля. Развіта пчалярства, вытв-сць мёду 141 т. Даўж. чыгунак 144 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2291 км. Гал. чыгункі Прахладны—Грозны—Гудэрмес і Беслан—Уладзікаўказ; аўтадарогі Нальчык—Уладзікаўказ, Ваенна-Грузінская і Ваенна-Асецінская дарогі. Аэрапорт у г. Уладзікаўказ. Газаправод Уладзікаўказ—Тбілісі. П.А.—А. — адзін з цэнтраў турызму і альпінізму. Курорты: Кармадон, Таміск, Цэй. Экспарт (1998) 85,6 млн.дол.: гарэлка, віно, крухмал, кансервы, прадукцыя машынабудавання: імпарт 56,2 млн.дол.: харч. прадукты, прылады, электратэхн. тавары, с.-г. машыны, паліва.
Культура. П.А.—А. развівалася ў рэчышчы агульнаасецінскай культуры. Вытокі яе літаратуры ў багатым фальклоры (Нарцкі эпас, казкі, казанні пра герояў-дарэдзанаў, прытчы, паданні, таурагі і інш.). У 1798 выдадзена першая кніга на асец. мове — «Кароткі катэхізіс». У 1860—70-я г. развівалася пераважна публіцыстыка. Найбуйнейшы прадстаўнік асец. л-ры 19 ст. і стваральнік літ. мовы — К.Хетагураў. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступілі паэты Б.Гурджыбекаў, С.Гадзіеў, А.Кубалаў, Нігер (І.Джанаеў), Г.Цаголаў і інш. Сярод заснавальнікаў нац. драматургіі і прозы Е.Брытаеў, Ц.Гадзіеў, Д.Кароеў, А.Кароеў, А.Такаеў і інш. У 1930—40-я г. плённа развівалася паэзія, асабліва паэма (Б.Бацыеў. Т.Епхіеў, М.Камбердзіеў, Нігер, Х.Пліеў і інш.). У канцы 1940-х — 50-я г. з’явіліся буйныя эпічныя творы (раманы Епхіева, Е.Бекоева, М.Гаглоева, Д.Джыоева, Д.Мамсурава, Е.Уруймагавай і інш.). Сярод буйнейшых літаратараў 2-й пал. 20 ст. А.Агузараў, Р.Асаеў, Г.Гагіеў, Гафез, Н.Джусойты, Г.Дзугаеў, С.Кайтаў, Г.Кайтукаў, С.Мерзоеў, Б.Муртазаў, Г.Пліеў, А.Царукаеў і інш.
На тэр. П.А.—А. захаваліся помнікі архітэктурыбронз. веку (кромлехі), мураваныя абарончыя збудаванні 8—9 ст., помнікі хрысціянскай архітэктуры 11—16 ст. (капліца ў с. Нузал, свяцілішча «Рэком»), мячэці і мінарэты 14 ст. У 14—18 ст. пашырылася буд-ва жылых, абарончых і вартавых вежаў, якія часам аб’ядноўваліся ў велічныя арх. ансамблі (с. Лісры). У 18—19 ст. паселішчы горных раёнаў мелі тэрасападобную арх.-прасторавую кампазіцыю, пераважалі 2-павярховыя шматпакаёвыя каменныя саклі з плоскім земляным дахам, на раўніне — прамавугольныя ў плане саманныя, пазней цагляныя дамы з паддашкам, крытыя дахоўкай. Пачалі ўзнікаць гарады (Маздок, Уладзікаўказ і інш.). У арх. стылях канца 19 — пач. 20 ст. пераважалі эклектыка і мадэрн. У адпаведнасці з генпланамі 1930—40-х г. пачалася рэканструкцыя гарадоў. У 2-й пал. 20 ст. пераважала комплексная забудова ў спалучэнні з азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый (арх. Т.Бугаева, А.Бтэміраў, Б.Дзахоеў і інш.). У 1936 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза архітэктараў Расіі.
