БАРА́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1919—40. Утвораны 6.2.1919 у складзе Мінскай губ. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 3497 км², нас. 124,2 тыс. чал. (1922). Уключаў 6 валасцей (Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамышская, Сталовіцкая), у 1920 увайшлі яшчэ 4 воласці (Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская). З сак. 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяв., падзяляўся на гміны (б. воласці). З ліст. 1939 Баранавіцкі павет у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобласці, дзе ў студз. 1940 на тэр. паветаў утвораны раёны.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,

заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.

Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.

Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.

т. 4, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАЎ (Васіль Аляксандравіч) (12.4.1921, г. Віцебск — 10.6.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Омскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага разведвальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. вызначыўся 2.11.1944 у час палёту над Усх. Прусіяй: з падбітага самалёта паранены сфатаграфаваў паласу абароны праціўніка. За час вайны зрабіў 226 баявых вылетаў, удзельнічаў у 16 паветр. баях з варожымі знішчальнікамі. Да 1961 у Сав. Арміі.

В.А.Дзямідаў.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САРАЎ (Аляксандр Васілевіч) (14.11. 1903, Масква — 23.2.1939),

дзеяч камуніст. маладзёжнага руху ў СССР. Ва Усесаюзным Ленінскім Камуністычным Саюзе Моладзі (ВЛКСМ) з 1918, адначасова чл. ВКЛ(б) з 1919 і яе ЦК з 1934. Удзельнік грамадз. вайны 1918—22, пазней на кіруючых пасадах у апараце камсамола ў Маскве і інш. гарадах. З 1927 сакратар, з сак. 1929 да ліст. 1938 ген. сакратар ЦК ВЛКСМ. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Літ.:

Грехов В.Н. Расправа с руководством комсомола в 1937—1938 гг. // Вопр. истории. 1990. № 11.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНКО́ВІЧ (Сцяпан Сцяпанавіч) (13.5. 1905, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1929 на сав. і гасп. рабоце, з 1939 сакратар Бягомльскага райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага, з сак. 1942 у партызанах, камісар атрада, у вер. 1942—снеж. 1943 — партыз. брыгады «Жалязняк», адначасова сакратар Бягомльскага падп. райкома КП(б)Б. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце. На радзіме перад школай пастаўлены бюст.

С.С.Манковіч.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (15.6.1913, г. Уржум Кіраўскай вобл., Расія — сак. 1945),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1933 адначасова выкладчык Мінскага муз. вучылішча і дырыжор Т-ра юнага гледача. З 1937 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы, Бел. кансерваторыі, з 1941 у Свярдлоўскім муз. вучылішчы. Аўтар вак.-сімф. паэмы «Сценька Разін» (1937), сімфоніі (1934), цыклаў фп. П’ес, больш як 20 рамансаў на вершы бел. паэтаў, хароў, апрацовак бел. нар. мелодый; музыкі да драм. спектакляў. Загінуў на фронце.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Андрэй Мінавіч) (2.10.1906, в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобласці — 18.11.1976),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну партызан, з чэрв. 1944 на фронце, сапёр. Вызначыўся ў 1945: у студз. ў час прарыву варожай абароны зняў 42 міны, у лютым пераправіў цераз Одэр 400 скрынак боепрыпасаў, 1,5 т прадуктаў; у сак. з групай байцоў зрабіў 2 праходы ў мінных палях, зняў 150 мін; у крас. зрабіў праходы ў мінных палях, размініраваў шашу, узначаліў групу па буд-ве моста цераз канал, чым забяспечыў паспяховы праход сав. тэхнікі.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСДГ),

Грамада, партыя сацыял-дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1991. Працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. БСДГ заяўляе, што яна левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтнымі кірункамі сваёй дзейнасці прапаганду і абарону агульначалавечых каштоўнасцяў, ідэалаў сацыял-дэмакратыі, сац. абарону чалавека працы. Мэта яе дзейнасці — пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сац. бел. дзяржавы як раўнапраўнага суб’екта еўрап. і сусв. супольнасці. Філіі і суполкі БСДГ дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах і многіх гарадах Беларусі.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)