Найб. даўнія помнікі мастацтва адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (посуд з чырвонай гліны). З бронз. веку захаваліся пасудзіны з адбіткамі шнура і штампаванымі ўзорамі, бронз. ўпрыгожанні. У 12—8 ст. да н.э. развівалася кабанская культура (чорнагліняныя пасудзіны з лінейным геам. узорам, бронз. сякеры з гравіраванымі выявамі і вырабы з элементамі «звярынага стылю»). У 10—13 ст.н.э. вылучалася мастацтва аланаў (кераміка, ювелірныя вырабы, арнаментаваныя тканіны і інш.). У 16—18 ст. узводзілі каменныя надмагільныя стэлы з высечанымі фігурамі людзей, жывёл, расл. і геам. арнаментам (стэлы некропаля каля с. Даргаўс — т.зв. Горад мёртвых). У 18—19 ст. развіваліся традыц. віды мастацтва: маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве і камені; у арнаментыцы пераважалі расл. ўзоры, салярныя (разеткі, зоркі) і зааморфныя (галовы ці рогі казла, барана) матывы. У канцы 19 ст. — 1-й пал. 20 ст. пад уплывам расійскага ўзнікла прафес. мастацтва (жывапісцы М.Кочатаў, К.Хетагураў, М.Туганаў, А.Хохаў, графікі С.Кусаў, Р.Хасіева, скульптары С.Тавасіеў, С.Ендзіеў і інш.). У 2-й пал. 20 ст. працавалі жывапісцы Ш.Бедоеў, У.Гасіеў, Ю.Дзантыеў, П.Зарон, Б.Калманаў, Э.Сакаеў, Б.Фідараў, графікі З.Абоеў, Ю.Бігаеў, А.Джанаеў, скульпт. Н.Балаева, Ч.Дзанагаў, М.Дзбоеў, С.Санакоеў, Б.Таціеў, Б.Санаеў і інш. У 1939 створаны Саюз мастакоў П.А.—А.
Вытокі асец. тэатра ў нар. гульнях і паказах. У 1871 заснаваны Рус.драм.т-р, які паўплываў на станаўленне нац. тэатра. У пач. 20 ст. наладжваліся аматарскія тэатр. паказы (у 1908 першы асец. спектакль ва Уладзікаўказе). У 1920-я г.вял. работу па развіцці самадзейнага т-ра праводзіў акцёр Б.Тотраў. У 1930 арганізаваны Т-р малых форм, дзе выступалі асец. акцёры. У 1935 у г. Арджанікідзе адкрыўся Паўн.-Асец. т-р (у 1959—72 працаваў як муз.-драм.). У рэпертуары п’есы асец. аўтараў, сусв. і рас. класікі, бел. драматургаў (А.Макаёнка і інш.). У 1944 створаны т-р лялек «Сабі» (рус. і асец. трупы). Сярод тэатр. дзеячаў: З.Брытаева, Дз.Маміеў, М.Саламаў, А.Туменава, У.Тхапсаеў, В.Хугаева, М.Цалікаў, М.Цыхіеў і інш.
Нар. музыка дыятанічная, рытмічна разнастайная, у ёй пашырана 2- і 3-галоссе. Асн. песенныя жанры: зарджыта (песні), каджыта (быліны), кафты зарджыта (танц. песні). З нар. танцаў — сімд, хонга кафт. Сярод муз. інструментаў — дала-фандыр, дуадастанон (шчыпковыя), кісын-фандыр (смыковы), карцганаг (ударны). Прафес. музыка развіваецца з 1920—30-х г. Дзейнічала Горская нар. кансерваторыя (1924—26), з 1938 Асец. ансамбль песні і танца. Ствараюцца апрацоўкі нар. песень і рамансы (А.Алікава, Т.Какойці, Я.Калеснікава, А.Таціева). З 1940-х г. засвойваліся новыя муз. жанры (ад вак. і інстр. мініяцюр да опер і балетаў, разгорнутых сімф. і кантатна-аратарыяльных твораў). У 1944 створаны Паўн.Асец. дзярж.сімф. аркестр. Сярод кампазітараў: І.Габараеў, А.Какойці, Н.Карніцкая, Л.Куліеў, Ж.Пліева, Х.Пліеў, З.Хабалава, Д.Хаханаў, Э.Цалагава, Р.Царыёнці, спевакоў — К.Суанаў, Т.Тагоева, А.Хасіева і інш. Працуюць: філармонія (з 1945), Харавое т-ва (з 1959), Муз.т-р (з 1972), муз. вучылішча і школы. У 1939 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.
Літ.:
История Северо-Осетинской АССР. (Т. 1—2] М.;
Орджоникидзе, 1959—66;
Тедтоев А.А. Северная Осетия в Великой Отечественной войне. Орджоникидзе, 1968;
Чибиров Л.А. Древнейшие пласты духовной культуры Осетии. Цхинвали, 1984;
Калоев Б.А. Осетины: (Ист.-этногр. исслед.). 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Материальная культура и прикладное искусство осетин. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСК,
горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс.ж. (1995).
Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.Радзівіла (гл.Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл.Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс.ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс.ж.
Хім.прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр.прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч.прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв.дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сцьбуд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.
Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у РасііБабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр.б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.
Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус.тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.Савіна і В.Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус.нар.т-р пад кіраўніцтвам А.Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж.рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн.муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-рмуз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл.Бабруйская кераміка). Помнікі: С.М.Халтурыну, В.З.Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял.Айч. Вайны.
Цэнтральная плошча ў Бабруйску.Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.Да арт.Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,
1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.
2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).
Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.І.Кутузаў, М.Б.Барклай дэ Толі, І.Ф.Паскевіч, І.І.Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.І.Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.В.Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.В.Давыдаў (1804—06), С.М.Ланской (1811—14, шэф палка), М.І.Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.Ф.Багавут (1795—97), М.В.Вуіч (1786—97), Я.І.Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.І.Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.Дз.Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.П.Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.В.Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.А.Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.І.Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.А.Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.П.Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.А.Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.Б.Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.В.Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.
25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знак Ваен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.—кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.
У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.А.Арцём’еў, І.М.Богдан, С.П.Богдан, Дз.М.Васільеў, К.А.Вышнікаў, С.А.Гавяза, А.К.Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.Я.Гудкоў, М.А.Дубовік, І.Я.Ждановіч, П.В.Заблоцкі, М.І.Здановіч, А.Дз.Казачонак, С.Дз.Казачонак, П.І.Казятнікаў, Д.В.Канопка, І.І.Коўкель, П.В.Леанкоў, А.П.Лешчык, Я.І.Новікаў, В.Л.Раловец, Л.А.Сільвановіч, І.Ф.Фамін, І.М.Чахоўскі, А.А.Шугаеў, Н.М.Ярома і інш.
Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял.Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.
Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г.Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.
Літ.:
Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;
Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАЗНА́ЎСТВА,
навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы),
прадметы для абсталявання інтэр’ераў і адкрытых прастораў, стварэння камфортных умоў для працы і адпачынку; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага канструявання. Тыпалагічна падзяляецца паводле эксплуатацыйных прыкмет (для жылля, грамадскіх будынкаў, гар. асяроддзя, трансп. сродкаў), функцыян. прызначэння (для сядзення, ляжання, корпусная, функцыян. плоскасці, камбінаваная), канструктыўных асаблівасцей (рухомая, убудаваная, навясная), узроставых катэгорый насельніцтва, тыпаў грамадскіх будынкаў (універсальная, шматфункцыянальная). У ліку асн. патрабаванняў да М. — трываласць, эксплуатацыйная надзейнасць, модульная камбінаторнасць формаўтварэння, трансфармаванасць, тэхналагічнасць апрацоўкі і аздаблення паверхняў, эстэтычнасць дызайнерскага вырашэння (вобразная выразнасць, улік нац. традыцый і сац.гіст. -заканамернасцей, сінтэз мастацтва М. і архітэктуры, індывід. праява асобы аўтара ці заказчыка, рацыянальнасць формы, адпаведнасць модзе, колеравае вырашэнне). М. адлюстроўвае сац.-быт. ўклад насельніцтва, яго эстэт. ідэалы і нац. традыцыі, разам з аб’ёмна-арх. вырашэннем утварае стылявыя асаблівасці асяроддзя. У ліку маст. сродкаў М. — канстр. і аддзелачныя матэрыялы (дрэва, метал, пластмасы, скура, мэблева-дэкар. тканіны), фактура, тэкстура, колер.
З часоў Стараж. Егіпта вядомы табурэты, куфры, троны. ложа з разьбой і рэльефнымі ўстаўкамі. Ант. драўляная і бронзавая М. вылучалася яснасцю форм, спалучэннем прамых і выгнутых брусоў (стулы, ложкі, нізкія сталы, крэслы з геам. арнаментам і «звярынымі» матывамі). Сярэдневяковай М. ўласцівы масіўныя, трывалыя формы крэслаў, шафаў, ложкаў, сталоў, упрыгожаных арх. разьбой (аркі, нервюры), геам. і расл. арнаментам. Для стараж.-рус. М. характэрны лаканічныя па формах лавы, куфры, сталы, табурэты з разнастайнай разьбой і размалёўкай. Арыгінальныя формы нізкай, часта выгнутай М. з паліраванага дрэва, лаку склаліся ў краінах Азіі. У эпоху Адраджэння зацвярджаецца М. з рамна-філянговай канструкцыяй, якая будавалася паводле ордэрнай архітэктуры, арганічна ўваходзіла ў грамадскі і жылы інтэр’ер. Двух’ярусныя шафы, кабінеты са скрынкамі на падстоллі, касапанкі (куфры са спінкай і падлакотнікамі для сядзення), касоне (куфры-скрынкі, упрыгожаныя пазалотай, размалёўкай і інш), ложкі з балдахінамі, крэслы, упрыгожаныя арх. матывамі, жывапісам, рэльефамі; арнаментальная або выяўл.інтарсія звязвала М. з архітэктурай інтэр’ера. Парадная М. барока, ракако, класіцызму, ампіру з каштоўнай фанероўкай, разьбой, пазалотай маркетры, бронз. накладкамі, літымі дэталямі (сталы, шафы, буфеты, кабінеты, сакратэры, стулы, крэслы, канапы) утварала гарнітуры стацыянарных і перасоўных прадметаў. У ліку майстроў, якія стваралі свой стыль М.: сям’я Жакоб, А.Ш.Буль, Ж.А.Рызенер, Д.Ронтген (Францыя), Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан (Вялікабрытанія). У Расіі М. часта стваралі архітэктары В.В.Растрэлі, Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.Вараніхін, К.Росі. М. ракако і бідэрмеера, англ. і галандская М. 17—18 ст. імкнулася да камфортнасці, зручнасці, што парушала традыц. яе сувязь з палацавымі рытуаламі. У 19 ст. поруч з эклектычнай М. у гіст. стылях з’явіліся новыя тыпы масавай практычнай М. (гнуткая «венская» М). Стыль мадэрн на мяжы 19—20 ст. увёў цякучыя лініі, вытанчаную фактуру (інкрустацыя шклом і керамікай, накладкі з паліраванага металу) і садзейнічаў аблягчэнню М., утварэнню новых рацыянальных форм (Х. ван дэ Велдэ ў Бельгіі, Ч.Р.Макінташ у Шатландыі). Пашырэнне ў 20 ст. функцыяналізму спрыяла пошукам лаканічных форм і яснай тэктонікі М., выкарыстанню новых матэрыялаў (стальныя трубы і палосы, клееная драўніна), распрацоўцы ўбудаванай, секцыйнай, зборна-разборнай і трансфармаванай М. для жылых пакояў, кухняў, кантор, банкаў, школ і інш. дызайнерскія метады яе праектавання. М. распрацоўвалі вербунды, Баўгауз, Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве, буйнейшыя архітэктары (Ле Карбюзье, В.Гропіус, М.Броер, Л.Міс ван дэр Роэ, А.Родчанка, Л.Лісіцкі, У.Татлін і інш.). Развіццё арганічнай архітэктуры, вывучэнне нац. традыцый стымулявалі распрацоўку ўзораў найб. простай, зручнай М., якая адпавядала мясц. умовам (Ф.Л.Райт у ЗША, А.Аалта ў Фінляндыі, А.Якабсен у Даніі). Асн. канструкцыйна-маст. асаблівасці сучаснай М. — макс. зручнасць, функцыянальнасць, прастата, часам эклектычнасць. У многіх мясцовасцях (Паволжа, Прыкарпацце, паўд. Польшча. Брэтань) захоўваюцца нар. традыцыі вытв-сці і ўпрыгожання М.
На Беларусі нешматлікія і простыя прадметы абсталявання жылля феад. эпохі выконвалі чыста утылітарныя функцыі (услон, тапчан, ёмістасці для захоўвання быт. рэчаў, калыска, лава, паліца, палок і інш.). М. рабілі самі гаспадары ці мясц. майстры-саматужнікі. У 14—16 ст. М. палацаў і замкаў вызначалася масіўнасцю, прастатой прысадзістых форм. У аздабленні былі пашыраны нізкарэльефная разьба геам. і расл. характару, таніроўка ў цёмна-карычневы колер, паліраванне, акоўка. У 17—18 ст. пад уплывам барока М. набыла больш вытанчаныя формы, Яе аздаблялі высокарэльефнай і ажурнай разьбой расл. характару, размалёўкай. У многіх бел. гарадах працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й пал. 17 ст.бел. разьбяры і майстры-мэбельшчыкі Д.Паўлаў, П.Тарасаў, І.Дракула, К.Міхайлаў і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, абіўкай аксамітам, акоўкай. З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор М. сталі больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, метал. літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў, звярыных лап і інш. Нярэдка М. аздаблялі інкрустацыяй і мазаікай. Была пашырана садова-паркавая чыгунная М., зробленая на чыгуналіцейных з-дах. М. небагатых сядзіб і гар. жылля вызначалася большай прастатой, часта фарбавалася ў адзін колер (часцей у зялёны). У канцы 19 ст.нар. М. стала больш разнастайнай, пашырыліся сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, падвясныя паліцы, шафкі для посуду. Аздаблялі М. такарнымі накладкамі, прапілоўкай, размалёўкай і інш. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая ф-ка, у Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку, в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. выраблялі М., плеценую з лазы, характар дэкору якой у канцы 19 — пач. 20 ст. вызначаўся рысамі стылю мадэрн. У 1920—30-я г. з’явілася секцыйная, камбінаваная, спецыялізаваная М. У 1950—60-я г. самаробная М. практычна выйшла з ужытку. Прадпрыемствы мэблевай прамысловасці ствараюць масавыя камплекты і унікальныя гарнітуры паводле матываў традыц.нар.М., узораў вядучых мэблевых фірм свету. Спецыялістаў па маст. праектаванні і канструяванні мэблі рыхтуюць Бел.АМ і Бел.тэхнал.ун-т. Сярод вядучых спецыялістаў у галіне дызайну М. — І.Харламаў, У.Макарэвіч, У.Гераўкер і інш.
Літ.:
Кес Д. Стили мебели. Будапешт, 1979;
Мигаль С.П. Основы проектирования мебели. Львов, 1989;
Да арт.Мэбля. А.Ш.Буль. Шафа. 2-я пал. 17 ст. Францыя.Да арт.Мэбля. Д.Ронтген. Вялікае бюро. 1783.Да арт.Мэбля. Куфар з в. Мокрая Дуброва Пінскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Мэбля. Крэсла. Пач. 20 ст. Майстар Хмель з г.п. Мір Гродзенскай вобл.Да арт.Мэбля. Г.Голейн. Канапа «Мэрылін». 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.
1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл.Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв.гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт.Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш.сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт.Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім.прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г.БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.
Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.
Літ.:
Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;
Многонациональное советское государство. М., 1972;
В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;
Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;